субота, 19 красавіка 2014, Менск 20:16

Праграмы / Госьць на Свабодзе

Алена Каваленка: Сяргей мне адразу спадабаўся мужнасьцю

Жонка палітвязьня Сяргея Каваленкі расказвае пра іх знаёмства і сумеснае жыцьцё. Калі Сяргей адбываў "хатнюю хімію", міліцыя прыходзіла да іх па 6 разоў за ноч.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Алена, для вашай сям’і цяпер вельмі цяжкія часы, што дапамагае вам трымацца? Што дае сілы штодня змагацца за жыцьцё мужа?

Дзеці, надзея на лепшае, любоў да мужа і вера ў Бога.

Ці верыць Сяргей у Бога?

Так, ён вельмі веруючы чалавек.

А як стасуецца ягоная ахвяра з верай у Бога?

Я думаю, што Бог і дапамагае яму трымацца ў гэтым цяжкім становішчы.

Як часта вы можаце бачыць мужа?

Зараз я бачыла яго толькі адзін раз, і пакуль нам не дазваляе спатканьня лекар, матывуючы гэта тым, што Сяргей шмат гадзінаў пад кропельніцай.

Наколькі ахвотна ідуць турэмныя лекары на кантакт? Што вам кажуць турэмныя лекары ў прыватных размовах пра галадоўку Сяргея?

Яны вельмі асьцярожныя, бо ведаюць, які вялікі розгалас мае галадоўка, баяцца сказаць што лішняе. Я падаю ўсю інфармацыю, якую яны даюць.

Ці давяраеце вы лекарам з калёніі?

Да канца — не. Можа, самі яны і неблагія людзі, але ж залежныя: ад сыстэмы, ад начальства, і гэтым усё сказана.

Учора ў інтэрвію «Свабодзе» былы савецкі дысыдэнт Уладзімер Букоўскі сказаў, што выратаваць жыцьцё Сяргею можа толькі шырокая грамадзкая падтрымка як ў Беларусі, так і ў сьвеце. На жаль, шырокіх масавых акцый салідарнасьці з Каваленкам па ўсёй краіне і за яе межамі не адбываецца. Як вам падаецца, чаму?

Цяжка сказаць: думаю, што ў краіне людзі запалоханыя, а ў сьвеце лічаць, што ратаваньне тапельцаў — справа іх саміх (гэта я кажу пра народ), таму пакуль самі сабе не дапаможам — ніхто нам не дапаможа. І яшчэ ролю адыграла тое, што Сяргей найбольш папулярызаваў нацыянальныя каштоўнасьці, а ня прынцыпы дэмакратыі, якія больш блізкія да Эўропы.

Як так здарылася, што Сяргей парушыў рэжым «хатняй хіміі»? Што ўвогуле гэты рэжым значыў для вашай сям’і?

Я ня лічу, што парушыў: тыя эпізоды, якія залічылі міліцыянты — вельмі ўмоўныя. Яны былі зьвязаныя зь сям’ёй, а для сям’і «хімія» Сяргея азначала адсутнасьць нармальнага начнога сну, напружанасьць, знэрваванасьць, бо яны хадзілі па некалькі разоў за ноч, падчас сьвятаў — да шасьці разоў, а ў часе выбараў двое сутак дзяжурылі ў нас на пляцоўцы. Я была цяжарная, у старэйшага сына ад недасыпу балела галава. Гэта было падобна на паляваньне на нашу сям’ю.




Давайце вернемся ў тыя часы, калі не было турмы, галадоўкі. Як вы пазнаёміліся? Чым вам спадабаўся Сяргей?

Мы знаёміліся некалькі разоў — я думаю, гэта быў лёс. Калі ўпершыню пазнаёміліся — нашы зносіны не працягнуліся, а праз паўтары гадзіны зноў выпадкова сустрэліся, і ён мяне пазнаў. А спадабаўся мужнасьцю, гэта адразу кінулася ў вочы.

У яго ўжо тады былі сфармаваныя погляды, і потым яны разьвіваліся цягам нашага сумеснага жыцьця. Я тады вучылася ва ўнівэрсытэце на хіміка-біялягічным, Сяргей езьдзіў на заробкі на поўнач у Расею. Пажаніліся мы праз паўтара гады пасьля знаёмства.




Ці ведалі вы, што ён вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі ў Віцебску? Як да гэтага ставіліся?


Гэта пачалося, калі мы ўжо жылі разам, і ў нас ужо быў сын. Я ведала і падтрымлівала яго.

А як ён вам тлумачыў?

Сяргей заўсёды вельмі цікавіўся гісторыяй, сапраўднай, а ня той, якую прапануюць у падручніках. Шмат чытаў, тлумачыў, што трэба папулярызаваць нацыянальныя каштоўнасьці, што гэта ўздымае народ. Гады 3-4 таму, калі я працавала настаўніцай у школе, да мяне прыходзілі з КДБ і папярэджвалі, каб я паўплывала на мужа, бо магу пазбавіцца працы. Яны здагадваліся, што гэта ён вешае сьцягі: гэта было яшчэ да яго сьцяга на елцы. Ён фізычна добра падрыхтаваны, у дзяцінстве займаўся вольнай барацьбой, бываў чэмпіёнам гораду, рабіў прабежкі, зарадкі з сынам, таму для яго гэта было даволі проста.

Што кажа пра галадоўку бацькі старэйшы сын?

Ён перажывае яго адсутнасьць, стаў больш нэрвовы, замкнёны. Яго вельмі ўразіла спатканьне зь ім у турме. Адмоўнае стаўленьне да міліцыі ў яго захаваецца на ўсё жыцьцё.

Ня кожная беларуская жонка падтрымала б мужа ў такой ягонай пазыцыі. Многія б сказалі: кідай ўсю гэтую палітыку, падумай пра дзяцей, пра сям’ю. Ці вы так казалі Сяргею калі-небудзь?

Сяргей рабіў усё, каб ня толькі яго сям’я і дзеці жылі ў лепшай краіне, і ў іх была сьветлая будучыня, а і астатнія беларусы.

Ці адчуваеце вы салідарнасьць людзей з вамі, зь Сяргеем?

Так, вельмі шмат. Людзі спачуваюць, стараюцца падтрымаць — хто маральна, хто рэчамі, цацкамі, грошамі. Толькі дзякуючы людзям мы і жывем, бо мы апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы, калі нас пазбавілі Сяргея, бо ён жа працаваў адзін на сям’ю з чатырох чалавек. І, вядома, партыя Сяргея КХП-БНФ таксама вельмі дапамагае.

Як выглядае памяшканьне, дзе знаходзіцца Сяргей?

Там 4 чалавекі. Гэта зусім ня тыя ўмовы, у якіх павінен знаходзіцца Сяргей. Ён у цяжкім стане, і я працягваю настойваць, каб яго перавялі ў цывільны шпіталь у рэанімацыю, каб захаваць яго жыцьцё. Нават турэмны лекар прызнаў, што наступствы будуць, што цяжка рабіць прагнозы, але рэабілітацыя можа заняць год, а можа, і болей.

У калёніі «Віцьба-3» можна слухаць «Свабоду». Ня ўпэўнена, што ў шпіталі, дзе цяпер Сяргей. Тым ня менш, што б вы яму сказалі сёньня: магчыма, ён вас пачуе?

Што вельмі кахаю яго, чакаю і раблю ўсё магчымае, каб ён хутчэй быў з намі.







Сябра КХП-БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне адбыцьця «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Пратэстуючы супроць перасьледу, вязень абвясьціў галадоўку, якую зь перапынкам у 20 дзён трымае зь сярэдзіны сьнежня.

Ганна Соўсь

sousa+rferl.org

Ганна Соўсь нарадзілася ў 1971 годзе ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце "Народная воля«(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), "Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011"(ідэя і ўкладальніца). Сябра БАЖ.
Блог Ганны Соўсь
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Ананім
03.04.2012 22:58
Якія ў іх дзеткі, маленькія беларусы. Божа, дапамагі.
Відэа