Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня будзе пікетаў — будуць суды


Заяўнікі пікетаў «За сумленныя выбары без Лукашэнкі» будуць абскарджваць забарону ў судах.

Пра гэта 17 траўня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. Паводле яго, улады ў розных рэгіёнах Беларусі не задаволілі ніводнай са 115 індывідуальных і калектыўных заявак на пікеты.

Менавіта з пікетаў плянавалі актывісты АГП пачаць кампанію «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». Мэта пікетаў — прыцягнуць увагу насельніцтва да таго, што ў Беларусі няма свабодных і сумленных выбараў. Аднак ніводную іхную заяўку мясцовыя ўлады не задаволілі.

«Цяпер застаюцца спадзяваньні на суд» — гаворыць намесьнік старшыні партыі Васіль Палякоў:

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў
«Калі мы пісалі заявы на пікеты, то ўказвалі, што падаем іх на падставе артыкула 21 міжнароднага Пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах і на падставе Канстытуцыі Беларусі. І менавіта з пункту гледжаньня міжнароднага права і будзем пісаць скаргі ў суды, каб потым можна было зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН».

Найхутчэй, суд не задаволіць гэтыя скаргі, лічыць дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў
«Цяжка чакаць, што да таго, як пачалася афіцыйная агітацыйная перадвыбарчая кампанія, будзе дазволеная актыўная дзейнасьць вулічнага характару. Яна не дазвалялася раней. І няма ніякіх падставаў меркаваць, што яны будуць дазволеныя зараз. Гэта толькі яшчэ раз характарызуе той стан палітычнай сытуацыі, якая цяпер ёсьць у Беларусі.

І таму, ведаючы пра гэта, цяжка сказаць, на што, акрамя інфармацыйнага эфэкту, разьлічвала, пачынаючы сваю выбарчую кампанію, кіраўніцтва АГП. Бо, натуральна, такія дзеяньні ўладаў па забароне пікетаў можна было прагназаваць. І калі ўся стратэгія АГП толькі ў тым, каб празь пікеты і суды прыцягнуць увагу да партыі, то і гэта мае пэўны сэнс. Але калі разглядаць такую стратэгію як сур’ёзныя палітычныя дзеяньні, то тады ўсё выглядае занадта наіўна».

Празь лякальныя рэгіянальныя кампаніі спрабуюць кантактаваць з выбарцамі актывісты Партыі БНФ — тлумачыць старшыня партыі Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Улады імкнуцца зрабіць пэўныя абмежаваньні. Па-рознаму ўсё гэта адбываецца. Дзе-нідзе ўлады забараняюць. А ў некаторых рэгіёнах кампаніі працягваюцца і нешта атрымліваецца.

Што тычыцца цэнтральнага партыйнага офісу, то мы зараз працуем над канчатковым варыянтам пасланьня, якое кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ будуць даносіць да людзей. На бліжэйшым сойме, які адбудзецца 19 траўня, я думаю, мы агучым некаторыя прозьвішчы людзей, якія абвясьцілі пра сваю гатоўнасьць быць вылучанымі ад нашай партыі. Пацьвердзім, што гэтым асобам сойм давярае. Хоць фармальнае вылучэньне будзем рабіць на партыйным зьезьдзе, ужо пасьля таго, як выбары будуць афіцыйна абвешчаныя».

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сказала «Свабодзе», што чакае прэзыдэнцкага ўказу аб правядзеньні выбараў у Нацыянальны сход у чэрвені. Самі выбары павінны адбыцца ў верасьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG