Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XXХVI. Ахоўнікі


Дагляд на ўваходзе ў судовую залю
Дагляд на ўваходзе ў судовую залю

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

З назіраньняў за судовым працэсам


За больш як пятнаццацігадовую практыку асьвятленьня рознага кшталту судовых працэсаў (апошнія 10 гадоў — у асноўным палітычных) мне ўпершыню давялося бачыць гэткую разнастайную сыстэму бясьпекі, як на працэсе над тэрарыстамі. Паводле колькасьці супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, набору тэхнічных сродкаў ды прыёмаў гэты суд яўна даў бы фору ўсім ранейшым.

Нават тым, на якіх зімой-вясной 2011 году аднаго за адным судзілі пяцёх кандыдатаў на прэзыдэнта ды дзясяткі іх памочнікаў, актывістаў штабоў і проста ўдзельнікаў мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Дарэчы, такія працэсы праходзілі і ў тым жа будынку Палаца правасудзьдзя — толькі ня ў актавай залі, а ў памяшканьнях раённых судоў. У тым ліку суды над Андрэем Саньнікавым і Міколам Статкевічам ды Дзьмітрыем Вусам. Прызнаюся, у мяне нават склалася ўражаньне, што тады праходзілі яшчэ «манэўры», а сапраўдную моц дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны ўсе пабачылі на працэсе над «тэрарыстамі».

Каб толькі трапіць у будынак Палаца правасудзьдзя, трэба было спачатку пераадолець міліцэйскі кардон на ўваходзе: у цябе спраўджвалі дакумэнты, прычым журналістаў заносілі ў адмысловы сьпіс. Вядома ж, зазіралі ў торбы і магніцілі цела мэталашукальнікам.

Другі кардон чакаў наведнікаў на ўваходзе ў актавую залю: спачатку яшчэ адна рэгістрацыя паводле пашпарта ці службовага пасьведчаньня, потым «рамка» — мэталашукальнік. Калі прайшоў «рамку», яшчэ раз прамагніцяць ручным мэталашукальнікам, дастануць усе рэчы з торбы і правераць нават драты да гуказапісной апаратуры.

Відэакамэру ці фотаапарат з сабой пранесьці забароняць, і давядзецца разварочвацца і адносіць тэхніку для здымак у гардэроб, а потым вяртацца і зноў праходзіць тыя ж этапы. Працэс праверкі і ваш уваход у залю будзе здымаць на відэа адмысловы супрацоўнік.





У судовай залі ўсё як і ў першы дзень працэсу. Той жа ланцуг амапаўцаў: стаіць перад сцэнай, супрацоўнікі ў цывільным з дратамі ў вушах сядзяць уздоўж бакавых праходаў амаль праз кожны шэраг. На пачатку сцэны ўсталяваныя дзіўныя прыстасаваньні на трыногах, падобныя да схаваных пад капелюшы відэакамэр. Час ад часу «капелюшы» павольна паварочваюцца вакол сваёй восі, быццам здымаючы ўсю залю. Пазьней журналісты вырашылі, што гэта ўсё ж ня камэры, а глушылкі сыгналаў мабільнай сувязі.

Мяркую, задзейнічаных у ахове і назіраньні за заляй супрацоўнікаў сілавых структур у некаторыя дні было агулам ня меней, чым публікі. Прычым да ўжо названых варта дадаць дзьве групы супрацоўнікаў у цывільным (штодзень розных), якія правяралі наведнікаў на абодвух уваходах у залю. Вызначыць, зь якой яны міліцэйскай управы, было нескладана, бо іхнія твары запомніліся ўвечары 19 сьнежня і падчас разгонаў маўклівых акцыяў улетку 2011 году. Усе яны былі падначаленыя палкоўніка міліцыі Ігара Яўсеева. З адным з тых, хто круціў мне рукі, ведучы ў «варанок» падчас падобнай акцыі, сутыкнуўся, як кажуць, нос у нос і ў гэтым судзе. Маладён зрабіў выгляд, што мяне не пазнаў.





Кожная зь дзьвюх групаў складалася з 5–7 чалавек, зь іх 2–3 проста стаялі побач з уваходам, нічога пэўнага ня робячы. Усіх яўна не было чым заняць. У кожнай групе абавязкова было па 1–2 маладыя жанчыны, якім звычайна даручалі правяраць торбы. У прамежках паміж гэтым цікавым заняткам міліцыянэркі ажыўлена абмяркоўвалі падзеі з пазаслужбовага жыцьця. Мяркую паводле асобных слоў, якія выпадкова даляталі да мяне, пакуль стаяў у чарзе. Не падумайце, адмыслова не прыслухоўваўся.

А ці падслухоўвалі, наадварот, міліцыянты — нас, журналістаў, а таксама публіку? Збольшага на гэтым працэсе я такіх спэцмерапрыемстваў не заўважаў, але раней здаралася. У прыватнасьці, на працэсе ў Фрунзенскім судзе, дзе судзілі кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама іншых удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня. Аднаго разу на свае вочы бачыў, як у фае да чаргі тых хто чакаў пачатку працэсу, наблізілася супрацоўніца ў цывільным строі і, зайшоўшы ў натоўп, «наставіла лякатары» — аж замерла, прыслухоўваючыся да звычайнай балбатні журналістаў. Давялося ўголас загаварыць пра «шпіёнаў вакол» і тады «лазутчыца», кінуўшы на нас томны позірк, павольна адышлася. Аднак, паўтаруся, на працэсе па справе тэракту падобных яўных «апэратыўных дзеяньняў» не назіраў.

Таксама ўвесь час у фае знаходзіліся некалькі службоўцаў у цывільным з рацыямі. «Праверка пачалася», «праверка скончылася», — бубнілі хлопцы ў свае дапатопныя «цагліны» з антэнамі. У прасаваных штанах, у начышчаных штыблетах з даўгімі насамі яны важнічалі і выхваляліся, быццам перад дзеўкамі на вясельлі. Далей, назіраючы за ўсімі, стаялі яшчэ нейкія мужыкі, але больш строгіх паводзінаў — яўна са спэцслужбаў. Гэтыя ні ўва што ня ўмешваліся, але паўсюль прысутнічалі. Ну і, зразумела, у двары за агароджай суду знаходзіліся яшчэ нейкія байцы, узброеныя аўтаматамі, у масках і бронекамізэльках. Іх можна было ўбачыць толькі на імгненьне, калі перад працэсам два мікрааўтобусы з абвінавачанымі куляй уляталі ў судовы двор і гэтак жа імкліва выляталі зь яго пасьля паседжаньня.

За бусікамі, але павольна, выяжджаў цяжкі пажарны аўтамабіль. Кажуць, што раніцай ён зьяўляўся да Палаца правасудзьдзя нават раней за даішнікаў, якія блакітна-чырвоным знакам перагароджвалі ўезд на паркоўку. Таксама кожную раніцу да Палаца правасудзьдзя прыяжджала карэта хуткай дапамогі. Са скрыпам адчыняліся дзьверцы, і з машыны павольна вылазілі лекары ў малінавых камізэльках, зь вялікімі куфрамі ў руках. Гэта былі найчасьцей маладыя жанчыны.

Мэдычная брыгада сядзела ў судовай залі ў першых шэрагах і да працэсу дружна шчабятала пра сваё, жаночае. Запомнілася кабетка, якая бясконца гладзіла сьветлыя валасы белай, як цукар, рукою. Месца лекаркі было насупраць амапаўца ў шэрым бэрэце з грозным позіркам, але страж парадку зь мяккім падбародкам нядаўняга школьніка ўпарта глядзеў скрозь яе ў залю. Відаць, ні на сэкунду не забываў пра строгі загад айцоў-камандзіраў не прапусьціць дывэрсіяў ці правакацыяў.

Людзі ў цывільным ахоўваюць маці Ўладзіслава Кавалёва
Людзі ў цывільным ахоўваюць маці Ўладзіслава Кавалёва



З убачанага на гэтым працэсе зрабіў выснову, што існуе сакрэтная градацыя ступеняў аховы, паводле якой працэс над меркаванымі тэрарыстамі апынуўся на вышэйшай прыступцы. Магчыма, яна гэтак і завецца — «тэрарыстычная» ці «надзвычайная». Або для яе пазначэньня выбраны пэўны колер. Прыкладам, чорны. Пры відавочнай адсутнасьці якіх-колечы прыкмет агрэсіі з боку пацярпелых ці публікі да сваякоў асуджаных, дый любых агрэсіўных паводзінаў на судзе, такая колькасьць праваахоўных сілаў выклікала думкі толькі пра адно — што байцоў няма чым заняць і што іх камандзіры зацікаўленыя ў пэўнай эскаляцыі напружанасьці. Бо праз гэта апраўдваюць сваё існаваньне, заробкі і ўзнагароды.

Толькі адзін раз бачыў, калі шмат ахоўнікаў раптам спатрэбіліся — і дзеля чаго! Абсалютна на нікчэмную справу. Гэта было пасьля абвяшчэньня прысуду, калі публіка высыпала ў фае, а журналісты нарыхтаваліся браць камэнтары. З залі выйшла маці Кавалёва, але наблізіцца да яе журналістам не далі — ахоўнікі абступілі жанчыну і праводзілі яе да прыбіральні, а самі засталіся на ўваходзе, не пускаючы туды іншых жанчын. Выглядала ўсё па-дзікунску: у калідоры побач з прыбіральнямі стаіць натоўп, ніхто нічога ня ведае і не разумее, што будзе далей. Толькі рацыі гучаць вакол: «Яна ў прыбіральні», «яна ў прыбіральні».

Яшчэ шмат ахоўнікаў былі патрэбныя кожны дзень пасьля заканчэньня паседжаньня: зацягваць у аўтобусы зь цёмнымі вокнамі цяжкія рамкі мэталашукальнікаў, нейкае іншае абсталяваньне. Я зьняў аднойчы гэты «складаны» працэс на відэа для застаўкі. Раптам падыходзіць камандзір у цывільным і патрабуе ўсё зьнішчыць, бо «хлопцы ўбачаць і пакрыўдзяцца». Я паабяцаў зьнішчыць. Ён ня стаў пераправяраць, паверыў на слова. Таму я сапраўды ня выкарыстаў гэтыя кадры.

Але іншым разам мне не паверылі — гэта было на абвяшчэньні прысуду. Усе тыя міліцыянты ў цывільным, якія сядзелі ўздоўж праходу, былі задзейнічаныя на тое, каб сачыць за заляй. Адзін зь іх убачыў, што я карыстаўся відэакамэрай у мабільным тэлефоне. Пасьля прысуду мяне спынілі на выхадзе з залі і завялі ў асобны пакой, застаўлены самай рознай апаратурай. Мяркую, гэта быў пакой нейкай спэцслужбы. Ва ўсякім разе, супрацоўнікі, якія карысталіся той апаратурай, нечым няўлоўным адрозьніваліся ад міліцыянтаў у залі.

Гуляць у кошкі-мышкі зь імі ня мела сэнсу — я проста аддаў ім свой апарат, а сам пабег у фае, дзе мяне чакала відэакамэра, каб здымаць камэнтары. Калі празь 10 хвілін вярнуўся, «мабілу» ўжо прафэсійна пачысьцілі. Аднавіць зьнятае не ўдалося нават з дапамогай самай хітрай праграмы. Калі я сыходзіў з «тэхнічнага» пакоя спэцслужбы, то чуў з актавай залі нейкі лязг, быццам далёкі звон нерытмічна зьвінеў. «Дзынь, дзянь, дзынь». Гэта дайшла чарга разьбіраць жалезную клетку, у якой на працэсе сядзелі Канавалаў і Кавалёў.




Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?



Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG