Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы ўдар Эўразьвязу па бізнэсу Пефціева


Улалдзімер Пефціеў
Улалдзімер Пефціеў

Не пасьпеў самы заможны бізнэсовец Беларусі Ўладзімер Пефціеў адстаяць у міжнародных судах правы трох сваіх фірмаў, летась абкладзеных санкцыямі Эўразьвязу, як чорны сьпіс папоўнілі яшчэ восем ягоных кампаніяў.

Да трох ранейшых фірмаў Пефціева — «Белтэхэкспарт», «БТ Тэлекамунікацыі» і «Спорт-Пары», якія былі пад санкцыямі Эўропы зь мінулага года, дадаліся «Дзелавая сетка», «Сыстэмы інвэстыцый і інавацый», «Сен-Ко», «БТ Інвэст», «Белтэх Холдынг», «Тэхнасаюзпрыбор», «Спецпрыборсэрвіс» і Малінаўшчызьненскі сьпіртагарэлкавы завод «Аквадзіў».

У бальшыні офісаў, падначаленых Пефціеву, адмаўляюцца прагназаваць пэрспэктывы, якія чакаюць бізнэс пад абмежавальнымі санкцыямі. Адно з выключэньняў — апэратар інтэрнэт-паслугаў «Дзелавая сетка». Тут кліентаў супакойваюць:

«СП „Дзелавая сетка“ ня мае рахункаў, якіхсьці актываў і незавершаных дамоваў паставак за межы Беларусі, таму нішто ня можа паўплываць на здольнасьць прадпрыемства забясьпечваць сваіх кліентаў на тэрыторыі краіны якаснымі паслугамі сувязі. Калі ў кагосьці ўзьніклі сумневы адносна легітымнасьці далейшага супрацоўніцтва з нашай кампаніяй, мы рэкамэндуем зьвярнуцца па тлумачэньні пра аб’ёмы санкцыяў у МЗС той краіны Эўразьвязу, рэзыдэнтам якой зьяўляецца наш кліент, перш чым прымаць канчатковае рашэньне».

На сайце іншай падначаленай Уладзімеру Пефціеву кампаніі — гарэлкавага заводу «Аквадзіў» — наўпрост гаворыцца, што апошнім часам прадпрыемства пасьпяхова асвойвае эўрапейскі рынак. Але ці здолее сэртыфікаваная паводле міжнародных стандартаў прадукцыя дайсьці да спажыўцоў праз эканамічныя санкцыі — застаецца пытаньнем. Гаворыць начальніца аддзелу збыту Юлія Пашпал:

«Экспартам у нас займаецца аддзел зьнешнеэканамічнай дзейнасьці і, паводле іхніх дадзеных, ня моцна на нас гэта паўплывала. Так, мы вельмі прадуктыўна,
у нас актыўна разьвіваюцца іншыя кірункі — Віетнам, Малдова, Грузія, Расея ...

шчыльна працавалі зь Літвой, Латвіяй, Нямеччынай. І, мабыць, мы там камусьці перашкаджаем, калі нас адтуль выкідаюць. Але ў нас актыўна разьвіваюцца іншыя кірункі — Віетнам, Малдова, Грузія, Расея. Вядома, у нейкім сэнсе гэтыя абмежаваньні на экспарт паўплываюць, але ня думаю, што вельмі моцна — усё ж асноўная маса прадукцыі паступае на ўнутраны рынак. Думаю, што гэта — зьява часовая, таму працуем, як і працавалі».

У сьпісе васьмі кампаніяў Пефціева, на якія сёлета распаўсюджаныя абмежаваньні, фігуруюць «Сен-Ко» і «БТ Інвэст». Між тым яшчэ ў 2009 годзе ў выніку рэструктурызацыі фірмы «БТ Тэлекамунікацыі» — кампаніі, якая кіруе актывамі апэратара мабільнай сувязі «Velcom» — яны былі ўключаныя ў яе склад. Цяпер гэты канглямэрат спэцыялізуецца на нерухомасьці і будаўніцтве элітнага жыльля.

Прадпрыемствы Ўладзімера Пефціева, сярод іншага, выконваюць дзяржаўныя замовы ў галіне ваенна-прамысловага комплексу, а таму прыраўнаныя да сакрэтных аб’ектаў. Разам зь «Белтэхэкспартам», які пад санкцыі трапіў у ліку першых, у абноўленым чорным сьпісе апынулася буйное аб’яднаньне кампаніяў «Белтэх Холдынг». Сфэра дзейнасьці — распрацоўка, вытворчасьць, мадэрнізацыя ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі. Стаўку на прадукцыю падвойнага прызначэньня робяць кампаніі «Спецпрыборсэрвіс» і «Тэхнасаюзпрыбор». Нездарма спадар Пефціеў мае статус урадавага інвэстыцыйнага агента ў галіне ВПК. Але ў атачэньні бізнэсоўца падкрэсьліваюць, што геаграфія беларускіх паставак арыентаваная перадусім на краіны Азіі, Блізкага Ўсходу і Пэрсыдзкай затокі. Даччыныя кампаніі «Белтэхэкспарту» зарэгістраваныя ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Індыі.

На пачатку году празь яшчэ адно сваё падразьдзяленьне — закрытае акцыянэрнае таварыства «Сыстэмы інвэстыцый і інавацый» — Уладзімер Пефціеў стаў саўладальнікам блізу 40% акцыяў Аршанскага авіярамонтнага заводу. Адпаведнае распараджэньне падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Летась тэрыторыю заводу міжнародныя экспэрты назвалі аптымальнай пляцоўкай для будаўніцтва міжнароднага цэнтру гандлю «Belexpolog». Дзякуючы геаграфічнаму разьмяшчэньню, зьяўлялася магчымасьць кансалідаваць таварныя плыні па транзытным калідоры з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну празь Беларусь у Заходнюю Эўропу. Можна толькі прагназаваць, як паўплывае на глябальныя пляны тое, што да праекту мадэрнізацыі маюць непасрэдную датычнасьць «Сыстэмы інвэстыцый і інавацый», унесеныя ў чорны сьпіс Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG