Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Слабасьць мужчын і ўлады — бяда для жанчын і дзецей»


Аляксандра Францкевіча пазбавілі спатканьня ў дзень народзінаў. Да Арцёма Пракапенкі не даходзяць лісты. За месяц у Шклоўскай калёніі Мікалай Дзядок 13 дзён правёў у ШЫЗА.

6 траўня палітвязьню Аляксандру Францкевічу споўнілася 22 гады. Да дня народзінаў у яго было прымеркаванае доўгатэрміновае спатканьне з маці. Тацяна Фрацкевіч распавяла:

«Мне сын напісаў, што 4–6 траўня ў нас доўгатэрміновае спатканьне. Я рыхтавалася ўжо ехаць, але напярэдадні мне тэлефануюць з калёніі і кажуць, што спатканьне адмянілі. На наступны дзень я папрасіла адваката, каб ён зьезьдзіў у калёнію. Ён пабачыўся з Сашам, размаўляў з начальнікам зоны. Начальнік зоны патлумачыў, што яму не спадабалася, як Саша да яго падышоў, як яму адказаў. І з-за гэтага ён вырашыў пазбавіць майго сына спатканьня».

Да таго ж Францкевіча пазбавілі і значнай часткі грашовай дапамогі — замест 500 тысяч за месяц (5 базавых велічыняў) дазволілі даслаць толькі 100 тысяч.

Маці Ігара Аліневіча, які праходзіў па адной справе з Аляксандрам Францкевічам, спадарыня Валянціна кажа:

«Удзел слабых мужчынаў і слабой улады — рабіць подласьць жанчынам і дзецям. Я па-іншаму расцаніць гэта не магу. Моцны мужчына і моцная ўлада ніколі ня будуць прыніжацца да такой ступені».

Што да навінаў пра сына, Валянціна Аліневіч распавяла, што па-ранейшаму Ігару Аліневічу не дазваляюць тэлефанаваць родным і трымаюць яго ў ізаляцыі:

«Ён, па сутнасьці, там у адзіноце. Саша Францкевіч хоць з Эдзікам Лобавым у адной калёніі. Яны адзін аднаго падтрымліваюць. А Ігар зусім адзін. Стараецца спортам больш часу займацца. Я яму падручнік па маркетынгу паслала, дык ён усё астатняе адклаў і чытае запоем. Расстроіўся, што зборнік „Амэрыканскія вершы“, які яму Аляксандар Фядута прэзэнтаваў і я адсканавала і паслала, не дайшоў».

Роўна месяц таму Мікалая Дзядка і Арцёма Пракапенку нечакана, без тлумачэньня прычынаў, памянялі месцамі адседкі. 7 красавіка Мікалая Дзядка перавялі ў Шклоў. Бацька Мікалая спадар Аляксандар распавёў:

«Ён з этапу адразу трапіў у штрафны ізалятар. Спачатку далі 10 сутак карцэру, потым яшчэ дадалі трое. За што — так мы дагэтуль і не даведаліся. На спатканьне ў сярэдзіне красавіка зьбіралася ехаць яго маці, але яго зноў пазбавілі спатканьня, быццам бы за нейкія парушэньні. Але ніхто з кіраўніцтва калёніі ня можа патлумачыць, пра якія парушэньні ідзе гаворка. Ні я, ні яго жонка не атрымлівалі лістоў больш за месяц. Ён тэлефанаваў, казаў, што працуе — робіць і рамантуе драўляныя паддоны».

Арцём Пракапенка, якога месяц таму перавялі са Шклова ў Магілёў, 6 траўня ўпершыню патэлефанаваў ужо з новай калёніі, распавяла ягоная маці спадарыня Віялета:

«Там усё пільна кантралюецца. У Шклоўскай калёніі так не было. Арцём тэлефануе, адразу ўварваўся голас кантралёра, пытаецца, з кім ён размаўляе. Я адказала, што гэта мой сын. Кантралёр кажа, што дазваляецца размаўляць толькі з блізкімі сваякамі. Са Шклова Арцём тэлефанаваў сваёй дзяўчыне, а з Магілёва — нельга. Вельмі дрэнна ідзе карэспандэнцыя, ён не атрымлівае ні лістоў, ні газэт. Я даслала бандэроль з гарбатай і цыгарэтамі, паклала туды ліст, але нават гэты ліст ён не атрымаў».

Арцём Пракапенка працуе на зоне памочнікам маляра, зьбіраецца авалодаць прафэсіямі качагара і зваршчыка.



Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандар Францкевіч праходзілі па так званай справе анархістаў. Атрымалі адпаведна 8, 4,5 і 3 гады зьняволеньня. Арцём Пракапенка асуджаны разам з Паўлам Сырамалотавым і Яўгенам Васьковічам на тэрмін па 7 гадоў зьняволеньня кожны за спробу падпалу дзьвярэй Бабруйскага КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG