Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першамай у Калінкавічах: пасьля бойкі — разборкі


Шмат эмацыйных водгукаў выклікала відэа, што зьявілася пасьля сьвяткаваньня ў Калінкавічах 1 траўня. На вачах гараджанаў супрацоўнікі міліцыі ткнулі маладога чалавека скрываўленым тварам у брукаваны ходнік. Стаіць лямант, лаянка — мінакі абураюцца міліцэйскім гвалтам. Паведамлялася, што хлопца пасьля кантактаў зь міліцыяй даставілі ў раённы шпіталь — нібыта зь пераломам шыі і зьнявечаным тварам.

У Калінкавіцкім раённым шпіталі паведамілі, што 17-гадовага юнака 3 траўня выпісалі з хірургічнага аддзяленьня на амбуляторнае лячэньне. У шпіталі ён правёў каля двух сутак. Пераломаў шыі, сківіцы ці пад’язычнай косткі ў яго ня выяўлена:

«На амбуляторнае лячэньне, таму што стаматолягі выключылі пералом — двойчы глядзелі. Лор-лекары таксама паталёгіі не знайшлі. Ня выявіў і нэўроляг чэрапна-мазгавой траўмы. У яго выцятыя месцы й сінякі — на твары, на шыі. Таму й выпісалі на амбуляторнае лячэньне».

Выканаўца абавязкаў начальніка калінкавіцкай міліцыі Аляксандар Сівак кажа, што супрацоўнікі міліцыі вымушаны былі прымяніць сілу:
А як, па-вашаму, няхай бы бойка працягвалася й завязалася масавая бойка?

«Паміж маладымі людзьмі завязалася бойка. З мэтай спыненьня парушэньня грамадзкага парадку да аднаго зь іх ужыта фізычная сіла. Гэта была ахова грамадзкага парадку 1 траўня. А як, па-вашаму, няхай бы бойка працягвалася й завязалася масавая бойка?»

Паводле суразмоўцы, 17-гадовага юнака накіравалі на судова-мэдычную экспэртызу. У дачыненьні да яго, а таксама супрацоўнікаў міліцыі, якія ўжывалі сілу, вядзецца праверка:

«У дачыненьні да юнака будзе прымацца рашэньне на падставе Адміністрацыйнага кодэксу. Ён непаўналетні. Падчас мэдычнага агляду стала вядома, што ён быў у стане алькагольнага ап’яненьня. Апрача таго, не падпарадкаваўся супрацоўніку міліцыі. І наконт ягонага затрыманьня матэрыял знаходзіцца ў Сьледчым камітэце — у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі. Сьледчы камітэт правярае правамернасьць ужываньня фізычнай сілы з боку міліцыі, мы — у дачыненьні да непаўналетняга ў адміністрацыйным парадку».

Сёньня ж відэа й паведамленьне ў інтэрнэце з Калінкавічаў пракамэнтаваў на прэсавай канфэрэнцыі й першы намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку й прафіляктыкі МУС Беларусі Іван Курбакоў. Ён заявіў, што канфлікт паміж дзьвюма кампаніямі адбыўся па-за месцам правядзеньня першамайскіх мерапрыемстваў. У адной з кампаніяў і быў п’яны непаўналетні хлапец зь дзяўчынай. Менавіта дзяўчына выклікала міліцыю й выклала пасьля відэа ў інтэрнэце. Спадар Курбакоў ня выключыў, што супраць калінкавіцкага хлапца могуць распачаць крымінальную справу за супраціў міліцыі й хуліганства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG