Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XVIІІ. Схільны да самагубства?


Дзьмітры Канавалаў
Дзьмітры Канавалаў

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Тэма спробаў Канавалава скончыць жыцьцё самагубствам узьнікала ў судзе некалькі разоў, хоць у прысудзе не знайшла адлюстраваньня. Упершыню яна прагучала, калі дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Стук падчас допыту Кавалёва ў судзе запытаў у яго, ці не зьбіраўся Канавалаў пайсьці з жыцьця пасьля тэракту ў мэтро.

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.



Было гэта ўжо на другі дзень працэсу, 16 верасьня. Кавалёў адказаў, што не, такой размовы ён ня памятае. Абвінаваўца спытаў, ці не паказваў Канавалаў яму якіх прэпаратаў, таблетак у каробачцы? Адказ Кавалёва таксама быў адмоўны. Пасьля гэтага зачыталі тыя месцы паказаньняў Кавалёва на сьледзтве, якія разыходзіліся з тым, што ён толькі што сказаў у судзе.

Паводле допыту Кавалёва 13 красавіка выходзіла, што неўзабаве пасьля таго, як ён сустрэў Канавалава на менскім вакзале 10 красавіка, той распавёў пра намер узарваць у мэтро бомбу, сказаў, што «губляць яму ўжо няма чаго», паказаў нейкія капсулы ці таблеткі і патлумачыў, што зь іх дапамогай зьбіраецца скончыць з жыцьцём пасьля тэракту. Пасьля зачытваньня гэтых паказаньняў у судзе Кавалёў іх не пацьвердзіў. Ён сказаў, што даваў такія паказаньні пад псыхалягічным ціскам. Сьледчыя запалохалі сьмяротнай карай, да таго ж ён чуў крыкі Канавалава ў міліцыі, і гэта зрабіла на яго значнае ўзьдзеяньне.

Сам Канавалаў, дарэчы, нават на допытах, дзе прызнаваў сваю віну ў тэрактах 2008 і 2011 году, ад спробаў самагубства рашуча адхрышчваўся. Аднак пра такія спробы казалі і сьведкі. Сьведка Натальля Каралёва, знаёмая Канавалава зь Віцебску, паведаміла суду пра такі выпадак. Аднойчы позна ўночы Канавалаў ёй пазваніў і сказаў, што сядзіць у сваім падвале і сплывае крывёй, парэзаўшы вены. Назаўтра раніцай зноў пазваніў і папрасіў прыйсьці перавязаць рукі.

Паводле сьведкі Каралёвай, размовы на тэму самагубства паміж імі ўзьнікалі не аднойчы. «Падрабязнасьцяў ужо ня памятаю, але было такое, што ён мне прапаноўваў выпіць гарэлкі і паесьці чагосьці, каб разам пайсьці з жыцьця», — распавяла Каралёва. Нагадаю, менавіта гэтай сьведцы, паводле сьледзтва, Канавалаў восеньню 2008 году прагаварыўся, што баіцца здаваць адбіткі пальцаў, бо ягоныя адбіткі недзе засталіся.

Працяг інтэрвію «Псыхалягічны партрэт Канавалава падыдзе кожнаму другому беларусу». Пытаньні да псыхоляга Людмілы Мун.

— Як жа магчыма патлумачыць некалькі спробаў суіцыду пры такой абыякавасьці да ўсяго?

Мун: «Па-першае, ён абыякавы да ўсяго, акрамя сябе. Па-другое, сам ён адмаўляў усе спробы суіцыду, спачатку казаў, што ніколі гэтага не было, а потым пачаў казаць: „мала што зь нецьвярозым можа здарыцца“. У любым выпадку ён адмаўляўся гэтую тэму абмяркоўваць. Мы ня ведаем, у якім стане ён знаходзіўся, ці шмат выпіў, што ім рухала. Ці быў гэта крык душы, невядома, нікому са сьведак ён нічога не казаў пра матывы парасуіцыдаў».

(Адзначу, што ў судзе тая ж сьведка Натальля Каралёва распавядала пра скаргі Канавалава на тое, што ён адзінокі, «яго ніхто ня любіць» і ён ня хоча жыць. — А.Г.)


З псыхалягічнага партрэта Дзьмітрыя Канавалава

У Канавалава Д.Г. ня выяўлена павышанай агрэсіўнасьці, дыягнаставаны нізкі ўзровень варожасьці і сярэдні ўзровень агрэсіўнасьці; выяўлена завышаная самаацэнка; ёсьць схільнасьць да дамінаваньня, пагарджаньне нормамі маралі і нежаданьне ўлічваць у сваіх паводзінах пачуцьці, намеры і правы іншых людзей.


— Як жа можа неагрэсіўны чалавек учыніць такую жудасную агрэсію?

Мун: «Мы не сказалі, што ён не агрэсіўны чалавек. Агрэсіўнасьць як якасьць асобы ў яго ёсьць і мае сярэдні ўзровень. Любыя агрэсіўныя паводзіны абумоўленыя памкненьнем, нейкім імпульсам да агрэсіі. У той жа час у кожным чалавеку існуюць сілы, якія яго стрымліваюць: асаблівасьці характару, маральныя прынцыпы, якія тармозяць праявы агрэсіі. Да прыкладу, я страшэнна раззлавалася на нейкага чалавека, гатовая накінуцца на яго з кулакамі, нават задушыць, але мяне можа палохаць тое, што ён адкажа яшчэ большай агрэсіяй, альбо шкада яго, альбо мой розум кажа, што біць ці забіваць дрэнна, альбо што гэта не па-хрысьціянску, і гэтак далей. Мы ж не жывёлы, мы сацыяльныя істоты, у нас падобных тармазоў шмат. Калі чалавек выяўляе агрэсію? Альбо калі памкненьне да агрэсіі мацнейшае за тармазы, альбо калі яны зусім не працуюць. Калі мы дасьледуем агрэсіўныя злачынствы, мы заўсёды дасьледуем гэты балянс: узровень агрэсіўнасьці і мэханізм тармажэньня агрэсіі. У Канавалава гэты мэханізм тармажэньня агрэсіі вельмі слабы.

(Акрамя эпізодаў пра тэракты 2011 і 2008 гадоў у Менску і 2005 году ў Віцебску, на працэсе таксама дасьледавалася датычнасьць Канавалава і Кавалёва да шэрагу выбухаў і падпалаў у Віцебску, пачынаючы з 2000 году. Гэта падрывы выбуховых пакетаў у доме № 7 па вуліцы Бядулі і доме № 22 па вуліцы 39-й Арміі, на будынку дзіцячай бібліятэцы па вуліцы 39-й Арміі, выбуховай «расьцяжкі» на трапе непадалёк ад той жа вуліцы, дзьвюх выбуховых «расьцяжак» з выкідам падпальнага рэчыва непадалёк ад чыгуначнай станцыі Грышаны, падпал кіёска № 9 «Віцебскаблсаюздруку» і аўтамабіля «РАФ» у двары дома № 8 па вуліцы Рэпіна. Таксама былі дасьледаваныя некалькі эпізодаў з набыцьцём і вырабам выбухоўкі і выбуховых прыстасаваньняў, а таксама іх выпрабаваньнямі.

Па гэтых эпізодах суд апытаў больш за 10 сьведак, зь іх некаторыя асабіста зналі Канавалава і маглі нешта пэўнае дадаць да ягонага маральнага і псыхалягічнага партрэту. Даваў па гэтых эпізодах паказаньні і Ўладзіслаў Кавалёў.

Гэтак, паводле Кавалёва, падчас закладкі другой бомбы ў 2005 годзе (каля віцебскага летняга кафэ «Эрыдан») Канавалаў вельмі занэрваваўся, убачыўшы непадалёк знаёмую дзяўчыну. Пра свае перажываньні Кавалёву распавёў сам Канавалаў. Аднак засталося ня высьветлена, нэрваваўся Канавалаў з-за таго, што знаёмая магла пацярпець ад выбуху, то бок спачуваў ёй, ці таму, што яна магла на яго ўказаць як на магчымага злачынцу. У судзе Кавалёў ад гэтых паказаньняў увогуле адмовіўся, а Канавалаў не прызнаў сваёй віны ў гэтым выбуху. Гэта, аднак, не перашкодзіла суду прызнаць Канавалава вінаватым у абодвух тэрактах у Віцебску ў 2005 годзе, а Кавалёва прызнаць вінаватым у неданясеньні пра віну Канавалава ў гэтых злачынствах.

Сьведка Яна Пачыцкая ў агульнай характарыстыцы Канавалава і Кавалёва адзначыла, што яны «нармальныя хлопцы, зь якімі можна было пра ўсё пагаварыць». Паводле Пачыцкай, Канавалаў і Кавалёў не выяўлялі агрэсіі адносна яе. Варта адзначыць і тое, што Канавалаў пасьлядоўна даваў паказаньні, паводле якіх Пачыцкая не магла нават бачыць бомбу, якая была ў торбе. Між тым яна зазірнула за шырму, зь яе ж словаў, якраз у той момант, калі торба яшчэ не была да канца закрытая і пры жаданьні Канавалаў мог сказаць, што яна нешта мусіла бачыць. «Не тапіў» Пачыцкую сваімі паказаньнямі на сьледзтве і Кавалёў. З гэтага можна дапусьціць, што абодва шкадавалі дзяўчыну і ня помсьцілі ёй за паказаньні супроць іх. Бо яна ж адзіная, хто пэўна бачыў іх з торбай напярэдадні выбуху.

Былі сярод паказаньняў сьведак і тыя, якія адмоўна характарызавалі Канавалава. Сьведка Яўген Куксёнак распавёў пра эпізод, аднесены да жніўня 2003 году. Ён ішоў па сьцежцы і наткнуўся на расьцяжку, пасьля чаго здарыўся невялікі выбух. Сьведку залажыла вушы, ён моцна спужаўся. А калі непадалёк убачыў Канавалава, які ўсьміхаўся, то вырашыў, што гэта ён усталяваў «расьцяжку» і што быў яўна задаволены дзеяньнем свайго прыстасаваньня. — А.Г.)


З псыхалягічнага партрэту Дзьмітрыя Канавалава

Не сфармаваныя ўстойлівыя маральныя прынцыпы, выкананьне якіх забясьпечана асабістым сумленьнем, безадносна да зьнешніх абставінаў і разумовых меркаваньняў.

Мун: «Пра мараль з Канавалавым мы размаўлялі даволі доўга. Ягоная мараль адзначаецца падменай маральных катэгорыяў рацыяналістычнымі развагамі і зьвядзеньнем маралі да карыснасьці. Ён ня можа выйсьці на ўзровень маральных разваг. Да прыкладу, калі мы палемізуем пра дапушчальнасьць ці недапушчальнасьць сьмяротнай кары, аргумэнт пра кошт утрыманьня злачынцаў не адпавядае ўзроўню маральнай дыскусіі.

У Канавалава пачуцьці не аказвалі ўплыву на выбар увогуле
Людміла Мун

Мы выкарыстоўвалі пры абсьледаваньні «Маральныя дылемы Л. Кольберга», у якіх чалавек становіцца ў сытуацыю маральнага выбару. Прыкладам, у чалавека сьмяротна хворая жонка. Ён пайшоў і абрабаваў краму, каб на гэтыя грошы набыць неабходныя лекі, ад якіх залежыць яе жыцьцё. Задаецца пытаньне: мае ён рацыю ці ня мае, ці мае рацыю паліцыянт, які яго затрымаў, судзьдзя, які прызнаў яго вінаватым, якога пакараньня ён заслугоўвае і г.д. Пры гэтым кожны пэрсанаж становіцца ў сытуацыю ўласнага маральнага выбару.

У Канавалава пачуцьці не аказвалі ўплыву на выбар увогуле. Акрамя падмены маральных катэгорыяў рацыянальнымі развагамі, зьвядзеньня іх да карыснасьці, адзначаны перавага прававых катэгорыяў у развагах над маральнымі; адсутнасьць эмацыйных ацэнак, якіх-колечы прыкмет эмпатыі (суперажываньня) ці спробаў ідэнтыфікацыі з кімсьці з пэрсанажаў (стаць на месца іншага); акцэнт на зьнешнюю, а не на ўнутраную ацэнку рэчаў. Большая частка разваг зводзілася да тэзы: калі за гэта нічога ня будзе, то можна.

Акрамя таго, пры дасьледаваньні ў яго выяўлена падмена маральнага прынцыпу падчас выбару прынцыпам жаданьня: «я хачу». У першую чаргу задавальненьне ўласных інтарэсаў, нават калі гэта шкодзіць інтарэсам іншых. Ён часьцей прымушае іншых прымаць сваё рашэньне. Супрацоўніцтва магчымае толькі ў тым выпадку, калі сумеснае рашэньне ня будзе супярэчыць ягоным уласным інтарэсам.

(Сьведка Ільля Коласаў, сусед Канавалава па пад’езьдзе, распавёў: яшчэ школьнікам Канавалаў аднойчы абляпіў пэтарду сьнегам і кінуў такі сьняжок у супернікаў падчас штурму сьнежнай крэпасьці. «Увогуле ён часта ўзрываў у двары пэтарды. Як узарвецца дзе пэтарда, усе адразу думаюць на Канавалава», — паведаміў Коласаў.

Сьведка Сяргей Румянцаў, сябра Канавалава і Кавалёва на пачатку 2000-х, разам зь імі ўзрываў выбуховы пакет на будынку бібліятэкі. Пра Кавалёва ён распавёў, што той ніколі ня дзейнічаў самастойна, заўсёды з ініцыятывы Канавалава. Згадаў, як аднойчы Канавалаў паведаміў яму, «што яны зробяць нешта сур’ёзнае», але што, не ўдакладніў. У эпізодзе пра выбух на бібліятэцы Румянцаў спачатку праходзіў як падазроны, а потым стаў сьведкам. — А.Г.)


З псыхалягічнага партрэту Дзьмітрыя Канавалава.

Валявыя якасьці: упартасьць у дасягненьні мэты; дэталёвае плянаваньне, прызначэньне канкрэтных тэрмінаў выкананьня задач, хуткая і апэратыўная арыенціроўка ў навакольлі, добрая прыстасавальнасьць і сацыяльная адаптыўнасьць; не зацікаўлены ў супрацоўніцтве зь іншымі людзьмі, затое здатны на валявыя рашэньні.

— Пытаньне, ці быў у Канавалава куратар, займала і сьледзтва, і ўсіх удзельнікаў працэсу. Нават пасьля судовага рашэньня засталіся тыя, хто ня верыць, што малады і маладасьведчаны мог дзейнічаць не пад чыімсьці ўплывам. Ці мог быць у Канавалава куратар пры ягоных валявых якасьцях?

Мун: «Ня думаю. Ён дамінантны, ён сам сабе куратар. Ён ня з тых, кім можна кіраваць. Ён занадта індывідуалістычны для гэтага, занадта незалежны. Па- мойму, ягоная моцная воля выявілася і падчас сьледзтва: «Я гэтак вырашыў і гэтак сябе паводжу».

— А ягоная няўзрушнасьць падчас працэсу?

— Воля і нізкая эмацыйнасьць.

— Вы зрабілі заключэньне пра завышаную самаацэнку Канавалава...

Ён дамінантны, ён сам сабе куратар. Ён ня з тых, кім можна кіраваць. Ён занадта індывідуалістычны для гэтага, занадта незалежны
Людміла Мун

— Ён лічыць сябе цікавым, моцным, лічыць, што кіруе сваім жыцьцём, што ён усё можа, упэўнены ў сабе і ў сваёй цікавасьці для іншых, лічыць сябе моцнай асобай. Колькасныя паказчыкі па розных мэтодыках паказваюць, што самаацэнка яўна завышаная.

(На допыце 25 красавіка Ўладзіслаў Кавалёў распавёў пра Дзьмітрыя Канавалава, што пасьля першага выбуху ў Віцебску ў жніўні 2005 году той быў незадаволены, што мала людзей пацярпела, і задумаў выбух паўтарыць. Мэта Канавалава была — запалохваньне насельніцтва. Тады ж Кавалёў распавёў пра Канавалава, што той скраў у бацькі, гадзіньнікавага майстра, ножкі ад будзільнікаў маркі «Сэвані» і ўклаў іх у другую бомбу для павышэньня паражальнага эфэкту. Кавалёў, паводле ягоных паказаньняў, ведаў пра будучы выбух, але ня ведаў дакладнага часу. Турбаваўся за сястру, што магла паехаць у цэнтар гораду і трапіць пад выбух, сам у цэнтар гораду не зьбіраўся. Канавалаў яму так і не сказаў дакладнага часу.

На другі дзень, 26-га красавіка, Кавалёў на допыце распавёў, што яшчэ ў 17-гадовым узросьце Канавалава паставілі на ўлік у наркадыспансэры. Гэта здарылася пасьля таго, як яго аднойчы затрымалі нецьвярозым. Якое месца гарэлка займала ў жыцьці Канавалава?

Маці Кавалёва Любоў Кавалёва распавядала журналістам, што старалася абмежаваць кантакты сына з Канавалавым, бо іх сустрэчы звычайна сканчаліся выпіўкай. «Ён дрэнна ўплываў на Ўладзіслава ў гэтым сэнсе», — прызнавала Любоў Кавалёва.

Журналіст Ірына Козьлік распавяла: «У двары дома, дзе жылі Кавалёў і Канавалаў, суседзі пра іх казалі, што звычайныя хлопцы, але любілі выпіць, часта на лаўцы ў двары расьпівалі гарэлку».

(У прысудзе Канавалаву адзначана, што перад тым, як паехаць у мэтро з бомбай, ён выпіў гарэлкі, а значыць, быў у момант зьдзяйсьненьня злачынства нецьвярозы. Суд расцаніў гэта як акалічнасьць, якая абцяжарвае віну.— А.Г. )

— У заключэньні сказана, што паталягічнай жорсткасьці ў Канавалава ня выяўлена. Але ў інтэрвію нашаму агенцтву ананімная крыніца распавяла, што, паводле словаў сябра-суседа, Канавалаў у юначым веку ўзрываў катоў, правяраючы дзеяньне выбухоўкі.

— Тое, што сказала ваша ананімная крыніца пра катоў, у матэрыялах справы, якія былі прадстаўленыя экспэртам, не фігуруе. Мы не напісалі, што ён жорсткі, мы напісалі, што ня знойдзена прыкметаў жорсткасьці як псыхалягічнай уласьцівасьці асобы, зьвязанай з атрыманьнем задавальненьня непасрэдна ад прычыненьня болю і шкоды людзям.

— Ці правільна я зразумела з вашага заключэньня: праблема ня ў тым, што ён — злы, праблема ў тым, што ён — ня добры? Праблема ня ў тым, што ён ненавідзіць, а ў тым, што ён ня любіць?

— На мой погляд, ваша бачаньне абсалютна слушнае.

(Яшчэ раз нагадаю паказаньні сьведкі Натальлі Каралёвай. Паводле яе, Канавалаў скардзіўся, што «яго ніхто ня любіць».)

Таксама варта нагадаць допыт Канавалава ад 13 красавіка. Канавалаў адмовіўся адказваць на пытаньне кіраўніка сьледчай групы Шведа, ці не шкада яму было дзяцей і жанчын, якія маглі загінуць пры выбуху ў мэтро. Празь некалькі хвілін Канавалаў адказаў «Не» на пытаньне, ці не зьбіраўся ён завесьці сваю сям’ю. Тлумачыць, чаму не зьбіраўся, адмовіўся.

Цікавымі аказаліся паказаньні школьных сяброў Канавалава.

Сьведка Ігар Баранок са школьных часоў ведаў абодвух, Канавалава і Кавалёва. Канавалава нават лепш, бо сядзеў зь ім за адной партай у 10-й клясе. Сказаў, што ў Канавалава добра ішла хімія, а вось з гуманітарнымі прадметамі было сярэдне. Адзначыў, што Канавалаў не канфліктны, ня быў адасоблены — «хадзіў на мерапрыемствы, як і ўсе». Што да пэтардаў і выбуховых пакетаў, сказаў, што гэтым займаліся ўсе.

Сьведка Дзьмітрый Гайдукоў пра Кавалёва сказаў, што той больш кантактны, а Канавалаў больш замкнёны. Згадаў, як падчас паездкі на пікнік у лес зрабіў саматужны фаервэрк. Паводле сьведкі, Канавалаў лепш за ўсіх у клясе ведаў хімію, можа нават лепш за настаўніцу, але пры гэтым не дэманстраваў сваіх ведаў. Паводзіны меў спакойныя, ні з кім не канфліктаваў і ня біўся.

Яшчэ адзін аднаклясьнік, Павал Нікіценка, пацьвердзіў, што падчас паездкі на шашлыкі Канавалаў зрабіў добры фаервэрк, але падрабязнасьцяў таго дня ня памятае, бо шмат выпіў сьпіртнога. — А.Г. )



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG