Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 гадоў таму зьнік Юры Захаранка


Юры Захаранка
Юры Захаранка

Колішні міністар унутраных справаў Беларусі зьнік 7 мая 1999 года пры нявысьветленых абставінах.

Захаранка нарадзіўся ў 1952 годзе. Падчас выбараў першага прэзыдэнта Беларусі ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі. У 1994-1996 гадах кіраваў МУС.

Сышоўшы ў апазыцыю. У 1998 годзе былы міністар стаў сябрам «ценявога ўрада», дзе ўзначаліў камітэт па бясьпецы.

Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазыцыяй кампаніі па выбарах прэзыдэнта. Ён увайшоў у каманду былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра, езьдзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.

Захаранка стварыў альтэрнатыўны саюз афіцэраў. Паводле адной зь вэрсіяў, менавіта гэта і стала асноўнай прычынай раптоўнага зьнікненьня былога міністра.

Захаранку выкралі ўвечары 7 траўня ў раёне вуліцы Магілёўскай у Менску па дарозе дадому. Неўзабаве сям’я генэрала атрымала палітычны прытулак у Нямеччыне.

Расьсьледаваньне справы па факце зьнікненьня Юрыя Захаранкі не завершанае.

Праваабаронца Алег Воўчак, які зьяўляецца даверанай асобай сям’і Захаранкі, кажа, што раз у тры месяцы ён атрымлівае ад сьледчых органаў паведамленьне, што чарговым разам падоўжанае папярэдняе расьсьледаваньня.

«Не разумею, што можна расьсьледаваць бесьперапынна 13 гадоў? За гэты час можна было дапытаць палову грамадзян Беларусі, правесьці мноства сьледчых дзеяньняў, ды і шукаць вінаватых не так складана», — кажа Воўчак, у мінулым сьледчы пракуратуры Менска. — «Уся інфармацыя ёсьць у інтэрнэце, хто і як выкрадаў Захаранку, але чамусьці сьледзтва на гэта не рэагуе ».

Летась грамадзкая камісія па расьсьледаваньні зьнікненьня Захаранкі прадставіла ў пракуратуру паказаньні былога супрацоўніка спэцыяльнага атрада хуткага рэагаваньня (СОБР) МУС Дзьмітрыя Навічка, які наўпрост заявіў, хто зь яго таварышаў па службе можа распавесьці пра зьнікненьне Захаранкі. «Але ўсё ціха і спакойна», — канстатаваў Волчак.

Справа Захаранкі знаходзіцца на кантролі Камітэта ААН па правах чалавека, піша БелаПАН.

Працяг тэмы — пазьней на сайце «Свабоды»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG