пятніца, 18 красавіка 2014, Менск 11:02

УСЕ НАВІНЫ / Эканоміка

«500 даляраў мы мусілі атрымліваць ужо тры гады таму»

Улады абяцаюць, што сёлета да канца году сярэднямесячны заробак павялічыцца да ўзроўню 500 даляраў. Пра гэта 3 траўня заявіў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка. Раней такое ж абяцаньне гучала ў 2010 годзе.

x

Іншыя артыкулы на гэтую тэму

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
А якія на сёньня рэальныя заробкі на прамысловых прадпрыемствах ды ў вёсцы? Што кажуць людзі і ці вераць яны цяперашнім абяцаньням дзяржаўных чыноўнікаў?


Гарадзеншчына


Рэальныя заробкі на прадпрыемствах і ў гаспадарках Гарадзенскай вобласьці ў пераважнай большасьці працоўных — значна ніжэйшыя за 500 даляраў. Дый людзі ня надта схільныя верыць у чарговыя абяцанкі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у Горадні цяпер — звыш трох мільёнаў рублёў. Але калі пачынаеш гаварыць пра гэта зь людзьмі, якія працуюць у вёсках і раённых цэнтрах, гэта выклікае зьдзіўленьне.

Спадар Яраслаў працуе на Слонімскай птушкафабрыцы, прычым на паўтары стаўкі. Як сам кажа, мае шмат гадзінаў перапрацоўкі. А ў лепшым выпадку атрымлівае 2 мільёны 300 тысяч. І гэта, зь яго слоў, вельмі высокі заробак.

Што да абяцаных Лукашэнкам 500 даляраў — гэта ўспрымаецца як чарговы зьдзек:

«Ды не, ну якія 500 даляраў… Пра гэта нават ніхто цяпер ня марыць. 500 даляраў — гэта 4 мільёны. Гэта было б вельмі цяпер нядрэнна, але ж гэта нерэальна. У мяне 2 мільёны 300 заробак — дык гэта вельмі высокі заробак. А большасьць атрымліваюць мільён 200 тысяч — мільён 700 тысяч».
Ды не, ну якія 500 даляраў… Пра гэта нават ніхто цяпер ня марыць.

Спадарыня Галіна з Івейскага раёну робіць паляводам. Распавядае, што насамрэч людзі атрымліваюць нават і менш за мільён, толькі, маўляў, трактарысты маюць большы заробак. Калі мы загаварылі пра статыстыку, яна заўважыла, што многія ў іхнім сельгаспрадпрыемстве ходзяць напаўгалодныя, бо ня маюць за што добра харчавацца, але ніколі ў гэтым не прызнаюцца:

«Якія 500 даляраў? Хоць бы 2 мільёны атрымліваць у сельскай гаспадарцы, бо і тых няма. Зьверху папросту падманваюць, бо 500 даляраў — гэта такая наіўнасьць, глупства, пра што можна толькі марыць у думках. У рэальнасьці каб так было… Гэта немагчыма».

А вось спадар Віктар некалькі гадоў на пэнсіі. Рабіў на кардоннай фабрыцы ў Альхоўцы, што ў Астравецкім раёне. Ён лічыць, што сярэдні заробак заўсёды могуць вывесьці па лічбах, бо ў банкаўскай сыстэме, праваахоўных органах заробкі высокія. А на ягонай фабрыцы людзі дагэтуль атрымліваюць у сярэднім ня болей за паўтара мільёна:

«Ведаеце, калі раўняць заробкі ў банкаўскай сыстэме і ў вясковага пастуха, ну, то ў сярэднім яны будуць атрымліваць па пяць мільёнаў, бо адзін насамрэч атрымлівае дзесяць мільёнаў, а ў другога і мільёна няма».
Гарадзенцы пра пэрспэктывы заробку 500 даляраў
Гарадзенцы пра пэрспэктывы заробку 500 даляраўi
|| 0:00:00
...
 
🔇
X

Магілёўшчына


Сярод сямі рэгіёнаў Беларусі Магілёўшчына па заробках займае, як сьцьвярджае афіцыйная статыстыка, чацьвёртае месца. Сярэдні заробак — два мільёны сямсот тысяч. У пераліку гэта 330 даляраў.

