Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненыя актывісты патрабуюць справядлівасьці


12 красавіка ў Магілёве й Бабруйску разглядаліся пазовы звольненых актывістаў незалежных прафсаюзаў.

У абласным цэнтры сябра прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі і ягоны калега з Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Расюк дамагаліся зьмяненьня фармулёвак звальненьня з выплатай кампэнсацыі. У Бабруйску сябра прафсаюзу РЭП Канстанцін Локцеў патрабаваў аднаўленьня на працы і таксама выплаты кампэнсацыі.

Муляра Аляксея Паўлоўскага звольнілі з акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд» па сканчэньні кантракту. З фармулёўкай актывіст не пагадзіўся. Зьвярнуўся ў суд з патрабаваньнем зьмяніць яе на іншую — «звольнены з ініцыятывы работніка праз парушэньне наймальнікам умоваў кантракту». Акрамя таго, актывіст дамагаўся выплаты трохмесячнага сярэдняга заробку паводле працоўнага кантракту і двухтыднёвага — паводле Працоўнага кодэксу. Сёньня ў Кастрычніцкім судзе было падпісана міравое пагадненьне між Паўлоўскім і «Прамжылбудам». Паводле пагадненьня актывісту да 25 красавіка зьменяць фармулёўку звальненьня на тую, якой ён дамагаўся, і выплацяць больш за 11 мільёнаў рублёў кампэнсацыі:

Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі
«Я цалкам задаволены выракам. Усё, што патрабаваў, усё выканана. Пяцьдзясят зь лішнім парушэньняў, як высьветлілася, мелі месца. Мы паднялі і калектыўную дамову, і кантракт. Былі накіраваныя скаргі своечасова ў кантрольныя органы, санстанцыі, інспэкцыі працы, і тыя далі такія адказы, якія не давалі магчымасьці арганізацыі неяк выйграць гэты суд», — заяўляе Аляксей Паўлоўскі.

Сёньня ж у Ленінскім судзе Магілёва пачаўся разгляд пазову сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалая Расюка супраць Упраўленьня капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму. Патрабаваньні — тыя ж, што і ў Паўлоўскага. Будаўнічая арганізацыя «Інвэстсыстэм», дзе раней Расюк рабіў электрыкам, збанкрутавала. Яго і іншых работнікаў перавялі ва Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва. Па заканчэньні кантракту Мікалаю Расюку паведамілі, што ўпраўленьне зь ім працоўных адносінаў працягваць ня будзе.

Мікола Расюк
Мікола Расюк
«Мяне звольнілі незаконна й не па-людзку. Я чарнобылец. Стаю на дыспансэрным уліку. Тры гады да пэнсіі. Папярэдняе кіраўніцтва мяне на працы трымала як добрага спэцыяліста. Я дужа не зьвяртаў увагі на парушэньні маіх працоўных правоў. Я працаваў, мяне паважалі. Новае кіраўніцтва вырашыла мяне пазбавіцца», — зазначае Мікалай Расюк.

Бабруйскі раённы суд разглядае пазоў яшчэ аднаго актывіста прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці, Канстанціна Локцева. Яго звольнілі з кацельнай аздараўляльнага лягеру «Мара» — нібыта за прагул. Адказчыкам на працэсе выступае жылкамгас Бабруйскага раёну. Локцеў заяўляе, што звольнілі яго праз грамадзкую дзейнасьць:

«З рэпрэсіямі, з наведваньнем працы супрацоўнікамі КДБ і ідэалягічных службаў выканкаму. Яны нават цікавіліся мною пасьля звальненьня — ці звольнены я. Яны лічаць, што я мушу прайграць працэс. Яны адпрацавалі пытаньні са сьведкамі. Дамагаюся — аднаўленьня на працы, каб зьнялі артыкул за прагулы і атрымаць кампэнсацыю за дні, якія я змарнаваў пасьля звальненьня».

Раней ад Магілёўскага домабудаўнічага камбінату дамогся, каб яму зьмянілі фармулёўку прычын звальненьня і выплацілі кампэнсацыю, сябра Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Алег Аксёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG