Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазынскі здымае «жалезную лэдзі»


Валеры Мазынскі
Валеры Мазынскі
Рэжысэр Валеры Мазынскі здымае дакумэнтальна-мастацкі фільм пра Палуту Бадунову (1885-1938), аднаго зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў ды сябра Рады і Народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі, у якім яна была сакратаром (міністрам) сацыяльнай апекі.

У жыцьцяпісе Бадуновай ёсьць чэскі эпізод. У 1923-1925 гадах яна жыла ў Празе. Тут паступіла ва Ўкраінскі вышэйшы пэдагагічны інстытут імя М. Драгаманава. Але з-за цяжкага стану здароўя вучоба была перапыненая.

У пачатку 1925 году Бадунова вярнулася ў Беларусь, каб прыняць удзел у беларусізацыі жыцьця ў рэспубліцы. Спрабавала наладзіць супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай культуры ў Менску, потым пераехала ў Гомель, дзе працавала настаўніцай.

3 верасьня 1937 году Палута Бадунова была арыштаваная. 30 лістапада Асобая тройка НКВД БССР вынесла прысуд — 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў. 25 траўня 1938 году прысуджаная да вышэйшай меры пакараньня. Расстраляная 29 лістапада ў Менску. Рэабілітаваная 21 чэрвеня 1989 году пастановай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР з прычыны адсутнасьці складу злачынства.

На галоўную ролю дакумэнтальна-мастацкай кінастужкі рэжысэр запрасіў гомельскую сяброўку Беларускай асацыяцыі журналістаў Ларысу Шчыракову. У кінастужцы здымаюцца таксама грамадзкія актывісты з Гомелю.
Ларыса Шчыракова ў ролі Палуты Бадуновай
Ларыса Шчыракова ў ролі Палуты Бадуновай

Карыстаючыся побытам спадара Мазынскага, Ларысы Шчыраковай і Зьмітра Карашкова на здымках у Чэхіі, мы папрасілі рэжысэра распавесьці пра гэты фільм і працу над ім.

Мазынскі: Мы далі яму назву «Палута Бадунова — успомніць і не забыць». З самой назвы вынікае, што гэта забытае імя. Некалі яно было вельмі папулярнае і вядомае. Нават Купала ў сваіх «Тутэйшых» узгадвае яе — «цётка Бадунова таксама едзе на белай кабыле з Смаленску». Але сёньня гэтае імя забытае, як многа іншага. Хацелася б гэтую жанчыну, гэтую «жалезную лэдзі» — як яе называюць многія навукоўцы і гісторыкі, якія сёньня падымаюць архіўныя дакумэнты, прыгадаць.

Трэба сказаць, што ідэя зрабіць гэты фільм належыць ня мне, а гамельчукам, у прыватнасьці — журналістцы і гісторыку Ларысе Шчыраковай. Яна паводле кніжкі Валянціны Лебедзевай і пачала сама здымаць яго. А потым зьвярнуліся да мяне, відаць, як да больш прафэсійнага чалавека, каб я ўлез у гэтую справу і папрацаваў з акторамі, бо ў фільме многа рэканструкцыі.

РС: Значыць, у вашым фільме будуць элемэнты інсцэнізацыі?

Мазынскі: Так, бо дакумэнтаў аб Бадуновай няшмат захавалася. Частка, відаць, была зьнішчаная. І сёньня, мабыць, ня ўсё яшчэ адкапана ў архівах. Я ня ведаю, калі гэта будзе дазволена. Але тое, што ўжо сёньня ёсьць, гаворыць пра вельмі неардынарную асобу. І ведаеце, сытуацыя з тымі эсэрамі так нагадвае сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі... Мне захацелася нейкім чынам зрабіць гэтае параўнаньне. Тут такая акалічнасьць, што гэтыя сваркі і звадкі, якія вечна перасьледуюць нашы палітычныя сілы і розныя групоўкі, аказваецца, былі ва ўсе часы.

РС: Вы робіце фільм пра ўсё жыцьцё Палуты Бадуновай, а ў Чэхію прыехалі зьняць чэскі эпізод зь яе жыцьця, так? Можаце коратка нагадаць, у чым ён заключаўся?

Мазынскі: Гэта той момант, калі яна мусіла эміграваць, калі яны з Рады БНР спачатку выехалі ў Бэрлін і там перасварыліся. Як ведама, Чэхія прыняла беларусаў, дала ім прытулак. Тут яна пачала вучыцца ў інстытуце Драгаманава. Мы будзем шукаць гэтыя мясьціны. Тут яна вельмі моцна захварэла і лячылася ў псыханэўралягічнай лякарні. Мы сёньня якраз гэты момант здымалі. Здымалі ня ў Празе, а ў сярэдняй Чэхіі, у Мысьліборыцах, у такім старым замку. Але гэты будынак, так сказаць, жывы, бо там знаходзяцца людзі з такімі хваробамі. Нам хацелася ўзнавіць тое асяродзьдзе, якога ў нас нідзе ня знойдзеш, а тут яно на кожным кроку, дыхае стогадовай даўніной. І гэта дапамагае і самой акторцы, Ларысе Шчыраковай, якая выконвае ролю Бадуновай. Я ня мог не пакарыстацца яе імпэтам, зь якім яна ў гэты фільм увайшла, і прапанаваў ёй сыграць ролю Палуты Бадуновай. Тым больш, што, як мне здаецца, яна і падобная на яе і фізычна, і характарам. Бо Ларысу таксама хапаюць пастаянна ў пастарункі ў Гомелі.

Заўтра будзем здымаць у Карлавым унівэрсытэце сцэну сустрэчы Палуты Бадуновай са студэнтамі. Будзем здымаць з нашымі студэнтамі, якія сёньня тут вучацца. Яны далі згоду, і яны тут нам моцна дапамагаюць. Напрыклад, Павал Котаў, які апякуецца намі і рыхтаваў нам усё тут ад некалькіх тыдняў. Вялікі дзякуй яму за гэта. Разумееце, мы адчуваем, што вось тут ёсьць дыханьне той эпохі. Калі Бадунова калісьці казала, што беларускія студэнты сустрэлі яе ў Празе як маці родную, дык я магу сёньня сказаць, што мяне яны сустрэлі як бацьку роднага.

РС: Сустрэча са студэнтамі — гэта частка вашага фільма?

Мазынскі: Так, гэта частка фільма. Мы будзем узнаўляць гэтую сустрэчу. У дакумэнтах стаіць, што такія сустрэчы адбываліся тут у Празе.

РС: Калі чакаць заканчэньня вашай працы над фільмам?

Мазынскі: Фільм павінен быць закончаны ў траўні. Яшчэ засталося зьезьдзіць у Маскву і зьняць паводку, якую я цэлы год чакаў, бо дамова на фільм была падпісаная якраз тады, калі паводка ў мінулым годзе якраз скончылася.

РС: Дамову на фільм вы падпісалі зь Белсатам?

Мазынскі: Так. Я думаю, што недзе летам або ўвосень, калі пачнецца новы сэзон, адбудзецца прэм’ера гэтага фільма.
Творчая група фільма завітала на Радыё Свабода
Творчая група фільма завітала на Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG