Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Зборная Беларусі — гэта другі эшалён усясьветнага хакею


На чэмпіянаце сьвету па хакеі, які сумесна праводзяць Фінляндыі і Швэцыя, зборная Беларусі пацярпела другую паразу запар.

У першым матчы беларусы зь мінімальным лікам 0:1 прайгралі гаспадарам пляцоўкі, камандзе Фінляндыі, а напярэдадні ня здолелі супрацьстаяць ня самай моцнай зборнай Швайцарыі — 2:3.

Між тым перад выправай у Скандынавію кіраўніцтва Фэдэрацыі хакею Беларусі ставіла спартоўцам задачу — трапіць як мінімум у васьмёрку наймацнейшых. Ці не давядзецца з такім стартам думаць зусім пра іншае — каб ня вылецець з элітнага дывізіёну ў групу «В»? Меркаваньне спартовага аглядальніка Сяргея Аляхновіча:

«Дзьве паразы на старце чэмпіянату аптымізму, вядома, не дадаюць. Найперш — аптымізму ў тым пляне, што каманда здолее згуляць у чвэрцьфінале. Увогуле я мяркую, што наша каманда ўсе гады, якія яна гуляе ў эліце, займае, скажам так, сваё месца. Калі недзе пашанцуе, можам увайсьці ў васьмёрку, а калі не пашанцуе, то наша аб’ектыўнае месца — паміж 9-м і 14-м. Шчыра кажучы, зборная Беларусі — гэта другі эшалён эліты ўсясьветнага хакею. Нам да ўзроўню Канады, ЗША, Расеі, Чэхіі, Фінляндыі, Швэцыі далёка, як да Месяца.

Але, зь іншага боку, і нашы ў пляне майстэрства апярэджваюць аўтсайдэраў хакею — такія зборныя, напрыклад, як Казахстан, Францыя, Італія. Таму мяркую, што ў вышэйшым дывізіёне Беларусь без асаблівых праблемаў застанецца, а вось увайсьці ў васьмёрку лепшых ня здолее. Тым больш што страцілі ачкі ў гульні зь непасрэдным канкурэнтам — Швайцарыяй. Мне здаецца, што беларусам папросту не хапае майстэрства. Калі паглядзець на ростэр нашай каманды, то даволі шмат маладых гульцоў. Да прыкладу, трэнэр Кары Хейкеля ўпершыню паклікаў у зборную Чарнавока, Грабарэнку, яшчэ можна назваць колькі хакеістаў. Таму, па-першае, бракуе пэўнага досьведу, па-другое, не хапае братоў Касьціцыных, якія, безумоўна, дапамаглі б камандзе ў атацы».

Удзел зборнай Беларусі ў чэмпіянаце сьвету-2012 праходзіць на тле патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці перанесьці ўсясьветнае першынства 2014 году зь Менску ў іншае месца. Кіраўніцтва Беларусі абвінавачваецца ў парушэньні правоў і свабодаў грамадзянаў краіны, і гучаць галасы, што правядзеньне тут спаборніцтваў такога ўзроўню будзе дыскрэдытацыяй дэмакратычных ідэяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG