Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі ў Нью-Ёрку і Нью-Брансьвіку


Амэрыканскія беларусы адсьвяткавалі Дзень Волі 25 Сакавіка сьвяточнымі імпрэзамі ў Нью-Ёрку і Нью-Брансвіку.

Беларуская грамада ў Нью-Ёрку адзначала 94-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў грамадзкім цэнтры пры Катэдральным саборы БАПЦ сьв. Кірылы Тураўскага на Атлянык Авэню ў Брукліне.

Раніцаю ў царкве адбылася багаслужба і малебен за Беларусь. Прысутныя маліліся і за палітычных вязьняў, якія пакутуюць у турмах, за жыцьцё Сяргея Каваленкі, які змагаецца з рэжымам і гатовы аддаць сваё жыцьцё ў гэтым змаганьні.



Далей урачыстасьці працягнуліся ў грамадзкай залі, якая была ўпрыгожана ў бел-чырвона-белыя колеры. Сьвята арганізавалі Галоўная управа Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА), ягоны Бруклінскі аддзел і Парафіяльная рада сабору.

Урачыстая частка імпрэзы была прысьвечаная гісторыі і сучаснай дзейнасьці Рады БНР. З рэфэратам пра падзеі сакавіка 1918 году ў Беларусі, якія прывялі да абвяшчэньня незалежнасьці, выступіў Сяргей Пятровіч, сябра Галоўнай управы БАЗА і скарбнік дзейнай Рады БНР. Быў зачытаны Зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.

Пра дзейнасьць Рады БНР у эміграцыі распавёў сп. Вячка Станкевіч — намесьнік старшыні Рады БНР. З прывітальнымі словамі і віншаваньнямі выступілі старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Ганна Сурмач і старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі — БНФ сп. Зянон Пазьняк.



Было заслухана выступленьне сп. Валянціны Трыгубовіч, якая закранула пытаньне пра сёньняшнюю ролю Рады БНР. Яна згадала пра тое, як Рада не прызнавалася ворагамі беларушчыны раней і пра тое, як гэта спрабуюць рабіць і сёньня. Выступленьне Ганса Георга Віка з прапановаю стварыць нейкі новы ўрад у замежжы, на думку дакладчыцы, зьяўляецца спробаю не прызнаваць існуючага да сёньня легітымнага ўраду, якім ёсьць дзейная Рада БНР.

Затым прайшла канцэртная частка імпрэзы. Яе ўпрыгожылі беларускія мэлёдыі ў прафэсійным выкананьні піяністкі Яўгеніі Лев і сьпявачкі Ірыны Мозылевай. Вершы беларускіх паэтаў чыталі малодшыя госьці — Паўлінка Падлеская і Лявон Дудараў.


Завяршылася Сьвята агульным сьпевам нацыянальнага гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і воклічамі «Жыве Беларусь!»

Нью-Брансьвік


Адзначэньне Дня Волі 25 сакавіка таксама адбылося і ў Нью-Брансьвіку ў форме ўрачыстага прыёму. У гатэлі Hyatt Regency адбыўся сьвяточны банкет, выступілі ансамбаль сям’і Казакоў, Сяржук Сокалаў-Воюш, а таксама Лявон Вольскі зь Беларусі.



Выступілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША Юрка Азарка, Віталь Зайка, павітаў кангрэсмэн ад дэмакратычнай партыі Фрэн Пэлон, жонка якога нарадзілася ў Беларусі. Прагучалі беларускія нацыянальныя гімны «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Магутны Божа». Свае віншаваньні удзельнікам імпрэзы даслалі Зянон Пазьняк і Івонка Сурвіла.



На імпрэзу сабраліся агулам блізу ста чалавек. Нягледзячы на кошт ўваходу (50-60 даляраў), было шмат студэнтаў. Бальшыня прысутных — у нацыянальных вышытых кашулях.



У фае адбывалася выстава Алеся Шатэрніка, які асабіста прэзэнтаваў свае працы. Можна было набыць беларускія паштоўкі, дыскі і кніжкі Лявона Вольскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG