Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XLII. Змывы з твару, рук і адзеньня, сьляды выбухоўкі ў падвале


Фотаробаты падазраваных, якія былі распаўсюжаныя адразу пасьля выбуху
Фотаробаты падазраваных, якія былі распаўсюжаныя адразу пасьля выбуху

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Аўтар працягвае аналіз вэрсіі, якую вылучыла сьледзтва


Вядома, што экспэртыза ня выявіла на твары, руках, на адзеньні Канавалава сьлядоў выбуховага рэчыва. Хоць пробы браліся менш як празь дзень пасьля затрыманьня. Ня менш істотна і тое, што ў падвале Канавалава, дзе ён, паводле сьледзтва, зрабіў выбухоўку і сабраў бомбу (прычым не адну), таксама сьлядоў выбухоўкі не знайшлі. Там знайшлі толькі «дробныя дыспэрсныя рэчывы» — нітрыт натрыю, рэшткі алюмініевай пудры на місцы, ацэтон. Гэтыя рэчывы ўжываюцца для піратэхнічных вырабаў, што і засьведчыла экспэртыза. Адзінае, за што зачапіліся сьледзтва і суд пасьля гэткіх вынікаў экспэртызы, — гэта за сьляды алюмініевай пудры. Маўляў, на змывах, узятых на месцы тэракту, таксама былі знойдзеныя сьляды алюмініевай пудры, і да гэтага можа быць датычны Канавалаў.

Між тым на сьледчым экспэрымэнце Канавалаў зьбіраў бомбу, не выкарыстоўваючы алюмініевую пудру — ва ўсякім разе, ён пра яе ўвогуле ня згадваў. Магчыма, на час экспэртызы сьледчыя яшчэ ня ведалі, што сьляды алюмініевага парашку знойдуць на станцыі мэтро, і не падказалі Канавалаву? Але тады атрымліваецца, што ён зьбіраў бомбу паводле падказкі, і такім прызнаньням цана — нулявая.

Што да сьлядоў выбухоўкі ды проста бэтоннага пылу на адзеньні і твары Канавалава — розум адмаўляецца паверыць, што ніякіх сьлядоў можа і не застацца. Калі гаворка пра поласьці носа, рота, вушныя ракавіны — іх сапраўды можна вымыць мылам, і часьцінкі выбухоўкі знайсьці будзе цяжка. Але як быць з адзеньнем? Са штодзённага жыцьця мы ўсе ведаем, што ў складках адзеньня застаецца пыл, ён зьбіраецца, атрымліваюцца катышкі ў швах, кішэнях, у самых розных месцах. Гэтыя катышкі пылу — выдатная губка для мікрачасьцінак бэтону, пабелкі, граніту. Тым больш калі гаворка не пра летняе адзеньне (майка, шорты), а пры асеньнюю куртку, зімовыя штаны, зімовую спартовую шапачку.

Чаго варта адна куртка Канавалава, якую прадэманстраваў публіцы судзьдзя Аляксандр Федарцоў! Некалькі кішэняў, замкі-маланкі, мудрагелісты каўнер. Цяжка паверыць, што ў гэтай куртцы не захаваўся б пыл ад выбуху, як нас упэўнівае сьледзтва — хіба толькі пасьля хімчысткі ці якой саматужнай апрацоўкі. Але сьледзтва не прадставіла ніякага доказу, што Канавалаў мыў сваё адзеньне пасьля выбуху, хаця б чысьціў куртку шчоткай. Калі б такое было, сьведкі — Пачыцкая і Кавалёў — гэта б бачылі і сказалі. Але ад іх пра гэта нічога не прагучала, ды іх і не пыталіся. Быццам сьледзтва адразу ведала, што сьлядоў няма і быць ня можа.

Памятаю, на пачатку працэсу я падышоў з пытаньнем да адваката Станіслава Абразея: а што са сьлядамі на адзеньні? Трэба шукаць ня толькі сьляды выбухоўкі, а проста сьляды выбуху, якія не маглі не застацца, калі Канавалаў сапраўды быў там. (Я быў не арыгінальны — гэтак разважаў шмат хто на працэсе). Адвакат супакоіў, сказаўшы, што абарона пра гэта ведае і будзе гэтую лінію распрацоўваць. Абарона і распрацоўвала, але суд палічыў інакш — раз сьлядоў няма, то проста яны зьніклі зь нейкіх прычын. А якіх прычын — няважна.



Заўважу на дадатак, што ў падвале Канавалава, на рэчах і ўпакоўцы хімікатаў таксама не было знойдзена ягоных адбіткаў пальцаў. Тут сьледзтва тлумачыла суду, што перад ад’ездам у Менск Канавалаў мог адмыслова зьнішчыць усе сьляды. Але калі ён быў такі прадбачлівы, то мусіў гэтаксама вычысьціць і адзеньне пасьля выбуху. А калі вычысьціў (мыў ці абышоўся шчоткай), то чаму гэтага ня бачыла Пачыцкая? Дзень пасьля выбуху яны былі разам у адной кватэры, яна не магла гэтага ня бачыць, калі б такое было. Між тым, паводле яе сьведчаньня, Канавалаў вярнуўся на кватэру 11 красавіка ў чыстай вопратцы.

Адзін з магчымых адказаў на гэтыя пытаньні: можа, Канавалаў пакінуў плятформу станцыі «Кастрычніцкая» раней за выбух, а на саму Кастрычніцкую плошчу проста прыйшоў зь цікаўнасьці, што там адбылося? Калі прымаць гэтую вэрсію, то, магчыма, якраз на плошчы ён зразумеў, ува што ўляпаўся. А тое, што Канавалаў сапраўды быў на Кастрычніцкай плошчы — факт, даказаны з дапамогай відэа з камэры зьнешняга назіраньня. Цяпер усім вядомы здымак з гэтай камэры, павялічаны і апрацаваны адмыслоўцамі Інтэрполу — на ім добра бачны Канавалаў, які глядзіць у бок уваходу ў мэтро.

Аднак у апошняй высновы ўсё ж ёсьць і істотны мінус. Калі дапусьціць, што Канавалаў ня ведаў, што будзе зь ягонай торбай у мэтро, і ўсьвядоміў усё толькі на Кастрычніцкай плошчы (а не ўсьвядоміць ён ня мог, бо бачыў на свае вочы карэты хуткай дапамогі і пажарныя машыны), то як зразумець ягонае расслабленае «Зараз будзем піць», калі прыйшоў на кватэру да Кавалёва і Пачыцкай? Зусім невінаваты чалавек пасьля такога «адкрыцьця» жахнуўся б і альбо ўцёк, альбо пабег бы здавацца ў міліцыю. Нават «дробны стукачок», якім уяўляе Канавалава Ўладзімер Барадач, у такіх умовах хоць нешта б зрабіў дзеля свайго алібі. А Канавалаў — п’е цэлы дзень, а калі ў дзьверы грукае «Алмаз», асуджана кідае: «Я папаў».

Меркаваньне

Прадстаўнік пацярпелай Аляксандар Крутой: «Я б хутка даказаў, што гэта не Канавалаў і Кавалёў»


Як мы памятаем, на самым пачатку працэсу над «тэрарыстамі» Аляксандар Крутой быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. У канцы 2011 году суд Маскоўскага раёну Менску накіраваў Аляксандра Крутога на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Прадстаўніка пацярпелай Інэсы Крутой больш за 3 месяцы трымалі ў сьледчых ізалятарах у Жодзіна і на «Валадарцы», а на пачатку красавіка Крутой апынуўся ў «Навінках».

Аляксандра я знайшоў у 6-м корпусе псыхіятрычнага шпіталя (што цяпер завецца Навукова-практычным цэнтрам псыхічнага здароўя), на 4-м паверсе, у 17-м аддзяленьні. На вокны і дзьверы там навешаныя моцныя краты. Аднак прайсьці да Аляксандра Крутога на спатканьне аказалася няцяжка — пропускам стала не журналісцкае пасьведчаньне, якое магло толькі насьцярожыць пэрсанал, а пакуначак з апэльсінамі, яблыкамі ды ігрушамі. Мы гутарылі ў пакойчыку з таблічкай «Наведніцкая» над дзьвярыма. Гучна лязгаў кратамі на ўваходзе санітар, запускаючы зь лесьвіцы «калегаў» Крутога па няшчасьці ў сініх піжамах, якія з жартамі і воклічамі заносілі ў аддзяленьне вялізарныя цэбры зь вячэрай.

Адразу было бачна, што прыняцьце ежы тут — сьвятая справа, як, дарэчы, у любым месцы ізаляцыі. Падчас размовы да Аляксандра Крутога двойчы падыходзілі сябры і нагадвалі, што яго чакае гарачае. Але мой субяседнік выявіў да вячэры абыякавасьць і прапанаваў калегам справіцца зь ягонай порцыяй. За прынесеныя мной апэльсіны і яблыкі-йгрушы падзякаваў, дадаўшы, што раздасьць садавіну, бо яму «столькі ня трэба».

Аляксандар Круты. Інтэрвію ў Навінках
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:14 0:00
Наўпроставы лінк


На размову пра Канавалава і Крутога мы выйшлі пасьля гутаркі пра галадоўніка Сяргея Каваленку, якога якраз у тыя дні прывезьлі ў «Навінкі». Крутой назваў камэры, у якіх, паводле ягоных падлікаў, трымалі «тэрарыстаў»: «Канавалава — у адзіночнай камэры № 6 у левым крыле, Кавалёва — магчыма, у камэры № 21 у правым крыле». Пры гэтым Аляксандар Крутой пагадзіўся, што праверыць іх у «псыхушцы» было неабходна, уважаючы на цяжкасьць інкрымінаванага злачынства. Але што да віны Канавалава і Кавалёва, мой субяседнік яе катэгарычна адмаўляе.

Крутой: «Мне як прадстаўніку пацярпелай можна было да суду азнаёміцца са справай. З дакумэнтаў я зразумеў, што Канавалаў раней рабіў спробу суіцыду, а гэта азначае, што ён мусіў быць на адмысловым уліку, пра яго ўсё маглі ведаць і прадбачыць ягоныя дзеяньні».

Аўтар: «Вас на судзе ўжо не было, калі гучалі паказаньні сьведкі, як Канавалаў распавядаў пра сваю спробу скончыць жыцьцё самагубствам і што лекар, які яму пасьля дапамог, папярэдзіў, што калі будзе другая спроба, ён абавязкова паведаміць куды трэба, а пакуль паведамляць ня будзе. Такім чынам, інфармацыя магла і не дайсьці».

Канавалаў раней рабіў спробу суіцыду, а гэта азначае, што ён мусіў быць на адмысловым уліку, пра яго ўсё маглі ведаць і прадбачыць ягоныя дзеяньні
Аляксандар Крутой

Крутой: «Гэта так сказаў лекар ці сьведка, а закон патрабуе іншага. І я мяркую, што так і было, пра яго ведалі. А чаму я ня веру ў іх віну? Шмат доказаў невінаватасьці. Яшчэ б некалькі пасяджэньняў, і я б гэта даказаў. Мяркую, ад мяне таму і пазбавіліся, што гэтага апасаліся.

Возьмем самае простае — адзеньне Канавалава. На ім была чорная куртка зь сямю замкамі-маланкамі. Здаецца, на грудзях па дзьве з абодвух бакоў, унізе на кішэнях яшчэ па дзьве, і на рукаве. Але на чалавеку ў мэтро гэтых маланак ня бачна.

Другое. Пад курткай у яго была надзета зялёная майка. Яркага зялёнага колеру, на першых допытах гэтая майка добра бачная. Але ў рэчах Канавалава, забраных на экспэртызу, зялёнай майкі няма, а ёсьць чорная. Хоць у мяне ёсьць запіс з працэсу, калі судзьдзя сам кажа, што «яны не пасьпелі пераапрануцца». Адкуль узялася чорная майка?

Аўтар: «А як вы тлумачыце прызнаньне Канавалава ў віне? Гэтым прызнаньням ня варта верыць?»

Крутой: «Канавалаў сам распавядаў на сьледзтве, што яго зьбівалі, рабілі яму „ластаўку“. То бок зь яго выбівалі паказаньні. А доказы, здабытыя злачынным шляхам, ня могуць лічыцца доказамі, гэта аксіёма. На жаль, мяне занадта рана прыбралі з працэсу, такіх спрэчных момантаў я б назьбіраў яшчэ шмат. Напрыклад, калі я вывучаў месца выбуху (паводле матэрыялаў справы), то зьвярнуў увагу, што тры целы загінулых апынуліся там, дзе паводле лёгікі іх быць не магло. Зь іх адно цела закінула на рэйкі перад цягніком на Ўручча, а яшчэ адно закінула даволі высока на лесьвіцу. Хіба такое магло быць?»

Аўтар: «Ведаю, пра каго вы кажаце. На рэйках апынулася жанчына, цела якой потым пераехаў цягнік. У судзе выступала яе сястра, яна не была перакананая, ад чаго загінула сястра — ад выбуху ці пад коламі цягніка. А чалавек, якога выкінула выбухам на лесьвіцу — гэта той хлопец, які ў апошні момант перад выбухам зьбягае зь лесьвіцы да цягніка — ён трапіў на відэа, дзе стаіць Канавалаў. Гэты хлопец — сын вядомага спартоўца, Раман Капцюх. Пацярпелы Харанека, таксама спартовец, казаў мне, што, паводле ягоных дадзеных, Раман пасьля выбуху ці крыху вярнуўся назад, ці яго гэтак адкінула, але таму ён апынуўся на лесьвіцы. Калі гэта не Канавалаў і Кавалёў вінаватыя, то хто? У вас ёсьць пэўная вэрсія?»

Крутой: «Пэўнай вэрсіі ў мяне сапраўды няма. Калі б я быў на волі, то працягваў бы сваё расьсьледаваньне, але пакуль гэта немагчыма. Тут пад наглядам мне яшчэ быць амаль паўгода, і тады суд будзе зноў вырашаць, што са мной рабіць».



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?

Ахоўнікі

Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?

Усё ж: «пілі» ці «білі»?

Лішнія пальцы і сім-картка

Дзіўная спрэчка ў Навінках

Навошта спатрэбіўся дэтэктар хлусьні?



Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG