Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы будуць мець новыя санкцыі Эўразьвязу?


«Экспэртыза Свабоды»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:03 0:00
Наўпроставы лінк

Рада міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу пашырыла сьпіс беларускіх асобаў і кампаній, што трапляюць пад санкцыі. Чаму Эўропа ідзе па шляху абвастрэньня канфлікту? Чаму не далі выніку кулюарныя перамовы? Якім можа быць адказ афіцыйнага Менску?

Удзельнікі: дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.

Чаму Эўропа ўводзіць новыя санкцыі?


Валер Карбалевіч: «Такім чынам, абодва канфліктуючыя бакі працягваюць наносіць удары адзін па другім. Беларускія ўлады ўзмацнілі ціск на палітычных апанэнтаў (сьпіс невыязных), расстрэл Канавалава і Кавалёва. У адказ Эўразьвяз увёў, мусіць, самыя жорсткія санкцыі за ўсю гісторыю беларуска-эўрапейскага супрацьстаяньня. Санкцыі супраць буйных бізнэсоўцаў — гэта, фактычна, эканамічныя санкцыі. То бок Эўразьвяз перайшоў якасную мяжу. Чаму?»

Яўген Прэйгерман: «Гэта натуральная лёгіка разьвіцьця канфлікту. Эўразьвяз бачыць, што ягоныя патрабаваньні не выконваюцца. Больш за тое, былі расстраляныя Канавалаў і Кавалёў, што непрымальна з гледзішча эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Эўразьвяз павінен неяк адказваць, таму ён ідзе на ўзмацненьне санкцыяў.

Ці адбылася зьмена якасьці санкцый? Санкцыі ўведзеныя супраць 29 фірмаў. Але ж там няма прадпрыемстваў нафтахіміі, «Беларуськалію».

Каміль Клысінскі: «Наконт новай якасьці санкцый. Гэта ня першыя кропкавыя эканамічныя санкцыі. Раней былі санкцыі ў адносінах да прадпрыемстваў, якімі валодае Пефціеў. Але што тычыцца маштабаў, то санкцый адносна такой вялікай колькасьці прадпрыемстваў яшчэ не было.

Чаму Эўразьвяз пайшоў на ўзмацненьне санкцый? Эўразьвяз у тупіку, як і Беларусь. Ні адзін бок ня можа пайсьці на саступку першаму. Пасьля расстрэлу меркаваных тэрарыстаў у Эўразьвязу не было вялікага выбару».

Чаму не далі выніку кулюарныя перамовы?


Карбалевіч: «Мэдыі шмат пісалі пра кулюарныя перамовы паміж Менскам і Брусэлем. Пра гэта ўзгадвалі нават у Эўрапарлямэнце, калі адклалі прыняцьце рэзалюцыі па Беларусі. Чаму яны не далі выніку?»

Прэйгерман: «Гэта самае складанае пытаньне. У Менск прыяжджалі прадстаўнікі Эўразьвязу, вялі неафіцыйныя перамовы. Мая вэрсія такая: бакі дамовіліся на ўзроўні чыноўнікаў пра перамоўны працэс, і гэты сыгнал атрымалі эўрадэпутаты, таму адклалі прыняцьце рэзалюцыі па Беларусі. Але кампраміс заблякаваў Лукашэнка. Пра жорсткую пазыцыю Менску сьведчыць ня толькі расстрэл Канавалава і Кавалёва, але і забарона на ўезд у Беларусь Астрыд Зам — прадстаўніцы ўмеранага крыла нямецкай эліты.
Лукашэнка заўсёды ідзе на абвастрэньне, каб атрымаць большыя бонусы.

У кіраўніцтва Беларусі існуе вялікі недавер да Эўразьвязу. Існуе і псыхалягічны чыньнік. Лукашэнка заўсёды ідзе на абвастрэньне, каб атрымаць большыя бонусы. Увогуле тэорыя рацыянальнага выбару ў кіраўніцтва Беларусі больш не працуе ні ў якім стане.

Клысінскі: «Беларусь перажывае крызіс розных бакоў грамадзкага жыцьця. Крызіс вонкавай палітыкі, адносінаў з Эўразьвязам — адзін зь іх. Менск ня ў стане прапанаваць Эўропе канцэпцыю дыялёгу, каб зрушыць адносіны зь мёртвай кропкі.

Зь іншага боку, Эўразьвяз таксама стаў закладнікам сваіх патрабаваньняў. Пасьля візыту ў Менск летам мінулага году міністра замежных спраў Баўгарыі Младэнава былі вызвалены некаторыя палітзьняволеныя. Але Эўразьвяз чакаў вызваленьня ўсіх і не зрабіў крокі насустрач. Лукашэнка вырашыў, што яму ня варта ісьці па гэтым шляху. Чаканьні бакоў настолькі разыходзяцца, што я ня бачу цяпер дасягненьня нейкіх дамоўленасьцяў».

Што азначала заява Кэтрын Эштан?


Карбалевіч: «Эўрапейскія мэдыі паведамлялі, што нібыта Вярхоўны камісар Эўразьвязу Кэтрын Эштан 15 сакавіка заявіла: амбасадары Эўразьвязу павінны не пазьней як у сямідзённы тэрмін вярнуцца назад у Беларусь. Час прайшоў, паслы не вярнуліся Што гэта было? Што азначала заява спадарыні Эштан?»
У такіх абставінах вяртаньне эўрапейскіх амбасадараў было немагчымае.

Клысінскі: «Трэба глядзець на каляндар. Гэтая заява адбылася яшчэ да сьмяротнага пакараньня двух маладых людзей. Гэта стала сюрпрызам для Брусэлю. Адначасова зьявілася інфармацыя пра сьпісы невыязных, пра затрыманьні апазыцыйных актывістаў. У такіх абставінах вяртаньне эўрапейскіх амбасадараў было немагчымае».

Прэйгерман: «На маю думку, выказваньне спадарыні Эштан было толькі пажаданьнем. Менавіта так трактавала гэтыя словы яе прэсавы сакратар. Да таго ж заява была зробленая напярэдадні дыскусій, якія адбыліся ў Брусэлі па гэтым пытаньні. Таксама я зьвязваю гэтую заяву з тымі кулюарнымі перамовамі, якія ішлі паміж Менскам і Брусэлем. А потым зь Менску пайшлі працілеглыя сыгналы, пра якія казаў спадар Клысінскі. І заява Эштан страціла сваю актуальнасьць».

Якім можа быць адказ афіцыйнага Менску?


Карбалевіч: «Якія захады ў адказ зробіць беларускае кіраўніцтва. Вось прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў, што ў сёньняшніх умовах беларускі бок ня бачыць неабходнасьці ў прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі адкліканых амбасадараў эўрапейскіх дзяржаў. А што яшчэ?»

Клысінскі: «Па-першае, падзеі могуць разьвівацца па прынцыпе: бі сваіх, каб чужыя баяліся. Узмоцняцца рэпрэсіі супраць апазыцыі. Павялічыцца сьпіс невыязных. Па-другое, могуць быць дзеяньні супраць дыпляматаў краін Эўразьвязу. У дзяржаўных мэдыях узмоцніцца антыэўрапейская прапаганда.

Важны расейскі чыньнік. Масква выступіла ў абарону беларускага рэжыму. Цікава, ці пойдзе Расея на тое, каб увесьці новыя прэфэрэнцыі для Беларусі.

Прэйгерман: «Згодзен, што першай мэтавай групай для ціску будзе беларуская апазыцыя і незалежнае грамадзтва. Лукашэнка казаў, што „мы будзем пашыраць гэты сьпіс невыязных“.

Па-другое, можа апынуцца пад пытаньнем уся інфраструктура дзейнасьці Эўразьвязу ў Беларусі. Гэта розныя фонды, праекты і іншае. Магчымыя захады супраць эўрапейскага бізнэсу ў Беларусі. Але далёка ісьці па гэтым шляху невыгодна самому Менску. Лукашэнка будзе і надалей прэзэнтаваць сябе самым актыўным інтэгратарам з Расеяй. Гэта адначасова будзе жэстам у бок Эўразьвязу. Маўляў, вы мяне заганяеце ў кут, мне нічога не застаецца, як ісьці ў бок Расеі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG