Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бульбу пасадзілі — з голаду не памрэм

абноўлена

Травеньскія сьвяты сотні тысяч беларусаў правялі традыцыйна на ўласных градах.

Гаспадары прысядзібных участкаў і лецішчаў спадзяюцца атрымаць дадатковыя харчы са сваіх «сотак». Аднак зноў павялічыліся кошты насеньня, угнаеньняў, апрацоўкі глебы і г.д. Ці эканамічна выгадна вырошчваць гародніну і садавіну саматужным дзедаўскім спосабам на невялікіх участках?

Магілёўшчына


Сёлета бульбяная пасяўная на Магілёўшчыне пачалася як ніколі рана. Некалькі дзён стаіць сьпёка, людзі выйшлі на грады.

Пад бульбу на лецішчах адводзіцца найбольш месца, хоць дачнікі і прызнаюць, што выгада ад яе сумнеўная.

«Усе цяпер сеюцца. За кожны кавалак чапляюцца. Есьці ж трэба — хоць бульба. Сеюць вунь і ўручную, і пад усё. Я аддала шэсьцьдзесят тысяч за дзьве соткі. Сотка ў нас дваццаць тысяч — конь. Усё цяпер дорага», — кажа магілёўская дачніца Соф’я.

Жыхар Крычава Ўладзімер бульбы яшчэ не садзіў — толькі зьбіраецца. Эканамічнымі падлікамі наконт выгады ад бульбянога ўраджаю ён не займаецца прынцыпова:

«Выгадна ці нявыгадна, але „другі хлеб“ павінен быць пасаджаны, бо безь яго цяжка выжываць. Але я сумняваюся, каб выгадна было. На базары цяпер вядро бульбы 18–20 тысяч».
Выгадна ці нявыгадна, але „другі хлеб“ павінен быць пасаджаны.

У Мсьціславе таксама сеюцца. Некаторыя жыхары райцэнтру наракаюць, што ня могуць дамагчыся ад мясцовых арганізацыяў трактароў на свае ўчасткі, таму вымушаныя чакаць.

«Хацелася пераараць трактарам, а яны мяне з адной арганізацыі ў другую пасылаюць ужо два гады. Аб’явы ёсьць, а як да справы, дык і няма. Ды вельмі дорага. А вось коней ужо няма. Маглі б ужо арганізаваць, каб былі коні, каб апрацоўвалі зямлю за пэўную цану. Нешта ў нас сельская праца не ў пашане», — скардзіцца мсьціслаўская пэнсіянэрка Марыя.

У раённым жылкамгасе пацікавіўся, ці дапамагаюць камунальнікі жыхарам у апрацоўцы прысядзібных дзялянак. Там адказалі, што так. Расцэнкі такія: заплаці за працу на полі і за перагон трактара да поля. Сьціплыя дзесяць сотак абыдуцца прыкладна ў сотню тысяч рублёў. Але жылкамгасаўскіх трактароў цяпер няма. Яны — на калгасных палях.

Былы дырэктар саўгасу «Дрыбінскі» Мікалай Юркоў бульбу пасадзіў. У яго даволі вялікая гаспадарка. Што да людзей, якія высаджваюць бульбу на лецішчах, то спадар Юркоў зазначае:

«Канечне, бульбу нявыгадна вырошчваць, калі на яе глядзець з гледзішча — як на ёй зарабіць. Але калі ёсьць вольны час і гэтага ня лічыш, то для сябе. „Інакш нічога ня будзе, а так што-небудзь ёсьць“. Калі праца асноўная ня корміць чалавека, то ён займацца такой працай. Гэта гора людзкое».

Гомельшчына


На Гомельшчыне разам зь веснавым цяплом запоўніліся людзьмі прысядзібныя ўчасткі і лецішчы. І вяскоўцы, і гараджане масава сеюць гародніну ды садзяць бульбу. Без кавалка зямлі выжыць цяжка.

Гаворыць 78-гадовы жыхар вёскі Залаты Рог Веткаўскага раёну спадар Пётар:

«Усе агулам кідаем, капаем, аром. Усё ж ня купіш — кусаецца на кірмашы. Гэта ж дапамога вялікая — свой бурак, свая бульба. І пшаніцу сеем, іншыя збожжавыя. Апрача грэчкі і проса, усё сеем. Пяцьдзясят працэнтаў з сотак заробак ідзе».

Вясковы гаспадар кажа: каб абрабляць соткі, адмыслова набыў каня, бо на мясцовым конезаводзе яго не дапрасіцца:
Гэта ж дапамога вялікая — свой бурак, свая бульба.

«Свой у мяне конь. Пайшоў на пэнсію й купіў каня, бо на конезаводзе ў нас ня возьмеш каня — там то спартовыя, то рысакі, каб катацца. Дык я й купіў сабе коніка. Памаленьку сабе садзім і суседзям дапамагаем».

Жонка Пятра спадарыня Марыя лічыць, што без свайго гароду на цяперашнюю вясковую пэнсію выжыць цяжка:

«Рукамі зямельку не паварочаеш, не папрацуеш — нічога не атрымліваецца. У мяне пэнсія маленькая — 800 тысяч. Я не змагу пражыць на сваю пэнсію ў вёсцы».

Вясковец Аляксандар бядуе, што соткі пасадзіў сёлета бяз гною. Каб набыць прычэп гною на тым жа конезаводзе, трэба каля 2 мільёнаў рублёў:

«Сёлета бяз гною. Узяў той мапэд няшчасны ў растэрміноўку, плачу ў месяц па 602 тысячы. Таму й не купілі сёлета гною. Мільёны 2 трэба на гной, купляем на конезаводзе. Гной мільён 200 тысяч каштуе, ды яшчэ прывозка. І пагрузіць трэба — сам не пагрузіш. За ўсё трэба плаціць, жыцьцё такое».

Некаторыя вяскоўцы, як, прыкладам, Фёдар Таранаў, прыдбалі сабе мотаблёкі — імі і абрабляюць соткі. Выходзіць таньней, чым наняць трактар у сельгаспрадпрыемстве.
Фёдар Таранаў
Фёдар Таранаў

Паблізу вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёну працуюць на зямлі гарадзкія пэнсіянэры — былыя рабочыя заводу імя Кірава.

Гаворыць спадарыня Надзея: «Пэнсіі маленькія — у каго мільён 100 тысяч, мільён 150 тысяч. Хіба за грошы такія можна пражыць? Цяжка! Таму тут адны пэнсіянэры й працуюць — маладых няма нікога. Каму 60, 70, 80 гадоў. Працуюць па сваёй сіле — у каго 5 сотак, у каго 10 сотак. Вы за мільён пражывяце?»

Нядаўна пайшла пагалоска, што Гомельскі райвыканкам хоча забраць зямлю. Гарадзкія пэнсіянэры баяцца, што калі ўчасткі забяруць, то ім проста ня выжыць на свае пэнсіі.
На Гомельшчыне садзяць бульбу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00

Уладзімер Някляеў: «Свае лецішчы беларусы гатовыя абараняць амаль што са зброяй…»


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі Ўладзімер Някляеў, які вылучаўся кандыдатам, актыўна абараняў права беларусаў на сваю зямлю. У ягонай праграме было запісана: «Правам на зямельную ўласнасьць і на арэнду зямлі звыш 50 год павінны валодаць толькі грамадзяне Беларусі. Усім астатнім — субарэнда. Гэта дазволіць нам захаваць самае дарагое, што ў нас ёсьць — саму Беларусь, пакінуць яе новым пакаленьням беларусаў».

Гэтую сваю пазыцыю Ўладзімер Някляеў абараняў разам з грамадзкай кампаніяй «Гавары праўду», да якой жыхары й дачнікі Смалявіцкага раёну зьвярнуліся па юрыдычную і інфармацыйную дапамогу супраць плянаванага будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Уладзімер Някляеў кажа:

«Лецішча для беларуса — тое самае, што падворак у вёсцы. Гэта — апошні пляцдарм, на якім ён можа ўратавацца. Там, дзе ён можа пасадзіць бульбу, паставіць у склеп гуркі й г.д. Зратавацца, зрабіць пэўныя запасы.

Робіцца гэта празь недавер да таго, што дае ўлада, горад, дзяржава. „Вось сваё, хоць кавалачак, ёсьць — значыць, выжыву“. У гэтым — прычына таго, што людзі гатовыя насамрэч адстойваць сваё лецішча амаль што са зброяй.

І гэтая вось гаспадарка, гаспадарлівасьць і жаданьне гаспадарыць на сваёй зямлі закладзена ў нашу памяць».


Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі на сёньня амаль 537 тысяч садаводаў, яны маюць ва ўласнасьці больш за 250 тысяч зямельных участкаў. Праўда, у адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі № 50 «Аб мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці садаводчых таварыстваў» ад 28 студзеня 2008 году ўсе ўчасткі, правы ўласнасьці на якія не былі зарэгістраваныя да 1 студзеня 2012 году ў адпаведным парадку, павінны адабраць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG