Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XXХIX. Лішнія пальцы і сім-картка


Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Каб больш не вяртацца на «дрэнную» кватэру № 50, на якой арыштавалі Канавалава, Кавалёва і Пачыцкую, адзначу яшчэ два падазроныя моманты. Першы — паводле экспэртызы, на кватэры на вуліцы Караля былі знойдзеныя адбіткі пальцаў невядомай асобы, якую сьледзтва чамусьці ня высьветліла. Тут бачацца толькі дзьве прычыны: альбо кіраўніцтва сьледзтва пакрывае сваіх неахайных падначаленых, якія не знайшлі чалавека, якому належалі гэтыя пальцы (няўжо гэта было настолькі складана, улічваючы базу, сабраную за апошнія тры гады?), альбо яго і не шукалі. У выніку сьпісалі ўсё на тое, што кватэра здавалася ў арэнду, прычым сам арандатар таксама здаваў яе кліентам, перажыло іх у кватэры шмат, вось ад кагосьці лішнія «пальчыкі» і засталіся.

Другі момант — на кватэры знайшлі сім-картку ад мабільнага тэлефона, якую абслугоўваў расейскі апэратар «Мегафон». Дакладна вядома, што Канавалаў, Кавалёў і Пачыцкая такой сім-карткай не карысталіся. Падазроны факт? Безумоўна. Але ў выніку зь сім-карткай адбылася тая ж гісторыя: сьледзтва нічога ня высьветліла пра яе паходжаньне і ўладальніка, хоць зрабіць гэта было яшчэ лягчэй, чым зь лішнімі пальчыкамі. Суд таксама не пажадаў разьбірацца зь сім-карткай. Прычым абарона адмыслова хадайнічала, каб разабраліся — дарэмна. «Што нам гэта дасьць новага?» — пытаўся судзьдзя Федарцоў у адваката Абразея, а паколькі пэўнага адказу не было і быць не магло, хадайніцтва адхілілі. Гэтаксама суд ня стаў разьбірацца з «пальцамі», знойдзенымі ў бомбе 2008 году, якія не належалі Канавалаву. Пра іх мы ўжо распавядалі.

Яўгена Іванца даставілі ў суд пад канвоем — сьведка адбывае пакараньне ў 2-й Бабруйскай калёніі. За што яго пасадзілі, прысутным не паведамілі. Але як сьведка Яўген Іванец паводзіў сябе бездакорна

А вось на яшчэ адным важным эпізодзе справы варта спыніцца. Гаворка пра апытаньне сьведак Яўгена Іванца і Руслана Якімовіча, якія 3 ліпеня 2008 году на сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці на праспэкце Машэрава знайшлі пачак соку «Садочак» з бомбай унутры, у якой і аказаліся адбіткі пальцаў Канавалава. Чамусьці суд не зацікавіла тое, што на пачку не аказалася адбіткаў пальцаў саміх гэтых маладых людзей, хоць яны, згодна зь іхнімі паказаньнямі, бралі пачак у рукі і праводзілі зь ім розныя маніпуляцыі. «О, думаю, халяўны сок», — згадаў Руслан Якімовіч, які, паводле ягоных слоў, зачапіў пачак нагою, ідучы па газоне прыкладна за 150 мэтраў ад гатэля «Плянэта». — «Падняў пачак, адкруціў накрыўку, а адтуль выскачыў мэталічны чорны тумблер».

Сабутэльнік Якімовіча ў той вечар Яўген Іванец у судзе аказаўся яшчэ больш памятлівы. Сьведка Іванец згадаў, як ключом спрабавалі ўзрэзаць пачак, і гэта ім удалося. Усярэдзіне ўбачылі гайкі, правады і нават будзільнік, званок якога быў пастаўлены на «каля 12-й». І толькі тады панесьлі падазроную знаходку да міліцыянтаў.

