Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скурко: «Нашу Ніву» хочуць трымаць на кручку


Андрэй Скурко
Андрэй Скурко

Рэдакцыя газэты «Наша ніва» атрымала копію ліста за подпісам генэральнага дырэктара «Амкадора» Валерыя Кандратчыка ад 9 красавіка 2012 году міністру інфармацыі Беларусі Алегу Праляскоўскаму. У ім Кандратчык «пераканаўча просіць» вынесьці газэце папярэджаньне за распаўсюд няпэўнай інфармацыі і прыняць «іншыя меры, прадугледжаныя заканадаўствам».

Кандратчык абураецца артыкулам «Мільянэр са скальпэлем», які быў надрукаваны ў «Нашай ніве». Артыкул прысьвячаўся старшыні рады дырэктараў «Амкадора», сэнатару Аляксандру Шакуціну. Прэтэнзіі прадпрыемства да газэты камэнтуе галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко.

Скурко: «Нэрвовая рэакцыя прадпрыемства на артыкул у „Нашай Ніве“ нам цалкам незразумелая. За мяжой за такія артыкулы прадпрыемства яшчэ пазьней рэкляму ў газэту дае. Бо гэты артыкул я б залічыў да жанру „гісторыя посьпеху“. Там распавядалася пра прадпрыемства, ягонага ўласьніка, пра тое, з чаго складаюцца ягоныя прыбыткі.

Адразу ж на наступны дзень пасьля публікацыі нам пазванілі і сказалі, што здарылася памылка з фатаздымкам — замест Шакуціна на здымку спадар Кандратчык. Але гэтае фота мы купілі ў дзяржаўнага агенцтва БелТА, і там было падпісана менавіта так. Мы адразу ж паабяцалі „Амкадору“ зьмясьціць у наступным нумары ўдакладненьне, хоць гэта ня наша памылка, і паводле закону аб друку адказнасьць у такіх выпадках нясе інфармагенцтва.

І вось раптам мы атрымліваем ліст ад „Амкадора“, у якім сем пунктаў прэтэнзіяў. Некаторыя зь іх проста кур’ёзныя (падрабязьней пра гэта можна прачытаць на сайце „Нашай Нівы“). Дадамо, што ўсе лічбы ў нашай публікацыі мы бралі з афіцыйных крыніцаў».

Карэспандэнт: «А як вы ацэніце тое, што ліст з „Амкадора“ накіраваны ў Міністэрства інфармацыі? Чаму прадпрыемства не пажадала вырашыць свае прэтэнзіі ў дыялёгу з газэтай, а замест гэтага адразу накіравала іх у Міністэрства інфармацыі?»

Скурко: «Так, гэта выклікае зьдзіўленьне. Тым больш што заканадаўства прадугледжвае менавіта такі шлях — спачатку „пакрыўджанае“ прадпрыемства зьвяртаецца да газэты, і яны разам спрабуюць разьвязаць канфлікт.

Тут ёсьць адна істотная акалічнасьць, на якую хочацца зьвярнуць увагу. 14 красавіка сканчаецца тэрмін дзеяньня аднаго з папярэджаньняў газэце „Наша Ніва“, якое было вынесенае пасьля выбуху ў мэтро. І калі Мінінфарм дасьць НН новае папярэджаньне, то гэта будзе значыць, што газэта зноў будзе „на кручку“. І ў любы момант чыноўнікі могуць ініцыяваць справу аб яе закрыцьці. Вядома, можа, гэта супадзеньне. Але мы даволі даўно працуем у сфэры незалежных СМІ, каб верыць у такія „супадзеньні“».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG