пятніца, 25 красавіка 2014, Менск 08:26

УСЕ НАВІНЫ / Грамадзтва

Зьбілі і асудзілі

11 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску працягваўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць грамадзкага актывіста Ігара Трухановіча. Судзьдзя аштрафавала яго на 10 базавых — 1 мільён рублёў.

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Ігара разам зь іншымі гледачамі затрымалі на канцэрце ў падтрымку ініцыятывы «Ежа замест бомбаў», які праходзіў у Доме культуры трактарнага заводу 24 сакавіка. Міліцыянты моцна зьбілі Ігара і зьвінавацілі яго ў дробным хуліганстве. Разгляд справы распачаўся яшчэ 11 красавіка і некалькі разоў пераносіўся.

Пасьля затрыманьня 24 сакавіка Трухановіча шпіталізавалі ў бальніцу хуткай дапамогі, дзе яму быў пастаўлены дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені цяжкасьці і страсеньне мозгу.

«Уварваліся амапаўцы, і адзін зь іх рукой у мэталічнай пальчатцы ўдарыў у вока, і ў выніку я яшчэ ўдарыўся патыліцай. Ніякіх тлумачэньняў не давалі, чаму мы затрыманыя. Проста вывелі, закінулі ў аўтобус і павезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе мы стаялі з рукамі на галаве цягам прыкладна дзьвюх гадзін. Пасьля завялі ў будынак РУУС, дзе патрабавалі тлумачэньняў па нейкай незразумелай справе. Супрацоўнікі міліцыі пачалі мяне зьбіваць, паставілі на калені, білі галавой аб сьцяну».
Супрацоўнікі міліцыі пачалі мяне зьбіваць, паставілі на калені, білі галавой аб сьцяну.

Ігар распавядае, што пад фізычным ціскам пагадзіўся падпісаць пратакол. Актывіст кажа, што на пытаньне, чаму ня ўсе ягоныя рэчы былі занесеныя ў пратакол вобшуку, міліцыянт падскочыў і даў яму па галаве.

«У гэты ж момант да яго падбеглі яшчэ двое супрацоўнікаў міліцыі і пачалі мяне зьбіваць калектыўна. У далейшым пры складаньні пратаколу, калі я задаваў пытаньне, міліцыянт Голуб альбо біў мяне па твары далоньню, альбо казаў — маўляў, яшчэ атрымаеш, дададуць. Мяне адвезьлі на Акрэсьціна. У мяне пагоршыўся стан здароўя, бо мяне ўдарылі ў доме культуры, у мяне было разьбіта брыво, балела галава. Мяне ванітавала ў будынку РУУС, аднак там мне не хацелі аказваць мэдычную дапамогу».

Хуткую дапамогу хлопцу выклікалі толькі ў турме на Акрэсьціна. Лекары сказалі, што Ігара трэба шпіталізаваць. Міліцыянты даставілі хлопца зноў у пастарунак, а адтуль у лякарню.

«У лякарні мне паставілі дыягназ „закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, страсеньне галаўнога мозгу, кантузія першай ступені“. Да гэтага ў мяне яшчэ знайшлі кроў у мачы, што сьведчыць аб праблемах з ныркамі ў выніку зьбіцьця супрацоўнікамі міліцыі.Таксама ў мяне было некалькі гематомаў на целе ад дубінак, ад ног і кулакоў, што было зафіксавана ў мэдычнай карце».
Да гэтага ў мяне яшчэ знайшлі кроў у мачы, што сьведчыць аб праблемах з ныркамі ў выніку зьбіцьця супрацоўнікамі міліцыі.

Ігар Трухановіч знаходзіўся ў лякарні трое сутак, а потым лячэньне працягвалася ў стацыянары — усяго тры з паловай тыдні. Пасьля чаго пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы. Сёньня ў судзе дапыталі міліцыянтаў, якія цьвердзілі, што Ігар у пастарунку нібыта груба парушаў грамадзкі парадак — размахваў рукамі, лаяўся. У судзе выявіліся супярэчнасьці ў паказаньнях. Міліцыянты казалі, што яны нібыта нікога ня білі. Адвакат Ігара Трухановіча заявіў, што віна ягонага падабароннага не даказаная і суд павінен вынесьці пастанову аб спыненьні справы.

Праваабаронца Наста Лойка адзначыла, што па затрыманьнях 24 сакавіка падавалася вельмі шмат скаргаў на дзеяньні міліцыянтаў, у тым ліку па факце зьбіцьця Ігара Трухановіча, якія разглядалі сьледчыя камітэты Партызанскага і Цэнтральнага раёнаў:

«Сьледчы камітэт Партызанскага раёну вельмі хутка адпісаўся, што ніякіх парушэньняў ня выяўлена і што гэта людзі падаюць, каб пазьбегнуць адміністратыўнай адказнасьці. А сьледчы камітэт Цэнтральнага раёну працягвае праверку, наколькі мне вядома, яна будзе перададзена ў гарадзкі сьледчы камітэт. Яны так і ня ведаюць, як напісаць, бо ёсьць паказаньні супрацоўнікаў міліцыі ў судзе і факты мэдычных аглядаў, якія пацьвярджаюць парушэньне з боку супрацоўнікаў міліцыі. Яны будуць вымушаныя неяк рэагаваць. І, відаць, ня могуць прыдумаць, што адпісаць».

Нягледзячы на тое, што праверка працягваецца, судзьдзя Цэнтральнага раёну вырашыла вынесьці рашэньне па справе Ігара Трухановіча. Паводле Насты Лойкі, гэта сьведчыць пра фармальны падыход да справы і нейкае прадпісаньне зьверху, што чалавека трэба судзіць:

«Апошнім часам вельмі дрэнная тэндэнцыя таго, што супрацоўнікі міліцыі беспадстаўна ўрываюцца ў нейкія месцы, дзе проста зьбіраюцца актыўныя людзі ці звычайныя грамадзяне, затрымліваюць, робяць супрацьпраўныя дзеяньні адносна іх і потым застаюцца беспакаранымі. Проста спрабуюць здушыць любую грамадзкую актыўнасьць і выкарыстоўваюць усе гэтыя адміністратыўныя рэсурсы».

24 сакавіка міліцыя затрымала больш за 100 гледачоў канцэрту ў падтрымку ініцыятывы «Ежа замест бомбаў». Большасьць адпусьцілі без складаньня пратаколаў пасьля тлумачэньняў, узяцьця адбіткаў пальцаў, фота- і відэаздымак.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Ананім
11.05.2012 18:34
cуд ніколі не аспрэчыць паказанні міліцыі і гэта норма?

Імя:: Оптимист
11.05.2012 19:05
Дёшево отделался, повезло!

Імя:: лялька Горад:: менск
12.05.2012 02:08
зь ментамі трэба распраўляцца іхніміж мэтадамі. Хлопцы, даволі скуліць. Час паказаць свае зубы!

Імя:: Бенедзікт
12.05.2012 11:42

Ініцыятыва арганізацыі "Ежа замест бомбаў" - звычайная КГБ-шная правакацыя, з мэтаю вызначыць неабыякавую моладзь, якаую лёгка справакаваць на быццам бы шляхетную справу.
Былі ўжо такія падобныя арганізацыі, кшталту "Зубры" дзе як паказалі падзеі - усё было пад кантролем КГБ.

Пацыфіская "Ежа замест бомбаў" мала таго, што пад кантролем сьпецслужбаў, дык дасьведчаным людзям нагадвае пра тое, што менавіта пацыфізм прывёў да Першай і да Другой сусьветных войнаў...

Шкадую моладзь, якая так лёгка паддаецца на КГБ-шныя правакацыі, з рознымі арганізацыямі, створанымі чэкістамі.
Відэа