Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы і хакейная фэдэрацыя Швэцыі маюць розныя пазыцыі


Удзельнікі кампаніі міжнароднай кампаніі «Не гуляйце з дыктатарам» супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету 2014, прадстаўнікі швэдзкай Östgruppen сустрэліся зь кіраўніцтвам нацыянальнай фэдэрацыі хакею. Кожны з бакоў выклаў сваю пазыцыю, што да месца правядзеньня чэмпіянату.

Швэдзкае радыё апублікавала на сваім сайце інтэрвію старшыні швэдзкай хакейнай лігі Крыстэра Энглунда і кіраўніка праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціна Ўглы.

«Мы мелі вельмі добрую размову, — сказаў журналістам Крыстэр Энглунд, — але ў рэшце рэшт мы захоўваем за сабой права заставацца пры сваім меркаваньні, як у пытаньні месца правядзеньня ЧС, так і у пытаньні, што такое палітыка і што такое спорт».

Паводле старшыні Швэдзкай хакейнай лігі, рашэньне адносна правядзеньня хакейнага першынства прымаюць на падставе тых каштоўнасьцяў, якія па-за палітыкай. Сумяшчаць гэтыя рэчы ніяк нельга, а таму «швэдзкі хакей не падзяляе патрабаваньняў пра перанос сталіцы першынства ў 2014».

У сваю чаргу кіраўнік Östgruppen Марцін Угла ў інтэрвію швэдзкаму радыё адзначыў: «Існуе, аднак, нямала аспэктаў, якія цесна зьвязваюць спорт ды палітыку ў Беларусі. Адным з яркіх прыкладаў ёсьць тое, што ў створаны ў Беларусі аргкамітэт па падрыхтоўцы ЧС-2014 ўваходзяць выключна тыя міністры ды чыноўнікі, якія цесна супрацоўнічаюць з рэжымам».


Міжнародная фэдэрацыя хакею разгледзіць пытаньне пра перанос чэмпіянату сьвету зь Менску. Гэтае пытаньне ўнесена ў парадак паседжаньня фэдэрацыі, якое заплянаванае на травень у Хэльсынкі.

Чэмпіянат павінен адбыцца ў траўні 2014 году ў Менску.

Ідэя перанесьці яго ў іншае месца зьявілася пасьля разгону акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 году.

Пад заклікам перанесьці чэмпіянат падпісаліся многія палітычныя і грамадзкія дзеячы з усяго сьвету. Ідэю пераносу чэмпіянату зь Беларусі падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША.

Супраць пераносу выступае Расея.

У гісторыі ўжо быў прэцэдэнт перанясеньня чэмпіянату з аднае краіны ў іншую. У сувязі з уварваньнем дзяржаваў Варшаўскага пакту ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе хакейны чэмпіянат 1969 году праводзіўся ня ў Празе, як было заплянавана раней, а ў Стакгольме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG