Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад санкцыі патрапілі рэстарацыі і крамы Чыжа


Юрый Чыж
Юрый Чыж

Рэкардсмэнам па забароне на камэрцыйную дзейнасьць у краінах Эўразьвязу стаў кіраўнік холдынгу «Трайпл» Юрый Чыж — у «чорным сьпісе» адразу 18 ягоных кампаній. Санкцыямі абкладзеныя нават прадпрыемствы, арыентаваныя на ўнутраны рынак.

Бізнэс-імпэрыя Юрыя Чыжа трапіла пад абмежаваньні практычна па ўсім фронце. Перапрацоўка нафты і экспарт нафтапрадуктаў — «Трайпл» і «НафтаХімТрэйдынг»; вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў — Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў, «Трайпл-Тэхна», «Трайпл-дэкор», «Варыянт», «Кварцмелпрам», «ТрайплМэталТрэйд»; будаўніцтва — «Альтэрсалюшнс», транспартныя паслугі — «АсКаргаТэрмінал; фармацэўтычная вытворчасьць — «Трайплфарм»; сельская гаспадарка — «Трайпл-Агра»; мясныя вырабы — «Трайпл-Вялес»; выпуск безалькагольных напояў — «Акватрайпл».

У гэтым шэрагу таксама кампанія «Прастормаркет» (сетка гіпэр- і мінімаркетаў ProStore і MiniStore), піўны рэстаран «Ракаўскi бровар», гарналыжны комплекс «Лагойск» і менскі футбольны клюб «Дынама».

Санкцыі ў адносінах да групы кампаній «Трайпл» былі абвешчаныя роўна тыдзень таму. Ці адчулі на сабе наступствы абмежаваньняў асобныя бізнэс-падразьдзяленьні Юрыя Чыжа? Вось што засьведчыў тэлефонны маніторынг аб’ектаў харчаваньня, гандлю і турызму.

«Ракаўскі бровар»
«Ракаўскі бровар»
У офісе рэстарана-піваварні «Ракаўскі бровар» далі зразумець, што рэстарацыя працуе ў звыклым рэжыме: экспартам паслугаў яна не займаецца, а інгрэдыенты для страваў — пераважна беларускія:

«Шчыра кажучы, за тыдзень званкамі ўжо прытамілі… Дырэктар не дае камэнтароў. Мы самі разумеем, што абсурдна выглядаем у гэтым сьпісе, але нічога ня зробіш, калі так атрымалася. Ужо тыдзень журналісты тэлефануюць на дзень па 10 разоў, таму ён проста адмаўляецца ад размоў. Трэба ж яшчэ і справай займацца. А калі ён адмовіўся, то ніхто нічым не дапаможа».

Неназваны спэцыяліст кампаніі «Прастормаркет» патлумачыў, што сетка гіпэрмаркетаў ProStore і дыскаўнтэраў MiniStore ніякіх нэгатыўных вынікаў пакуль не адчула. Закуп прадукцыі замежнай вытворчасьці адбываецца праз спэцыялізаваных пастаўшчыкоў, па сутнасьці — пасярэднікаў, таму само прадпрыемства наўпрост з вытворцамі ў Эўразьвязе нават не кантактуе. За тыдзень зрываў у пастаўках заўважана не было.

А як адаб’юцца санкцыі на кампаніях, задзейнічаных у сфэры аказаньня паслугаў? Прыкладам, у тых жа літоўцаў і латышоў папулярнасьцю карыстаўся зімні адпачынак у горналыжным цэнтры «Лагойск». Сучасная інфраструктура, прымальныя па эўразьвязаўскіх мерках кошты і, самае галоўнае, геаграфічная блізкасьць зрабілі комплекс прывабным для суседзяў. З увядзеньнем санкцыяў ад адпачынку ў «Лагойску» мусяць устрымацца перадусім самі грамадзяне краінаў Эўразьвязу, адміністрацыя ж курорту прымаць усіх ахвотных зьбіраецца і надалей. Прынамсі, цэх па разьліву самагонкі, якая ў замежнікаў ідзе на ўра як прэзэнт зь Беларусі, пры рэстарацыі «Гасьцінны маёнтак» працуе на ўсю моц:

«Цяпер у нас міжсэзоньне. Канечне, вельмі шмат было наведнікаў і з Расеі, і з далёкага замежжа, якія прыяжджалі на лыжныя катаньні і пражывалі ў Лагойску. Пакуль у нас зацішша, але ўжо паступаюць карпаратыўныя заяўкі, таму чакаем. Вось пост скончыцца, людзі зноў актывізуюцца, прыедуць да нас. Бо любяць нашу прыроду беларускую — тут вельмі прыгожыя лясы, паветра добрае. Таму, нягледзячы ні на што, мы робім усё дзеля таго, каб розгалас пра нас добры пашыраўся, намагаемся, каб адпавядала якасьць адпачынку, каб разнастайны асартымэнт паслугаў быў».

А вось на паляўнічай базе «Варыянт», што ў Бярозаўскім раёне, ацаніць свае пэрспэктывы ў супрацоўніцтве з замежнікамі эўразьвязаўскага паходжаньня адмовіліся. Бізнэс на багатых эўрапейскіх паляўнічых у Беларусі квітнее даўно і, відаць, тэрыторыя «Трайпла» ня стала выключэньнем. На сайце усё яшчэ прапануюць паляваньне на аленя, лася, дзіка, казулю, бабра зь любых пазыцый, пры гэтым арганізуецца сустрэча і праводзіны кліентаў у аэрапорце і дастаўка да гатэля. Фірма афармляе дакумэнты на правоз зброі і трафэяў празь мяжу, а таксама прапануе паслугі перакладчыка з ангельскай і нямецкай моваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG