субота, 19 красавіка 2014, Менск 04:50

Блогі / Ян Максімюк

Беларусаў замазалі

Здымак з газэты "Kurier Poranny"
Здымак з газэты "Kurier Poranny"
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
На мінулым тыдні нехта замазаў зялёнай фарбай 12 дзьвюхмоўных дарожных знакаў ў гміне Орля на Падляшшы. Замазаныя былі толькі кірылічныя назвы, якія знаходзіліся пад польскімі. Паліцыя шукае вінаватых. Дарожныя знакі пачысьцілі адразу пасьля таго, як быў выяўлены гэты акт вандалізму.

Польскі закон «Аб нацыянальных і этнічных меншасьцях ды рэгіянальнай мове» з 2005 году дазваляе нацыянальным меншасьцям у тых гмінах, дзе яны складаюць ня менш за 20 адсоткаў насельніцтва, карыстацца мовай меншасьці як «дапаможнай» у кантактах зь мясцовымі ўладамі ды зьмяшчаць на дарожных знаках з назвамі мясцовасьцяў традыцыйныя назвы, побач з польскімі. Каб гэтыя рэчы аформіць, патрэбна адпаведнае рашэньне гміннай рады, якое зацьвярджаецца Міністэрствам унутраных справаў. Выраб і выстаўленьне дзьвюхмоўных знакаў фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту.

Беларускім актывістам удалося пакуль намовіць толькі дэпутатаў гміннай рады ў Орлі, каб яны справілі сабе такія дзьвюхмоўныя дарожныя паказальнікі (паводле перапісу 2002 году, у гміне Орля амаль 69% насельніцтва складаюць беларусы). Па закону, дзьвюхмоўныя знакі можна было б паставіць на Падляшшы ў дзесяці вясковых гмінах і дзьвюх гарадзкіх (Бельск і Гайнаўка), калі б мясцовыя дэпутаты прынялі адпаведныя рашэньні. Але ці прымуць?

Замаляваньне такіх знакаў у гміне Орля — гэта, хутчэй за ўсё, аргумэнт супраць іх выстаўленьня для беларускіх дэпутатаў у іншых падляскіх гмінах. Навошта, як той казаў, яшчэ мацней падаграваць абстаноўку?

Незалежна ад таго, хто ўчыніў гэты вандалізм — мясцовыя неарганізаваныя хуліганы ці нейкая нацыяналістычная і правая групоўка, якім цяпер у Польшчы і ліку няма — то падляскія беларусы і так будуць думаць, што гэта зрабілі «палякі», якія ня любяць «рускіх» і «праваслаўных».

Пытаньне ня менш важнае пры нагодзе гэтага інцэдэнту — а што думаюць самыя палякі пра такія выбрыкі ў адносінах да нацменшасьцяў? Ня так даўно дзьвюхмоўныя дарожныя паказальнікі былі замаляваныя і ў гміне Пуньск на поўначы падляскага ваяводзтва, дзе жывуць літоўцы (то бок, ня «рускія» і не «праваслаўныя»).

Дарэчы, літоўцы пасьля таго, як ім замазалі іх назвы на дарожных знаках, зьнялі тыя паказальнікі наогул. У гэткай форме яны заявілі свой пратэст супраць штораз больш выразнай у грамадзтве хвалі нецярпімасьці да нацменшасьцяў.

Пэўны погляд на тое, што могуць думаць палякі пра дзьвюхмоўныя назвы мясцовасьцяў у Польшчы, даюць камэнтары пад паведамленьнем аб замаляваньні знакаў у гміне Орля ў беластоцкай газэце «Кур’ер Поранны».

Дыскутантаў, якія на форуме беластоцкай газэты спрабавалі знайсьці нейкае апраўданьне ці, лепш сказаць, «рацыяналізацыю» для гэтага вандалізму, можна збольшага падзяліць на тры групы.

У першай групе знаходзяцца тыя, якія адкрыта сьцябаюцца з усёй сытуацыі. А што, маўляў, беларусы не маглі патрапіць дахаты, калі ім замалявалі кірылічныя назвы і пакінулі толькі польскія? Яны і да гэтай пары ня вывучылі польскую мову?

Другая група імкнецца знайсьці для інцыдэнту «палітычную рацыяналізацыю»: а чаму ж гэта Польшча мае выстаўляць беларусам ці літоўцам паказальнікі на іхных мовах, калі ні Беларусь, ні Літва не выстаўляюць такіх знакаў сваім палякам на польскай мове?

Да трэцяй групы належаць тыя, якія лічаць, што Польшча — гэта краіна для палякаў, і ніякімі меншасьцямі ня трэба дурыць сабе галавы ні, тым больш, даваць ім такія прывілеі, як дзьвюхмоўныя дарожныя знакі ці шыльды. Тое, што адбываецца ў краіне цяпер, паводле гэтых «радыкальных патрыётаў», зьяўляецца вынікам кіраваньня Грамадзянскай плятформы, у якой насамрэч за ніткі цягаюць варожыя Польшчы эўрапейскія цёмныя сілы. Вось прыйдзе да ўлады Права і справядлівасьць, тады і навядуць парадак з усімі гэтымі «рускімі», «хахламі» і «жыдамі»...

Першую са згаданых групаў можна альбо адукаваць альбо проста праігнараваць. З трэцяй, якая ходзіць пад сваімі чорнымі штандарамі па вуліцах і заяўляе , што «Польшча — для палякаў», разьбірацца трэба польскай паліцыі і польскім палітыкам.

А вось найбольш складана з другой групай. Ім можна паспрабаваць нешта растлумачыць. Калі, зразумела, вы ведаеце, як растлумачыць, чаму ў Літве і Беларусі ўвогуле няма такіх дзьвюхмоўных дарожных знакаў, або чаму ў польскай школе ў Горадні ўводзяць клясы з расейскай мовай навучаньня.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Бенедзікт
07.05.2012 21:22

"Вось прыйдзе да ўлады Права і справядлівасьць, тады і навядуць парадак з усімі гэтымі «рускімі», «хахламі» і «жыдамі»..."
--------------------------------
Замазалі не беларусаў - замазаліся тыя хто хворы на ксэнафобію.
А такія ёсьць у любой краіне, толькі не ў кожнай краіне гэтая публіка мае такія магчымасьці, як у Польшчы, у часы кіраваньня либералаў.

Ведаеце, паважаны спадар Максімюк,
спасылацца на люмпен, які распяразаўся і верзьне пра Права і справядлівасьць, свае прымітыўныя ўяўленьні - не вельмі прыгожа, нават калі Вам так не падабаюцца кансэрватары.

Тое, што ліберал Дональд Туск належыць да нацыянальнай меншасьці - кашубаў, ня ёсьць сьведчаньнем ягоных дэмакратычных перакананьняў.
Найлепшыя сьведчаньні перакананьняў палітыка - ягоныя дзеяньні. Вось падобныя дзеяньні - беспакаранай ксэнафобіі да беларусаў, - ёсьць адзін з паказьнікаў палітыкі ліберальнага ўрада Туска.
Адказаць

Імя:: Вінцэнт Горад:: Вінцэнт
08.05.2012 08:28
А мне, паважаны Бенедзікт, гэта напомніла прыняцце Канстытуцыі 1791 года (менавіта як УНІТАРНАЙ дзяржавы), пасля чаго Рэч Паспалітая вельмі ХУТКА зусім "ЗГІНЭЛА"... Лічу, што і ў цяперашні час ТАКОЕ ж, на вялікі жаль, можа адбыцца, паколькі, лічу, вось гэтым "ЗАМАЗВАННЕМ" беларусаў ПАЛЯКІ, на жаль, зноў спрабуюць наступіць на ўсё тыя ж граблі (як і ў 1791 годзе), каб зноў сваімі ж УЛАСНЫМІ рукамі "ЗАМАЗАЦЬ"(а, дакладней - ЗНІШЧЫЦЬ) сваю ДЗЯРЖАВУ...
Адказаць

Імя:: Пятро Горад:: Слуцк
08.05.2012 15:50
Вашае параўнаньне ня мае падстаў, сёньня ў Польшчы нацыцянальнах меншасьцяў маленькая колькасьць усіх разам, а тады была ў складзе Рэчыпаспалітай Вялікае княства, часткай якрга сёньня з'яўляецца Беларусь, якая не жадае ведаць ані сваёй мовы, ані сваёй традыцыі. А што да ўказальнікаў, іх у нас поўна паўсюдна на рускай мове, а не на беларускай. На беларускай толькі на галоўных трасах і то не паўсюдна. А Максімюку трэба б было у гэтым выпадку растлумачыць, чаму ў Беларусі і Літве няма шыльдаў на польскай мове, бо ён праблему закрануў, а сваю думку схаваў
Адказаць

Імя:: Вінцэнт Горад:: Слонім
08.05.2012 17:55
Лічу, што" ў Беларусі няма шыльдаў на ПОЛЬСКАЙ мове" таму, што ў гэтым проста НЯМА неабходнасці, паколькі ў нас няма ЗНАЧНАЙ колькасці КАМПАКТНА пражываючых ПАЛЯКАЎ (як, напрыклад, на Беласточчыне ў Польшчы), ды і тыя, якія ЁСЦЬ, лічаць сябе ў асноўным ПАЛЯКАМІ толькі таму, што іх ПРОДКІ адносіліся да ШЛЯХТЫ (а на самой справе ШЛЯХТА ,лічу, якая ў мінулым пражывала на тэрыторыі сучаснай Беларусі, НІКОЛІ і НІЯКІХ адносін да ПАЛЯКАЎ, як НАРОДА, НЕ мела, а гэта былі, як правіла, ЗАМОЖНЫЯ БЕЛАРУСЫ, што ў свой час знаходзіліся на ДЗЯРЖАЎНАЙ СЛУЖБЕ).
Адказаць

Імя:: Бенедзікт
08.05.2012 22:20

Чалавек сам вызначае да каго ён мусіць адносіцца.
Гэта асабістае права чалавека, і ніхто не мае права яму даводзіць іншае, нават Вы.
На Гарадзеншчыне ёсьць райны дзе палякі складаюць больш за 50%, напрыклад - Воранаўскі, Шчучынскі... Дастакова паглядзець дадзеныя перапісу.

Што тычыцца шыльдаў - дзяржава сама мусіць вызначаць парадак іх напісаньня, разьмяшчэньня і г.д.
Перакананы, што ў беларускай дзяржаве шыльды павінны быць па-беларуску (лацінкай).
Шыльды напісаныя не на дзяржаўнай мове бываюць толькі ў акупаваных краінах, якой сёньня ёсьць Беларусь.

Імя:: Ян Максімюк
08.05.2012 16:33
Пятру са Слуцку:

Фармальны адказ на пытаньне, якое я паставіў у сваім тэксьце, а вы тут паўтарылі, такі: ні Беларусь, ні Літва не ратыфікавалі гэтак званай Эўрапейскай хартыі рэгіянальных і меншасных моваў, якая была прынятая пад эгідай Рады Эўропы ў 1992 годзе. А таму, у сьвятле закону, яны не абавязаны нічога такога рабіць.

Але – закон гэта адно, а маральны падыход да гістарычнай і моўнай спадчыны ў сваёй краіне – гэта другое... Чаму б Беларусі не паставіць дзьвюхмоўных, беларуска-польскіх дарожных знакаў у тых мясьцінах, дзе палякі складаюць, напрыклад, 20% насельніцтва? Што, ад гэтага Беларусь развалілася б?

Польшча ратыфікавала гэтую Хартыю ў 2009 годзе і абавязалася ахоўваць ды разьвіваць 15 рэгіянальных і меншасных моваў, якія маюць для яе «гістарычнае» значэньне (то бок, зьяўляюцца мовамі меншасьцяў і этнічных групаў, якія пражываюць на тэрыторыі краіны з даўняга часу). У ліку гэтых моваў, якія ў Польшчы ахоўваюцца законам і маюць пэўныя прывілеі, знаходзяцца: беларуская, літоўская, украінская, лэмкаўская, кашубская...
Адказаць

Імя:: Вінцэнт Горад:: Слонім
08.05.2012 18:08
Лічу, што ў Беларусі РЭАЛЬНА НЯМА "тых мясцін", дзе ПАЛЯКІ складаюць 20% насельніцтва...
Адказаць

Імя:: Ян Максімюк
08.05.2012 19:49
На ўзроўні сельсаветаў не знайшлося б такіх мясьцінаў у Беларусі?

Справа тут насамрэч не ў планцы для вызначэньня кампактнасьці пражываньня меншасьці (можа быць 20% усяго насельніцтва на дадзенай тэрыторыі, але хто сказаў, што нельга гэтай планкі панізіць да 10%?), а ў тым, ці дзяржава дастаткова сьпелая і “эўрапейская”, каб гарантаваць такую ахову моўных правоў сваіх меншасьцяў, пра якія гаворыцца ў Хартыі.

Тое, што Беларусь недастаткова сьпелая і “эўрапейская” для гэтага – відавочна для кожнага. Ну і тут мы дадаткова маем дачыненьне з праблемай аховы правоў тытульнай нацыі, якая ў некаторых істотных адносінах зьяўляецца меншасьцю ў сваёй уласнай краіне.

Чаму Літва недастаткова “эўрапейская” для гэтага – менш відавочна і зразумела...
Адказаць

Імя:: Бенедзікт
08.05.2012 22:57

"Тое, што Беларусь недастаткова сьпелая і “эўрапейская” для гэтага – відавочна для кожнага. ...
Чаму Літва недастаткова “эўрапейская” для гэтага – менш відавочна і зразумела..."
-----------------------------------------
Паважаны спадар Максімюк,
калі шчыра, то я вельмі сумняюся, прабачце, калі ласка, што Вы можаце ацэньваць эрапейскасьць акупаванай Беларусі. Вашыя беларусаразбуральныя прапановы...
Яшчэ раз прашу прабачыць.
Адказаць

Імя:: Бенедзікт
08.05.2012 22:36

"Чаму б Беларусі не паставіць дзьвюхмоўных, беларуска-польскіх дарожных знакаў у тых мясьцінах, дзе палякі складаюць, напрыклад, 20% насельніцтва? Што, ад гэтага Беларусь развалілася б?"
-------------------------------
Так, развалілася б.

Беларусь не можа вытрымаць, адну, акупацыйную мову.
Не тая сітуацыя каб яшчэ пісаць і на мовах нацыянальных меншасьцяў.
Беларусь - далёка не Польшча ці Нямеччына каб дазволіць сабе тое, што дазваляюць сабе гэтыя нацыянальна моцныя дзяржавы.
І тое, узгадваючы, напрыклад, візіт Эрдагана ў Нямеччыну і ягоная патрабаваньне да Мэркэль - увесьці адукацыю на турэцкай мове ў Нямеччыне, дык ён атрымаў адказ - тут нямецкая дзяржава...

Ну а тое, што Беларусь не ратыфікавала Эўрапейскую хартыю рэгіянальных і меншасных моваў - добра.
Не кожную ліберальную эўрапейскую прыдумку трэба цягнуць у беларускую хату.

Імя:: Marit Горад:: G.
08.05.2012 20:58
Лiцвiны нe знялi cвaix дзвyxмoўныx пaкaзaльнiкoў – я былa aпoшнiм чacaм y Пyньcкy i яны кaнeшнe ёcць.
Y нac ёcць, нaжaль, тaкiя „пaтрыёты”, якiм icнaвaннe iншыx нaцыi пeрaшкaджae быць пaлякaмi. Дык прaбaчцe, бeлaрycы, зa тoe, штo здaрылocя
Відэа