Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможцы «Вольнага слова» — на «Сёмым небе»


Уручылі прэміі «Вольнае слова»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:42 0:00
Наўпроставы лінк

Сёньня ў сталіцы ўганаравалі пераможцаў творчага конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова». Урачыстасьці былі прымеркаваныя да Ўсясьветнага дня свабоды прэсы, які адзначаецца 3 траўня.

Сымбалічна, што імпрэза прайшла ў залі рэстарацыі «Сёмае неба» — на конкурс «Вольнае слова» было пададзена шмат сапраўды зорных працаў беларускіх журналістаў, кажа старшыня журы конкурсу Юрась Карманаў:

«Цяжка было вызначыць пераможцаў, і сёлета агульная плянка конкурсу значна павялічылася. Больш за сотню тэкстаў было пададзена, больш за паўсотні аўтараў падалі свае працы на конкурс. Напрыклад, лепшы аналітычны тэкст Сьвятланы Калінкінай набраў 66 з 70 магчымых балаў. Гэта значыць, што ўсе сябры журы ацанілі яе матэрыял на 9–10 балаў. Нягледзячы на неверагодна складаныя ўмовы, на арышты, запалохваньні, суды, усе беларускія журналісты дэманструюць высокія стандарты працы».

Сьвятлана Калінкіна стала пераможцай у намінацыі «Найлепшая аналітычная публікацыя» за артыкул «Катаваньне» пра палітвязьня Мікіту Ліхавіда:

«Я ніколі ня бачыла сябе ў аналітычнай журналістыцы, я заўсёды лічыла сябе чалавекам інфармацыйнай журналістыкі. Але, напэўна, і ўзрост, і падзеі, якія адбываліся ў мінулым годзе, паспрыялі таму, што найбольш матэрыялаў у мяне было менавіта аналітычнага пляну. Хачу і вам, і сабе пажадаць добрых навінаў, добрых нагодаў і сьветлых, радасных падзей і ў гэтым годзе, і ў наступным».

А пераможцам у намінацыі «Найлепшы інфармацыйны матэрыял» стаў Сямён Печанко за «Рэпартаж з забароненага гораду» — Маладэчна, дзе летась прайшлі дажынкі. Дарэчы, сярод 15 ляўрэатаў — тры журналісты «Народнай Волі» і тры журналісты «Нашай Нівы».

У найбольш, бадай, складаным жанры «журналісцкае расьсьледаваньне» прэміі атрымалі Яўген Валошын — за публікацыю пра наркотыкі ў дзяржаўнай газэце «Звязда» і журналістка «Народнай Волі» Марыя Эйсмант — за два матэрыялы пра звальненьне настаўніцы Натальлі Ільініч. Яўгена са «Звязды» звольнілі, і цяпер ён у Коста-Рыцы. Марыя Эйсмант кажа:
Безумоўна, журналісты працуюць ня дзеля гэтых прэміяў, ня дзеля ўзнагародаў, а дзеля чытачоў.

«Безумоўна, журналісты працуюць ня дзеля гэтых прэміяў, ня дзеля ўзнагародаў, а дзеля чытачоў. Як казаў Сямён Печанко, таму што мы адказныя перад чытачамі, якія чакаюць газэту, чакаюць нашых артыкулаў і нават нашай рэакцыі на нейкія падзеі. Але для кожнага з нас вельмі важна, калі нашу працу высока ацэньваюць і нашы калегі».

Дарэчы, сярод пераможцаў значная частка — жанчыны. Журналістцы інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» удалося летась і другога сына нарадзіць, і перамагчы ў намінацыі «Найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру» за артыкул «Дзяўчынка на заказ»:

«Гэтая прэмія для мяне ня толькі вельмі прыемная, але і вельмі патрэбная. У адрозьненьне ад Лідзіі Ярмошынай, пра якую пісаў мой калега Зьміцер Лукашук, для мяне вельмі важна ня толькі нешта зь сябе ўяўляць як маці, як жонка. Для мяне важна таксама быць асобай у сваёй прафэсіі. У мяне атрымалася і тое, і другое».

Сярод ляўрэатаў і шмат маладых талентаў. Самаму юнаму, Зьмітру Андронаву з Салігорску — толькі 17. Ён стаў ляўрэатам у намінацыі «Дэбют».

Іна Хоміч з «Брестского курьера» атрымала «Спэцыяльны прыз журы» за артыкул «Жылі ў бабусі дзьве вясёлыя гусі»:

«Я радуюся нават не за сябе. За сябе я парадавалася ўчора, калі адкрыла інтэрнэт, атрымала шмат віншаваньняў ад сяброў. Я радуюся за нашу журналістыку, за калегаў. Мне вельмі прыемна ўбачыць ужывую тых людзей, якіх я чытаю. Напрыклад, Сьвятлана Калінкіна — мой кумір у журналістыцы».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна на заканчэньне імпрэзы сказала:

«Я вельмі шчыра віншую пераможцаў сёлетняга конкурсу „Вольнае слова“. Я неверагодна рада нашай новай намінацыі ў конкурсе — „Дэбют“. І мне вельмі б хацелася, каб журналісты і БАЖ атрымлівалі прэміі толькі за творчасьць, а не за нейкія адстойваньні, змаганьні. Толькі за творчасьць».

Жанна Літвіна шчыра падзякавала амбасадзе Славацкай Рэспублікі, якая дапамагла зладзіць урачыстасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG