чацьвер, 24 красавіка 2014, Менск 01:32

Блогі / Валер Карбалевіч

Прыхаваны кукіш

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Размовы пра магчымы продаж Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» расейскаму «Аэрафлоту» актуалізавалі тэму прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў кампаніямі РФ. На нашых вачах разгортваецца зьлёгку прыхаваны канфлікт, які пачынае выходзіць на паверхню.

Як вядома, Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС (а фактычна Расея) выдзяляе Беларусі крэдыты ў памеры $3 млрд цягам трох гадоў. Выдзяляе на пэўных умовах, якія беларускі бок абавязаўся выканаць, гэта замацавана адпаведным пагадненьнем. Адна з такіх умоваў – продаж кожны год дзяржаўных прадпрыемстваў на суму ня менш як $2,5 млрд. За тры гады павінна выйсьці $7,5 млрд. Летась улады Беларусі гэтую ўмову выканалі, прадаўшы за $2,5 млрд «Белтрансгаз». І атрымалі $1,2 млрд крэдытаў.

Першы транш гэтага году ў памеры $400 млн павінен быў прыйсьці да канца лютага. Ужо пачатак траўня, а грошай няма. Афіцыйныя прадстаўнікі Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС тлумачаць гэта найперш тым, што Беларусь не выконвае ўмовы па скарачэньні фінансаваньня дзяржпраграм. Аднак кіраўніца Нацбанку ў адным інтэрвію абмовілася, што адно з важных патрабаваньняў фонду – прыватызацыя.

Урад Беларусі, у адпаведнасьці з умовамі пагадненьня з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС, распрацаваў плян – сьпіс прадпрыемстваў, якія падлягаюць прыватызацыі. Заставалася, як усе лічылі, пустая фармальнасьць, прэзыдэнцкае ўхваленьне.

І вось тут здарылася нечаканасьць. Лукашэнка адрынуў сьпіс прадпрыемстваў для продажу. Гэтаму спадарожнічалі гучныя заявы наконт таго, што ў Беларусі ня будзе прыватызацыі дзеля жаданьняў нейкіх замежных суб’ектаў: «Калі вы хочаце спадабацца Міжнароднаму валютнаму фонду, Эўрапейскаму Зьвязу, Амэрыцы, Расеі ці яшчэ камусьці, абвясьціўшы, што мы прадаем штосьці, тады не са мною і не пры мне».

Лукашэнка заявіў, што ніякія сьпісы для прыватызацыі не патрэбныя, мы можам прадаць любое прадпрыемства, калі знойдзецца інвэстар, які заплаціць за яго прызначаную намі суму. Здавалася б, якая розьніца?

Справа ў тым, што калі існуе плян прыватызацыі, то ў адпаведнасьці з графікам ладзяцца аўкцыёны; суб’екты гаспадараньня, якія значацца ў сьпісе, выстаўляюцца на продаж; прыватызацыйны мэханізм так ці інакш пачынае круціцца. І зусім іншая справа – сядзець і чакаць, калі зьявіцца нейкі мітычны інвэстар, які павінен прыйсьці і купіць прадпрыемства па завышанай цане, ды яшчэ выканаць, як любіць казаць Лукашэнка, 25 умоваў. Ахвотных сярод замежных бізнэсоўцаў і дасюль было няшмат. Ня думаю, што іх колькасьць павялічыцца пасьля ўвядзеньня ЭЗ кропкавых эканамічных санкцыяў.

Можна ўзгадаць і яшчэ адзін паказальны факт. Прэс-служба прэзыдэнта, тлумачачы перанос выступу Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем, адзначае, што, нібыта, у падрыхтаваным варыянце выступу былі няправільна расстаўлены акцэнты. У заяве гаворыцца пра «недапушчальнасьць залішне лібэральнага падыходу пры продажы дзяржаўнай уласнасьці, катэгарычную непрымальнасьць так званай агульнай прыватызацыі». А хто патрабуе паскарэньня прыватызацыі?

Інакш кажучы, Лукашэнка прыпыніў прыватызацыю, дэзавуяваў падпісаныя беларускім бокам абавязаньні перад Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС. Гэта такі зьлёгку прыхаваны кукіш у бок Масквы. А калі казаць проста, то чарговае «кідалава».

Чаму Лукашэнка так асьмялеў? Год таму Беларусь была ў цяжкім крызысе, сытуацыю маглі ўратаваць замежныя крэдыты, улады баяліся сацыяльных забурэньняў. Да таго ж было падвешанае пытаньне пра нафтавыя і газавыя пагадненьні на наступныя гады. Таму кіраўнік Беларусі гатовы быў падпісаць усё што заўгодна.

Сёлета эканамічная сытуацыя палепшылася, абменны курс рубля стабілізаваўся, замежнагандлёвае сальда станоўчае, інфляцыя невялікая. Патрэба вонкавых крэдытаў не крытычная. Выгадныя для Беларусі пагадненьні па нафце і газе заключаныя на 3–4 гады наперад. Таму Лукашэнка, як звычайна, усё адкруціў назад. Пачакае інаўгурацыі Пуціна і паглядзіць, як на гэта зрэагуе новы-стары кіраўнік Расеі. І, на ўсялякі выпадак, спрабуе навесьці масты на Захад, вызваліўшы двух палітвязьняў. Карацей, усё як звычайна.

03.05.2012
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: ladzia
10.05.2012 23:27
маскву кінуць ня грэх

Імя:: Навак Горад:: Вiцебск
11.05.2012 13:36
"- Халяўшчык ты, Лёнька! Боўдзіла!
- Я не халяўшчык. Я партнэр!"
Відэа