Да канца году ўлады абяцаюць сярэдні заробак падцягнуць да пяцісот даляраў. А які ён цяпер у прамысловасьці? Напрыклад, на Бабруйскім заводзе тармазной апаратуры.
Мы ўжо тры гады таму павінны былі атрымліваць па пяцьсот даляраў.

«На дадзены момант заробак у нас цяпер тры з паловай мільёны. А як далей будзе, я ня ведаю. Канечне, хацелася б болей. Цяпер гэта не заробак — цэны растуць кожны дзень. Мы ўжо тры гады таму павінны былі атрымліваць па пяцьсот даляраў», — кажа працаўніца прадпрыемства Вольга.

На магілёўскіх заводах машынабудаўнічай галіны афіцыйна заробкі сягаюць чатырох мільёнаў рублёў. Працаўнікі гэтых прадпрыемстваў заяўляюць, што трымацца ім дапамагаюць «МАЗ» ды «БелАЗ». Ня ўсе, аднак, у разьлікоўках бачаць заяўленыя чатыры мільёны:

Працаўніца магілёўскага аўтазаводу: «Якая розьніца, што нам абяцаюць? Ну вось у мяне два з паловай мільёны. Што тут яшчэ можна сказаць? Я ведаю, што на іншых прадпрыемствах нашмат горшы заробак, нашмат горшае становішча. Нам скардзіцца грэх».

Кацельшчык Аляксандар: «Вось у мяне апошні заробак быў мільён пяцьсот. Гэта ненармальна пры такіх цэнах. Во круцімся, падпрацоўваем па вёсках. Мне падаецца, што ня будзе ніколі пяцісот даляраў. А калі будзе 500 даляраў, то цэны ведаеш якія будуць!».

Калега спадара Аляксандра Юры згадку пра заробак у пяцьсот даляраў успрыняў як жарт. Нядаўна зьмяніў месца працы. Заробкавыя пэрспэктывы яму абазначылі наступныя:

«Паабяцалі мільён сямсот „бруднымі“. Добра, што ў вёсцы жывём — гарод свой, бульба свая, так і пераб’емся».


Аляксандар ЯрашукАляксандар Ярашук
x
Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук
Камэнтуе старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

«Няма на сёньня рэальных магчымасьцяў для аптымістычных заяваў, каб зноў ставіць задачу давесьці сярэднемесячныя заробкі да 500 даляраў. Мы ж добра ведаем, якое на сёньня гаротнае становішча на беларускіх прамысловых прадпрыемствах. Таму і прадукцыйнасьць працы ў 3–4 разы ніжэйшая, чым у цывілізаваных краінах.

Прадукцыйнасьць працы ў Беларусі ня можа павышацца, бо не адбываецца мадэрнізацыя вытворчасьці. І калі ставіць такога кшталту задачы, дык толькі пры ўмове, што будзе адбывацца эканамічная лібэралізацыя, тэхнічная мадэрнізацыя, у тым ліку прыцягненьне сучасных тэхналёгіяў і інвэстыцыяў. А калі гэтага ня будзе, то ва ўмовах камандна-адміністрацыйнай сыстэмы кіраваньня няма іншых крыніцаў, акрамя таго, каб зноў-такі зьвярнуцца да грашовай эмісіі, і зноў-такі надрукаваць паперы ў выглядзе беларускіх грошай, і зноў атрымаць дэвальвацыю, як пра тое кажуць шматлікія прагнозы эканамічных экспэртаў…»

Гэтую выснову Аляксандар Ярашук тлумачыць наступным чынам:

«Цяперашнія беларускія чыноўнікі выдатна разумеюць, што кожная эканамічная лібэралізацыя цягне за сабой і палітычныя зьмены. А каб прадухіліць гэта, чарговым разам гучаць даручэньні і каманды падвысіць эканамічна не абгрунтаваныя заробкі, што для кожнага з нас мае драматычныя адценьні. Чарговым разам мы можам апынуцца сам-насам з падзеньнем заробкаў, раскручваньнем спружыны інфляцыі й ростам цэнаў на тавары першай неабходнасьці…»
Гэтая дыскусія закрытая.
Камэнтары
     
Камэнтароў няма. Дадайце свой і будзьце першыя.
Відэа