серада, 23 красавіка 2014, Менск 20:25

УСЕ НАВІНЫ / Грамадзтва

Хто ўзарваў мэтро? XLVII. Ці вінаваты Ўладзіслаў Кавалёў?

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

За вінаватасьць Кавалёва ў неданясеньні і пасобніцтве ў тэракце


Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

 
1. Кавалёў набываў тратыл і пасьля захаваньня перадаў выбухоўку Канавалаву, які выкарыстаў яе ў бомбе 4 ліпеня 2008 году.

Паказаньні Кавалёва, у тым ліку на судзе, што ён набываў тратыл і перадаваў яго Канавалаву, пацьверджаныя сьведкам Куксёнкам, сьледчым экспэрымэнтам і рэчавымі доказамі. Гэта бясспрэчны аргумэнт на карысьць вэрсіі сьледзтва. Аднак, акрамя Куксёнка, больш ніхто не пацьвердзіў, што Кавалёў набываў у яго тратыл, да таго ж сьледзтва так і ня высьветліла, дзе выбухоўку здабыў сам Куксёнак. Падазрэньні выклікае і тое, што гэты сьведка ня быў прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні з выбухоўкай. Усім вядома, што пазьбегнуць адказнасьці магчыма, калі даць патрэбныя сьледзтву паказаньні.


2. Прызнаньні самога Кавалёва падчас сьледзтва, што ён ведаў ад Канавалава пра зьдзяйсьненьне ім тэракту 2008 году і падрыхтоўку да новага тэракту ў мэтро. Тое, што ён у судзе адмовіўся ад гэтых паказаньняў, — толькі спроба пазьбегнуць адказнасьці.

Словы Кавалёва, што Канавалаў яму распавёў пра тэракты, сам Канавалаў на вочнай стаўцы абверг. Між тым ёсьць паказаньні сьведкі Каралёвай, паводле якіх ёй Канавалаў таксама ўскосна прызнаваўся ў зьдзяйсьненьні тэракту 2008 году. Гэта сьведчыць, што з блізкімі яму людзьмі Канавалаў мог быць надзвычай адкрытым.


3. Відэа, на якім Кавалёў разам з Канавалавым нясе торбу ў мэтро — такім чынам дапамагае яму, ведаючы, што ў торбе бомба.

Гэта важкі аргумэнт найперш што да сяброўства Кавалёва з Канавалавым, але ня факт падрыхтоўкі да тэракту. Пра тое, што ў торбе была бомба, казаў на сьледзтве толькі адзін чалавек — сам Кавалёў.


Кавалёў на судзе тлумачыў, што меў на ўвазе зусім іншае — што сябар быў нападпітку і яго маглі не пусьціць у мэтро, вось ён яго і адгаворваў туды ісьці

4. Кавалёў аддаў Канавалаву свой мабільны тэлефон, каб той не «сьвяціўся» падчас званку ў кватэрнае бюро.

Укладаецца ў схему, паводле якой Канавалаў перасьцярагаўся, каб заўчасна ня трапіць у рукі міліцыі. Аднак гэта магло адбыцца і з банальнай прычыны — Канавалаў мог сказаць, што ў яго села батарэйка, ці прыдумаць іншую падставу, каб пазваніць з тэлефона сябра. Пры чым тут тады Кавалёў, нават калі Канавалаў «шыфраваўся»?


5. Сьведчаньні Пачыцкай, што Кавалёў быў разам з Канавалавым каля торбы за шырмай. Яе ж сьведчаньні пра размову Кавалёва з Канавалавым перад сыходам апошняга з кватэры: «Можа, ты ня пойдзеш?» Пытаньне да Канавалава: «Ну, як усё прайшло?», калі той вярнуўся ўвечары 11 красавіка на кватэру.

З гэтых пытаньняў сапраўды можна зразумець, што Кавалёў быў у курсе плянаў Канавалава, а спробы спыніць яго хоць і рабіў, але вельмі нерашучыя. Аднак Кавалёў на судзе тлумачыў, што меў на ўвазе зусім іншае — што сябар быў нападпітку і яго маглі не пусьціць у мэтро, вось ён яго і адгаворваў туды ісьці. Пагодзімся, што гучала непераканаўча.


Супроць вінаватасьці Кавалёва


1. Адмова ад паказаньняў у судзе, матываваная псыхалягічным ціскам, пагрозамі жыцьцю. Пра гэта распавядалі сьведка Пачыцкая і Канавалаў.

Сам факт абвінавачаньня ў злачынстве, якое караецца сьмерцю, — безумоўны псыхалягічны ціск, з гэтым аргумэнтам прадстаўніка пракуратуры, выказаным на працэсе, спрачацца немагчыма. І што заставалася сьледчым? Абвінавачваць Кавалёва ў дробным махлярстве, калі гаворка ішла пра бомбу ў торбе, якую ён дапамагаў несьці Канавалаву? Кавалёў, калі лічыў сябе невінаватым, мусіў бы не паддавацца ціску і не прызнаваць сваёй віны яшчэ на сьледзтве. Але там ён і сваю віну прызнаў, і пра Канавалава распавёў усё ў дэталях. Пра фізычнае ўзьдзеяньне на яго Кавалёў не казаў, і наглядныя органы гэтага не зафіксавалі.