Да гэтага расповеду ў суду павінна было ўзьнікнуць шмат пытаньняў. Чаго гэта маладыя людзі пачалі ўзразаць пачак, калі пасьля адкрыцьця накрыўкі сок зь яго не паліўся? Нават навобмацак яны мусілі западозрыць, што ў пачку яўна ня вадкасьць, і асьцерагчыся. Між тым адбываецца ўсё наадварот: сьведкі пачынаюць крэмзаць пачак тупым ключом ад аўтамабіля ды яшчэ не спыняюцца, калі бачаць правады і гайкі, а раскрываюць пачак болей — ажно становіцца бачны будзільнік!

Маючы на ўвазе гэтыя паказаньні сьведак, як быць з расповедам Канавалава пра тое, як ён зьбіраў бомбу 2008 году, якая не разарвалася? Канавалаў паказваў, што ўзрэзаў дно пачка, каб зьнізу ўставіць бомбу, і пасьля гэтага заклеіў пачак скотчам. Значыць, Якімовіч і Іванец мусілі бачыць, што пачак пашкоджаны. Бачылі, але ўсё роўна пачалі калупацца ў ім ключом? Нейкія адчайныя храбрацы! Не, калі дапусьціць, што на той момант яны ўжо добра насьвяткаваліся, то гэта магчыма. Але чаго тады вартыя паказаньні гэткіх сьведак?

Варта дадаць такую дэталь. Яўгена Іванца даставілі ў суд пад канвоем — сьведка адбывае пакараньне ў 2-й Бабруйскай калёніі. За што яго пасадзілі, прысутным не паведамілі. Але як сьведка Яўген Іванец паводзіў сябе бездакорна.

Меркаваньне

З артыкула «Экспэрт параўнаў выбух у мэтро з замахам на Гітлера»


Сайт «Ежедневнік», 16.01.2012 .

Працяг размовы зь незалежным украінскім экспэртам Уладзімерам Захматавым

— Паводле вэрсіі сьледзтва выбуховае прыстасаваньне складалася зь дзьвюх плястыкавых шасьцілітровых бутляў, напоўненых сумесьсю аміячнай салетры і гідрапэрыту, зьмешчаных у вялікую спартовую торбу вагой каля 25 кіляграмаў, якая добра бачна на відэа. Скажыце, гэта падобна да праўды?

— Вось якраз калі зыходзіць з маёй вэрсіі, што гэта 10 кіляграмаў у тратылавым эквіваленце, то, улічваючы, што гэта рэчыва самаробнае, зробленае з аміячнай салетры, мы мусім вагу выбуховага рэчыва павялічыць у параўнаньні з тратылам у 2–3 разы. То бок якраз і выходзіць, што вага торбы павінна складаць 25–30 кіляграмаў, гэта якраз дзьве шасьцілітровыя бутлі з салетрай. Аднак гэтая вэрсія прадугледжвае поўны выбух усёй масы выбуховага рэчыва, што малаверагодна ў самаробных зарадах. Большая частка выбуховага рэчыва ў іх не ўзрываецца. Прыкладам, на відэа бачна разьлятаньне часьцінак выбуховага рэчыва, якія гараць, але не ўзарваліся.

— Я вам паказаў фатаздымкі, зробленыя падчас ператрусу ў падвале Канавалава. Скажыце, ці падобна гэта да лябараторыі тэрарыста? Ці мог у гэтых умовах Канавалаў прыгатаваць выбуховае рэчыва і сабраць бомбу?

— Аміячную ж салетру кіпяціць ці нешта зь ёй рабіць ня трэба. Аміячныя выбуховыя рэчывы — сумесевыя. Іх проста зьмяшаў, і ўсё. Аміячная салетра — крыніца кіслароду. Яна пры награваньні ці выбуху імгненна раскладаецца і выдзяляе кісларод. Да яе можна дадаць любы вуглявод, прыкладам, муку, цукар, пілавіньне, дызэльнае паліва і гэтак далей.

— А гэтак званую «кісу» Канавалаў мог вырабіць у дадзеных умовах?

— Я ня веру ў гэта. Вось напісалі, што ён шматкроць вырабляў ініцыявальнае выбуховае рэчыва, але ж гэта чыстае самагубства. У мастацкай літаратуры любяць пісаць пра тое, як выраблялі выбуховыя рэчывы ў царскай Расеі, нарадавольцы ды іншыя. Але шмат якія пісьменьнікі забываюць, што тыя ж нарадавольцы карысталіся вялікай падтрымкай інтэлігенцыі. Яны ж ня самі рабілі выбуховыя рэчывы ў каструльках на кухні, а для іх выбухоўку рабілі адмыслоўцы ў добра абсталяваных лябараторыях Масквы, Санкт-Пецярбургу, Казані, Адэсы. (Вядома, аднак, і пра шматлікія выпадкі ўзрываў пры падрыхтоўцы выбухоўкі ў хатніх умовах, якраз у канцы 19-га — пачатку 20-га стагодзьдзя. То бок хапала і тэрарыстаў, якія выраблялі свае бомбы не ў «абсталяваных лябараторыях». Эсэрка-тэрарыстка Фані Каплан, якая ў 1918 годзе нібыта страляла ў Леніна, амаль страціла зрок ад выбуху бомбы, якую зьбіралі на кватэры. — А. Г.)

Мяркую, у дадзеным выпадку былі ўжытыя не адносна вялікія зарады самаробнай выбухоўкі, а нармальны прамежкавы зарад моцнага выбуховага рэчыва, прыкладам, тратылу. Каб узарваць 6 літраў аманіту, трэба як мінімум 400 грамаў тратылу
Уладзімер Захматаў

Таму я ня веру, што ў падвале можна было вырабіць ініцыіявальнае рэчыва. Потым, ёсьць яшчэ адна бясспрэчная ісьціна. Сумесевыя выбуховыя рэчывы на аснове аміячнай салетры кваліфікуюцца як рэчывы паніжанай магутнасьці. Каб выбухнуць, яны патрабуюць ня проста дэтанатара, а прамежкавага зараду выбуховага рэчыва. Для таго каб гэты зарад выбухоўкі з аміячнай салетры дастаткова поўна ўзарваўся, у кожнай бутлі павінна было быць сама меней па 200-грамовай, а яшчэ лепш — па 400-грамовай тратылавай шашцы. Плюс яшчэ да шашкі павінен быў быць дэтанатар. Мяркую, у дадзеным выпадку былі ўжытыя не адносна вялікія зарады самаробнай выбухоўкі, а нармальны прамежкавы зарад моцнага выбуховага рэчыва, прыкладам, тратылу. Каб узарваць 6 літраў аманіту, трэба як мінімум 400 грамаў тратылу.

— А трыацэтону трыпэраксід ня мог служыць гэтым прамежкавым зарадам?

— Калі б Канавалаў сам яго гатаваў, ён бы даўно ўжо ўзарваўся к чортавай галаве. Вы ведаеце, як робяць ініцыявальныя выбуховыя рэчывы і начыняюць імі ўзрывацелі? Гэта выцяжная гермэтычная шафа, бранявая пліта перад тым, хто працуе, рукі ён усоўвае ў адмысловыя пальчаткі, сам ён яшчэ ў ахоўным строі, з рэсьпіратарам, і толькі тады ён нешта робіць. Гэта стандартныя заводзкія ўмовы. І нават у такіх умовах часта здараюцца няшчасныя выпадкі. Я вырас у горадзе, у Самарскай вобласьці, дзе было чатыры вялікія ваенныя заводы. Першы быў адным з самых вялікіх у СССР па вытворчасьці выбуховых рэчываў (тратылу, гексагену і розных іх варыянтаў, у тым ліку аматолу) і начыненьні боепрыпасаў. Другі завод вырабляў узрывацелі. Дык вось там кожны месяц здаралася па 3–4 няшчасныя выпадкі. Гэта людзі запаўнялі ўзрывацелі — па 1–2 грамы ініцыявальнага рэчыва. Прыкладам, да нітрагліцэрыну дастаткова проста дакрануцца, каб ён узарваўся.

— Вядомы ўкраінскі хімік, дэкан хімічнага факультэту сказаў нам, што вырабіць трыацэтону трыпэраксід нескладана...

— Адна рэч — хімія, і зусім іншае — адмыслоўцы, якія займаюцца вырабам ініцыявальных выбуховых рэчываў. Калі гэты хімік зможа зрабіць у падвале трыацэтону трыпэраксід з захаваньнем усіх нормаў бясьпекі, я здыму перад ім капялюш. Інакш гэта як рулетка — сёньня застаўся жывы, заўтра ўзарваўся. Вы ведаеце, як у інтэрнэце зьявіліся рэцэпты вырабу ініцыявальных выбуховых рэчываў? Гэта была апэрацыя ФБР ЗША, якое гэткім чынам вельмі моцна зьменшыла колькасьць падрыўнікаў-тэрарстаў, якія займаюцца самаробкамі. Яны проста ўзрываліся ў сябе на сваіх кухнях. Гэта надзвычай небясьпечны занятак, і тыя, хто займаецца гэтым у саматужных умовах, яны абавязкова, хутчэй раней, чым пазьней, узарвуцца. Саматужна вырабленыя ініцыявальныя выбуховыя рэчывы, яны літаральна ад павеву ветру могуць узарвацца.





— Як высьветліла сьледзтва, Канавалаў пачынаў з вырабу простых узрыўпакетаў, а потым пачаў паступова рабіць усё больш складаныя прыстасаваньні, і беларускія ўлады назвалі яго ўнікальным хімікам-самавукам. Нават такі ўнікальны хімік таксама ня мог атрымаць у падвале трыацэтону трыпэраксід?

— У ЗША вучоныя яшчэ пяць гадоў таму даказалі, што магчыма ў хатніх умовах і атамную бомбу вырабіць. Я дапускаю верагоднасьць геніяльнага хіміка, але ўсё роўна застаюцца пытаньні. Калі ён сумеў атрымаць трыацэтону трыпэраксід і пры гэтым не ўзарвацца, то як ён яго захоўваў, як яго пераносіў, як яго ініцыяваў, як ён увогуле зьмяшчаў яго ў гэтую бутлю? Да яго ж даткнуцца небясьпечна. Бо дзеля чаго робяць дэтанатары, куды зьмяшчаюць 1-2 грамы ініцыявальнага рэчыва? Іх робяць дзеля таго, каб з ініцыявальнымі рэчывамі можна было б хоць неяк абыходзіцца. Іх у жывым выглядзе нават кранаць небясьпечна. Паводле тэорыі імавернасьці, калі б Канавалаў раней гэтым займаўся, у яго б абавязкова былі б пальцы адарваныя, ці аднаго вока б не было, ці былі б нейкія іншыя пашкоджаньні. Інакш не бывае. [...]

— На адным з допытаў Канавалаў патлумачыў, што ў пэрыяд зь лета 2007 году ён вырабіў ня менш як кіляграм трыацэтону трыпэраксіду, прычым рабіў яго ня менш як 10 разоў, а потым праводзіў выпрабаваньні, узрываючы па 20–30 грамаў. Пры гэтым падчас ператрусу ў падвале Канавалава былі вынятыя сам трыперакіс ацэтону, цыклатрымэтылентрынітрозаамін (ЦТМТНА), а таксама ацэтон і сумесь ацэтону з клеем — для плястыфікацыі трыперакісу ацэтону. Таксама пры ператрусе быў выняты самаробны электрадэтанатар у выглядзе зараду трыацэтону трыпераксіду і электрычнай лямпачкі (вы бачылі яго на фота). Вы па-ранейшаму сьцьвярджаеце, што Канавалаў ня мог вырабіць у падвале трыацэтону трыпэраксід, ужываючы клей для плястыфікацыі? Можа, ён знайшоў спосаб спакойна яго вырабляць і перамяшчаць пры дапамозе клею, які і абараняў ад выпадковай дэтанацыі? Ці мог ён выкарыстаць 200—300-грамовыя зарады плястычнага (пры дапамозе клею) трыацэтонтрыпэраксіду, каб узарваць гэтыя бутлі?

— Тэарэтычна шмат што магчыма. Але практыка выбуху — іншая рэч. Клей — не найлепшы плястыфікатар, але ён павялічвае магутнасьць пачатковага ініцыявальнага імпульсу — то бок патрэбны больш магутны дэтанатар. Я прытрымліваюся свайго погляду. У такіх выпадках ладзяць сьледчы экспэрымэнт. Хай вырабіць асноўны і ініцыявальны зарад выбухоўкі, потым узарвем і паводле відэаздымкаў параўнаем з выбухам у мэтро. Таксама ёсьць сэнс сабраць зарад паводле маёй вэрсіі і параўнаць выбухі. Я гатовы ўдзельнічаць у такім экспэрымэнце — яго плянаваньні і правядзеньні. Але гэта немалая праца і, адпаведна, немалыя страты. Аднак гэта рэальна можа паставіць кропку ў гэтай частцы сьледзтва. Інакш чуткі і плёткі доўга яшчэ будуць хадзіць. (Прапановы прафэсара Захматава не былі пачутыя. На той момант мінула паўтара месяца, як скончыўся працэс. Яшчэ праз два месяцы прызнаных вінаватымі ў тэракце ў мэтро расстраляюць. — А. Г.)

— Калі, паводле вас, у бомбе не было трыацэтону трыпэраксіду, то што ж тады выкарыстоўвалася ў якасьці прамежкавага выбуховага рэчыва?

— Тратыл, гексаген ці іншае магутнае выбуховае рэчыва. Толькі так і магло быць.

— А экспэрты тады павінны былі знайсьці сьляды тратылу ці гексагену?

— Зусім не абавязкова. Калі б тратыл узарваўся сам па сабе, тады магчыма. А так — вакол шашкі знаходзіўся магутны слой іншага выбуховага рэчыва. У звычайнай літай тратылавай шашцы ўзрываецца 80–90% рэчыва, і таму пасьля выбуху магчыма знайсьці рэшткі. А ў дадзеным выпадку гэтыя 10–20% проста згарэлі ў выбуху аміячна-салетравага рэчыва. Пры такой схеме ад тратылу сьлядоў не павінна было застацца, як і ад любога іншага прамежкавага выбуховага рэчыва.

— Калі экспэрты ня мелі магчымасьці вызначыць, якое прамежкавае рэчыва выкарыстоўвалася ў бомбе, то атрымліваецца, што сьледзтва магло абапірацца толькі на паказаньні Канавалава, што ён выкарыстоўваў там трыацэтону трыпэраксід? Выходзіць, ён схлусіў?

— Вядома, схлусіў. Проста не жадаў людзей падводзіць, якія яму тратыл дасталі. Выбухоўку, дэтанатары — усё гэта на чорным рынку магчыма набыць.

— Беларускія экспэрты не змаглі знайсьці і ідэнтыфікаваць часткі спартовай торбы, у якой знаходзілася бомба. Паводле іх словаў, тэмпэратура выбуху ў эпіцэнтры была каля 1000 градусаў і нічога практычна не засталося. Так магло быць?

— Па першае, выбуховая высокатэмпэратурная хваля разрывае торбу і дзейнічае на яе кавалкі цягам тысячных доляў сэкунды, то бок торба хутчэй разрываецца, чым згарае. Але, улічваючы колькасьць выбуховага рэчыва і тое, што прыстасаваньне сапраўды нядрэнна спрацавала, гэта маглі быць проста мікраскапічныя рэшткі гэтай торбы. Таму сапраўды магло нічога не застацца. І потым, у такіх выпадках жа першае, чым займаюцца — гэта ратаваньне людзей. А ўжо пасьля, значна пазьней, пачынаюць шукаць сьляды выбухоўкі. Бо адразу ж пасьля выбуху ніхто ня ведаў, што яна знаходзілася ў торбе. У прынцыпе, торба не павінна была ўся згарэць, але магло і не застацца такіх вялікіх кавалкаў, якія б дазволілі адназначна сказаць, што гэта менавіта тая торба, дзе знаходзілася выбуховае прыстасаваньне. І зноў жа трэба ўлічваць, што там людзі вакол былі, на іх маглі застацца нейкія мізэрныя рэшткі торбы.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?

Ахоўнікі

Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?

Усё ж: «пілі» ці «білі»?


Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG