пятніца, 18 красавіка 2014, Менск 06:04

Праграмы / Госьць на Свабодзе

Дубавец: У незалежнасьці Беларусі сур'ёзны ўклад Арыны

На пытаньні Свабоды адказаў пісьменьнік і журналіст Сяргей Дубавец. Напярэдадні ў Вільні пасьля кароткай цяжкай хваробы на 51-м годзе жыцьця памерла дзяячка новага беларускага адраджэньня Арына Вячорка. Пра яе і пра яе ўклад у беларушчыну за апошнія 30 гадоў мы зь Сяргеем Дубаўцом і пагаворым.

Майстроўня сьпявае на хорах заслаўскай бажніцы, 1982 год. Арына Вячорка трэцяя справа.
Майстроўня сьпявае на хорах заслаўскай бажніцы, 1982 год. Арына Вячорка трэцяя справа.
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Абламейка: Як і калі вы пазнаёміліся з Арынай Вячоркай?

Дубавец: Гэта было вельмі даўно, у другой палове 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Я быў знаёмы зь Вінцуком Вячоркам, мабыць, з 1974 году. Мы вучыліся ў адной школе (я на два гады старэйшы), і калі Вінцук стаў сябраваць з Арынай, тады мы і пазнаёміліся. А пасьля я быў сьведкам на іхным вясельлі.

Абламейка: Цяпер вы рыхтуеце да друку кнігу «Гісторыя аднаго цуду», якая прысьвечана стварэньню і дзейнасьці першай нефармальнай грамадзкай арганізацыі – Беларускай Майстроўні. Ёсьць там разьдзел і пра Арыну Вячорку. Пра што вы там пішаце?

x
Дубавец: Кніга называцца будзе «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду». У ёй больш за 50 разьдзелаў, усе яны прысьвечаныя канкрэтным людзям, удзельнікам першай беларускай нефармальнай арганізацыі, якая ўзьнікла ў 1980 годзе. Аснова кожнага разьдзелу – інтэрвію з майстроўцамі. Яны ўсе непадобныя, з унікальным досьведам жыцьцёвым, усе асобы. У тым ліку і Арына, якая ў Майстроўні была неад'емным элемэнтам гэтага цуду. Вось яна там сама распавядае пра тыя часы і пра пазьнейшыя часы. Гэта ейны расповед пра сябе.

Абламейка: Мая жонка вучылася з Арынай і Вінцуком Вячоркамі ў адным клясе 4-й менскай школы. Яна кажа, што ўжо ў старэйшай школе іх нельга было аддзяліць адно ад аднаго. Гэтак тандэмам яны і пасьля ішлі па сваёй жыцьцёвай дарозе. Як бы вы ацанілі сілу і эфэктыўнасьць гэтага тандэму?

Дубавец: Па плёнах... У Майстроўні лідэрам быў Вінцук, і ягоным заплеччам, абсалютна надзейным, была Арына. З Майстроўні пасьля вырасла мноства нефармальных суполак маладзёвых, якія пасьля ўтварылі нефармальны рух у Беларусі, які пасьля перарос у групы падтрымкі БНФ, што ўрэшце прывяло да стварэньня апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і абвяшчэньня незалежнасьці краіны. Большага выніку жадаць і не выпадае. І ва ўсім гэтым вялікім дасягненьні, у стварэньні незалежнай краіны Беларусі ёсьць вельмі сур'ёзны ўклад і Арыны Вячоркі.

Абламейка: Які ў вас галоўны асабісты ўспамін пра Арыну Вячорку?

Дубавец: Гэта ўражаньне ад яе самой, чалавека надзвычай абаяльнага, разумнага, здольнага нелінейна мысьліць. А калі канкрэтна згадваць, дык гэта 1978 год, калі мы сваім вузкім колам задумалі стварыць падпольную друкарню. Ігар Гермянчук працаваў на Менскім паліграфкамбінаце і выносіў адтуль наборныя шрыфты. Тады друкарскія формы складаліся з асобных мэталёвых літарак. І гэтыя літаркі раскладаліся па кішэнях на фартуху мэтранпажа. Мноства кішэнек, кожная для кожнай літаркі. І тады Арына ўзялася й пашыла такі вось адмысловы фартух для нашай друкарні.

Абламейка: Што, на вашу думку, самае моцнае з тых шматлікіх справаў і чынаў, якімі адзначылася Арына Вячорка ў беларушчыне ў апошнія тры дзесяцігодзьдзі? Гэта пэдагагічная дзейнасьць, рыцарскія клюбы, старажытная беларуская музыка ці нешта іншае?

Дубавец: Я думаю, што ўсё ў сукупнасьці, таму што (яна й сама пра гэта казала) ў Беларусі вельмі шмат таленавітых людзей, творчых людзей. Але іх творчасьць існуе часта як бы сама для сябе. І патрэбная нейкая сіла, якая пачне гэта раскручваць, вазіць па сьвеце, запісваць у студыі, выдаваць у дысках, здымаць у фільмах... Тады ўсе гэтыя таленты прыходзяць у рух, дзякуючы дзейнасьці вось такога мэнэджэра. А такія мэнэджэры звычайна рэдкія людзі. Асабліва калі казаць пра беларушчыну. Вось зараз Арыны няма, і напэўна вялікая колькасьць ідэяў і праектаў так і не ажыцьцёвіцца.

Абламейка: Сёньня ў нашым эфіры кампазытарка Ларыса Сімаковіч акрэсьліла дзейнасьць Арыны Вячоркі ў апошнія дзесяцігодзьдзі словамі «ціхі гераізм». Ці згодныя вы з гэтай характарыстыкай?

Дубавец: Не магу не пагадзіцца з Ларысай Сімаковіч. Хіба што сам бы акрэсьліў гэта як творчае падзьвіжніцтва. Гераізм заўсёды безаглядны. А тут – творчасьць, праца, кантакты, сувязі, дачыненьні. Тут трэба мець вельмі адмысловы талент, бо ня кожны ўмее наладзіць адносіны, ня кожны ўмее размаўляць зь людзьмі. Арыне, мне здаецца, гэта ўсё было проста, да душы і адпавядала яе натуры.

Слухаць размову цалкам можна тут:

Гутарка зь Сяргеем Дубаўцом, 10 красавіка 2012 году
Гутарка зь Сяргеем Дубаўцом, 10 красавіка 2012 годуi
|| 0:00:00
...
 
🔇
X

Тэгі: дубавец, Арына Вячорка


Сяргей Абламейка

ablameikos@rferl.org
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Інэса Кур'ян Горад:: Менск
10.04.2012 23:44
Хочацца самымі цёплымі словамі ўзгадаць гэтага цудоўнага чалавека. Для мяне яна на заўсёды прыклад цішыні і станоўчасці ў дзеяннях - што ёсць нейкі ўвасоблены вобраз сапраўднай беларускай жанчыны - негалосная, вельмі светлая, без кампрамісу і бруду. Светлай ёй дарогі!

Імя:: Папурэнка Горад:: Менск
11.04.2012 00:15
Арына-гэта зорка Вэнэра... Цяперака --- сярод зорак... Сьветлая памяць...

Імя:: Таццяна Горад:: Вільня
12.04.2012 11:56
З " Майстроўні" памятаю Арыну сціплай, ціхай і спакойнай ,але разам з гэтым вельмі адданай сваёй справе і з багатымі ведамі аб Беларусі....Вельмі шкада.... Мае спачуванні Вінцуку і іх дзецям....
Відэа