Сувязь Кавалёва з падрыхтоўкай бомбы 2011 году сапраўды не прасочваецца, і нават калі б ён здагадваўся, што ягоны сябар вырашыў узарваць у мэтро бомбу, ягоны непасрэдны ўдзел у гэтай справе невідавочны

2. Сьведка Пачыцкая — адзіная, хто бачыў яго побач з торбай разам з Канавалавым, але і яна ня кажа, што ён нешта рабіў, памагаючы Канавалаву. Да таго ж сам Канавалаў на допыце гэта адмаўляў. Усё, што казала Пачыцкая адносна Кавалёва, не пацьверджана больш нікім.

Паказаньні сьведкі Пачыцкай сапраўды ў пэўнай частцы сумнеўныя, у прыватнасьці — што да падзей вакол торбы. Але згадайма, што яна ўсё ж змагла распавесьці пра выклік хуткай дапамогі для Канавалава ў міліцыі, а гэты факт быў не на карысьць сьледзтва. Збольшага Пачыцкай усё ж варта давяраць, бо яна ня мае вялікага інтарэсу паклёпнічаць на Канавалава і Кавалёва. Пагрозы быць абвінавачанай у пасобніцтве калі і гучалі на яе адрас, дык, верагодна, толькі дзеля таго, каб прымусіць яе загаварыць як мага хутчэй. Усур’ёз ёй выставіць нешта было немагчыма.


3. Няма ніводнага сьведчаньня, што Кавалёў рэальна нечым дапамог Канавалаву ў зьдзяйсьненьні тэракту. Тое, што ён дапамагаў сябру несьці торбу, — не віна. Гэтак можна залічыць у вінаватыя кіроўцу цягніка мэтро, які перавозіў Канавалава з торбай — таксама дапамог у транспартаваньні. Тое самае адносна перадачы Кавалёвым свайго тэлефона Канавалаву для званку ў кватэрнае бюро. Гэта нельга лічыць дапамогай, бо не ўстаноўленая дамова пра дапамогу: пра што дамовіліся, за грашовую ўзнагароду ці за нейкія паслугі, зь якой мэтай?

Сапраўды не пацьверджана іншымі сьведкамі, што Кавалёў скручваў драты ў бомбе, паяў кантакты ці падносіў торбу, пэўна ведаючы, што там бомба. Але тратыл ён перадаваў Канавалаву, значыць, ведаў пра ягонае "захапленьне«выбуховымі прыстасаваньнямі. «Шыфроўка» Канавалава па прыезьдзе ў Менск павінна была яго насьцярожыць і выклікаць пытаньні. Калі ён іх не задаў сябру, значыць, усё зразумеў сам. Або Канавалаў сам распавёў пра бомбу адразу на вакзале — што і казаў Кавалёў на сьледзтве. Ягоныя паказаньні на сьледзтве робяцца асноўным доказам ягонай віны ў неданясеньні.


4. Вінаватасьць Кавалёва ва ўдзеле ў падрыхтоўцы да тэракту не падмацаваная рэчавымі доказамі, акрамя эпізоду набыцьця тратылу яшчэ да 2008 году. Між тым сувязь гэтага тратылу з бомбай 2011 году ня высьветленая. На самім Кавалёву, на ягоным адзеньні ня знойдзена ніякіх выбуховых рэчываў, якія б сьведчылі пра ягоную ўцягнутасьць у падрыхтоўку тэракту.

Сьледзтва сабрала дастаткова доказаў удзелу Кавалёва ў выпрабаваньнях выбуховых прыстасаваньняў, якія праводзіў Канавалаў. Гэта пацьверджана і на сьледчых экспэрымэнтах. Супадае і паказанае абвінавачанымі месца, дзе хавалі тратыл. Фактам, што на адзеньні Кавалёва няма сьлядоў выбухоўкі, пацьвярджаецца толькі тое, што сам ён непасрэдна выбухоўкі не вырабляў. Аднак іншага сьледзтва і не сьцьвярджае. Між тым сувязь Кавалёва з падрыхтоўкай бомбы 2011 году сапраўды не прасочваецца, і нават калі б ён здагадваўся, што ягоны сябар вырашыў узарваць у мэтро бомбу, ягоны непасрэдны ўдзел у гэтай справе невідавочны.

Пазыцыя аўтара


На месцы сябра журы прысяжных я б адказаў «не вінаваты» на пытаньне, ці вінаваты Кавалёў у пасобніцтве ў зьдзяйсьненьні тэракту ў мэтро. Мяркую, большасьць прысяжных з гэтым бы пагадзіліся

Такім чынам, на месцы сябра журы прысяжных я б адказаў «не вінаваты» на пытаньне, ці вінаваты Кавалёў у пасобніцтве ў зьдзяйсьненьні тэракту ў мэтро. Мяркую, большасьць прысяжных з гэтым бы пагадзіліся.

Што да артыкула аб неданясеньні пра злачынства, Уладзіслава Кавалёва варта было б прызнаць вінаватым. Як мне падаецца, ён альбо пэўна ведаў, альбо здагадваўся пра намеры свайго сябра і хлусіў на судзе, калі адмаўляўся ад паказаньняў на гэты конт.

Тое, што Кавалёў перадаваў тратыл Канавалаву, таксама ня цягне на прызнаньне яго памагатым у тэракце 2008 году, бо няма ніводнага доказу, што ён гэта зрабіў наўмысна дзеля дадзенага злачынства. Дзеяньні Кавалёва тут варта кваліфікаваць як незаконныя дзеяньні з выбухоўкай, што і зрабіў суд па дадзеным эпізодзе.

На маю думку, Кавалёў быў варты пакараньня, меншага за пажыцьцёвае зьняволеньне. Тое, што яго прысудзілі да сьмерці, выглядае помстай за адмову ад паказаньняў, якая сапсавала прызначаны зьверху сцэнар суду. Між тым Кавалёў да апошняга спрабаваў уратаваць сваё жыцьцё, што ўласьціва любому чалавеку.

Гібель Уладзіслава Кавалёва ляжа плямай на беларускую судовую сыстэму, якая на пачатку 21 стагодзьдзя захавала прыкметы сярэднявечча і недалёка адышла ад найгоршых таталітарных прыкладаў. Ягоны лёс будуць згадваць, пакуль у Беларусі ня скончацца спрэчкі вакол захаваньня ці адмены сьмяротнага пакараньня. Прыклад Кавалёва стане яшчэ адным аргумэнтам за адмену гэтай кары.

Аднак і ў прыхільнікаў сьмяротнага пакараньня дадасца свой аргумэнт — гэта ўчынак Канавалава, якога суд прызнаў вінаватым у сьмерці 15 чалавек і пакутах яшчэ соцень.


Ад тэракту 11 красавіка загінулі:
  • Віталь Бакан
  • Віталь Дайнека
  • Сяргей Герасімчык
  • Тацяна Захаркова
  • Андрэй Ільін
  • Раман Капцюх
  • Юры Клімец
  • Ганна Шагойка
  • Натальля Абражэй
  • Анатоль Макейчык
  • Анатоль Наркевіч
  • Галіна Пікулік
  • Сяргей Сярбаеў
  • Вольга Салаўёва
  • Аляксандар Парфунцаў


Мэмарыял «Рака часу» ў памяць ахвяраў выбуху
Мэмарыял «Рака часу» ў памяць ахвяраў выбуху







Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?

Ахоўнікі

Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?

Усё ж: «пілі» ці «білі»?

Лішнія пальцы і сім-картка

Дзіўная спрэчка ў Навінках

Навошта спатрэбіўся дэтэктар хлусьні?

Змывы з твару, рук і адзеньня, сьляды выбухоўкі ў падвале

«Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча «Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча

Адвакаты

Заканчэньне судовых спрэчак

А што б пастанавіў суд прысяжных?



Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Розакларра
02.05.2012 10:01
Погодите-погодите, скоро и Эуропа придет к с.к.
Многовато развелось доморощенных интернет-бомбистов

Імя:: Абазнаны
02.05.2012 10:25
Калі давяраць Пачыцкай, то пытанне Кавалёва да Канавалава: "Ну, як усё прайшло?" якраз такі сведчыць аб поўнай неабазнанасці Кавалёва пра датычнасць Канавалава да тэракту. Быў жа ўключаны тэлевізар! І Пачыцкая з Кавалёвым ведалі пра тое, што адбылося ў метро. Лагічным выглядала б абурэнне: "Што ж ты нарабіў?!" А так пытанне гэткае паказвае на тое, што Канавалаў хадзіў на нейкую сустрэчу, не звязаную з тэрактам. Прынамсі, для Кавалёва гэта выглядала так...

Імя:: Sasha
02.05.2012 13:35
сведущий +100
Адказаць

Імя:: Иван Глинка Горад:: Минск
02.05.2012 19:17
Cтратегической ошибкой Ковалева было то, что не выдержав психологического давления он согласился "сотрудничать"со следствием. Он рассчитывал , что поможет слить Коновалова и отделается небольшим сроком. Эта ошибка стоила ему жизни. Без этих явно вымышленных показаний против него ничего не было, у него было железное алиби и никакой привязки к взрывам в Минске и Витебске. Начав играть по правилам лукашистов , он сам помог себя загнать в капкан , из которого обратного хода у него уже не было.

Імя:: Иван Глинка Горад:: Минск
02.05.2012 18:59
Обвинение слепило классический для белорусской системы винегрет, когда в одну кучу сваливают не связанные друг с другом события. Никакой связи между приобретенным в подростковом возрасте тротилом и взрывами в Минске и Витебске следствие добыть не смогло. Все строилось на явно вымышленных показаниях Ковалева, полученных с процессуальными нарушениями. На суде Ковалев от своих показаний отказался, и оказалось , что эти показания не были закреплены ни фактами , ни следственными мероприятиями. Суд присяжных по обвинению в пособничестве дал бы :"not guilty." А Федорцов со товарищи влепил ст16 ч6, которой здесь и не пахнет.
Відэа