Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 траўня, дзень перамогі Эда Кенэдзі


Эд Кенэдзі ў 1944 годзе
Эд Кенэдзі ў 1944 годзе
Пару дзён таму амэрыканскае інфармацыйнае агенцтва Associated Press адмяніла загад аб звальненьні журналіста Эда Кенэдзі. Загад быў выдадзены 67 гадоў таму, ў траўні 1945 году. Журналіста, як прызнае агенцтва, насамрэч трэба было не звальняць, а, наадварот, – узнагародзіць. У віну рэпарцёру было пастаўлена тое, што ён на суткі раней за калег перадаў навіну пра падзею, якая адбылася ў францускім горадзе Рэймсе – Нямеччына капітулявала.

Праблема з датамі капітуляцыі і, адпаведна, перамогі ўзьнікла ад самага пачатку і мела не каляндарны, а палітычны характар.

Кіраўнік рэйху пасьля самагубства Гітлера адмірал Дэніц паслаў сваіх прадстаўнікоў у штаб амэрыканскага галоўнакамандуючага Эйзэнгаўэра ў горад Рэймс, дзе яны падпісалі акт безумоўнай капітуляцыі на ўсіх франтах. Гэта адбылося а 2 гадзіне 41 хвіліне раніцай 7 траўня.

Амэрыканскае і брытанскае камандаваньне запрасіла 17 журналістаў на цырымонію падпісаньня. Зь іх узялі абяцаньне трымаць падзею ў сакрэце 36 гадзінаў – да 15:00 8 траўня.

Аднак ужо 7 траўня а 14:41 нямецкае радыё абвесьціла аб капітуляцыі. Праз гадзіну Кенэдзі апублікаваў навіну, на цэлы дзень раней дамоўленасьці. Вайсковая цэнзура ўгледзела ў гэтым грубае парушэньне, Кенэдзі атрымаў вымову і потым быў звольнены.

Сталін адмовіўся прызнаць гэтую капітуляцыю і запатрабаваў другую цырымонію падпісаньня.

Яна адбылася у Бэрліне незадоўга да поўначы 8 траўня. У Маскве, з-за розьніцы ў часе, было ўжо 9 траўня.

Насамрэч баявыя дзеяньні ў Эўропе ня скончыліся і пасьля гэтай даты: арміі групы «Цэнтар» утрымлівалі частку Чэхаславаччыны разам з Прагай. Яны здаліся войскам маршала Конева 11 траўня. А брытанская выспа Олдэрні была вызваленая ад акупацыі толькі 16 траўня.

Тым ня менш, эўрапейскія краіны адзначаюць дзень Перамогі 8 траўня, краіны былога СССР і былой Югаславіі – 9 траўня.

Паводле Эда Кенэдзі, гэты дзень – 7 траўня.
Дачка Эда Кенэдзі трымае газэту зь яго паведамленьнем пра капітуляцыю Нямеччыны
Дачка Эда Кенэдзі трымае газэту зь яго паведамленьнем пра капітуляцыю Нямеччыны

Кенэдзі загінуў у аўтакатастрофе ў 1963 годзе. А пару дзён таму яго дачка выказала радасьць з нагоды аднаўленьня прафэсійнай справядлівасьці.

Васіль Быкаў называў тую перамогу «скрадзенай». Яе захапіў спачатку Сталін, а потым прыватызавалі яго наступнікі.

Гісторыю нельга перарабіць, але, як сьведчыць выпадак Эда Кенэдзі, можна ўдакладніць. Гэта называецца – справядлівасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG