Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алкаеў: Калі дыктатуру ліквідаваць ня можам, трэба жыць па іх законах


Былы начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў лічыць, што ў справе памілаваньня Канавалава-Кавалёва на Лукашэнку трэба было ня ціснуць, а прасіць, тады быў бы шанец.

Соўсь: Ці стала для вас нечаканай адмова Аляксандра Лукашэнкі памілаваць Кавалёва і Канавалава, якіх прысудзілі да сьмяротнай кары за тэракт у менскім мэтро?

Алкаеў: Было б дзіўна, калі б здарылася наадварот, таму для мяне гэта было чакана. За ўсю гісторыю нашай сучаснай «дэмакратыі» памілаваньне ўжывалася толькі адзін раз, гэта было таксама забойства, якое можна было кваліфікаваць як цяжкое цялеснае пашкоджаньне, якое пацягнула сьмерць пацярпелага.

Соўсь: Для вас не была нечаканай адмова памілаваць Канавалава, а Кавалёва таксама?

Алкаеў: Так, і Кавалёва, бо, на маю думку, нашы праваабаронцы зрабілі ўсё магчымае, каб у памілаваньні было адмоўлена. Мы жывем ва ўмовах дыктатуры, дзе нават парада не заўсёды ўспрымаецца, праваабаронцы ж «патрабуюць». Як можна «патрабаваць» памілаваньня? Пра памілаваньне просяць, і прасіць павінна маці. А яна і ў Эўропу езьдзіла некага прасіла. Цяпер яна кажа: «Я буду прасіць аўдыенцыі ў прэзыдэнта». З гэтага трэба было пачынаць! Яна пайшла на паваду ў праваабарончых арганізацый, якія альбо слаба разумеюць, у чым заключаецца памілаваньне, альбо наўмысна гэта зрабілі. Я ёй казаў: калі спрабуеце ўратаваць чалавека — ёсьць толькі адзін шлях: прасіць прэзыдэнта падпісаць памілаваньне. Я цудоўна ведаю, што эўрапейскія структуры дапамогуць мала: яны ж спрабуюць дзейнічаць ня мэтадам перакананьня, а з пазыцыі сілы. Ва ўмовах дыктатуры гэта непрымальна, бо Эўрапарлямэнт ня можа нічым сур’ёзна прыгразіць. Калі б гэта заявілі першыя асобы дзяржаваў — я згодны, але да іх ніхто не дастукаўся. А на тым узроўні, на якім вядзецца ўся гэтая балбатня — мала рэальна каб быў іншы вынік, акрамя адваротнага.

Соўсь: Дык па-вашаму, каб не было заяваў праваабаронцаў, выступаў у Эўрапарлямэнце — быў шанец на памілаваньне?

Алкаеў: Быў шанец. Бо дыктатура жыве па сваіх законах, там любы ціск успрымаецца як асабістая абраза, і заўсёды будзе адваротны вынік. Дыктатуру ліквідаваць мы ня можам, значыць, трэба жыць па іх законах, бо пытаньне ідзе аб жыцьці чалавека.

Соўсь: Цяпер выказваюцца меркаваньні, што Канавалава і Кавалёва ўжо маглі расстраляць, а абвяшчэньне аб адмове памілаваць было зроблена постфактум. У адпаведнасьці з заканадаўствам, колькі павінна прайсьці часу паміж адмовай памілаваць да выкананьня сьмяротнага прысуду? Вы ў свой час, як начальнік СІЗА на Валадарскага, мусілі добра ведаць парадак гэтай працэдуры. Ці заўсёды датрымліваліся тэрміны?

Алкаеў: Любы расстрэл да атрыманьня спэцыяльных дакумэнтаў будзе зьяўляцца забойствам, таму гэта выключана. Кавалёва перавялі ў сьледчы ізалятар на Валадарскага, дзе ўтрымліваюць да выкананьня прысуду, там яго трэба шукаць. Адвакатаў да яго цяпер ужо ня пусьцяць. Зараз калі кіраўнік спэцыяльнай групы атрымае дакумэнты, ён можа ў той жа дзень выканаць прысуд, гэта будзе законна.

Соўсь: У сваёй кнізе «Расстрэльная каманда» вы апісвалі, як выконваюцца расстрэльныя прысуды. Я не хацела б з маральных прычынаў прасіць вас паўтарыць гэта, кніга даступная праз інтэрнэт. Скажыце: вы ўжо шмат гадоў жывеце ў Эўропе, дзе не караюць сьмерцю. Як зьмяніўся ваш сьветапогляд? Ці вы лічыце, што ў беларускім грамадзтве ёсьць неабходнасьць у сьмяротным пакараньні? У любым грамадзтве?

Алкаеў: На першае пытаньне адкажу, што ў працэдуры наўрад ці што памянялася, там нічога новага не прыдумаеш. А з нагоды сьмяротных прысудаў я шмат разоў мяняў сваю думку, і ў Эўропе пераканаўся, што можна жыць і без сьмяротнага пакараньня, і злачынстваў тут ня больш, чым у Беларусі. Сёньня я праціўнік такога пакараньня.

Соўсь: Карэспандэнт «Свабоды» Алег Грузьдзіловіч, які прысутнічаў на кожным дні суду, цяпер заканчвае кнігу пра гэты працэс, якая неўзабаве выйдзе ў сэрыі «Бібліятэка Радыё Свабода». Кніга называецца: «Хто ўзарваў менскае мэтро?» Як бы вы адказалі на гэтае пытаньне?

Алкаеў: Я на судзе не прысутнічаў, глядзеў фрагмэнты ў інтэрнэце. Для мяне яснай карціны таго, што адбывалася на судзе, няма. У мяне былі б пытаньні да судзьдзяў, калі б я там быў. Як юрыст, я магу меркаваць пра справу, толькі прачытаўшы матэрыялы, а эмоцыі залі для мяне не аргумэнт. На судзе было дадзенае права абараняцца і Канавалаву, і Кавалёву, яны гэтае права ня выкарысталі. Таму Канавалаў сам сабе падпісаў прысуд, а Кавалёў — саўдзельнік. У мяне няма сур’ёзных падставаў сумнявацца ў тым, што Канавалаў зьдзейсьніў гэтае злачынства, я сумняюся толькі, што Канавалаў сам выбіраў месца для выбуху — тут, магчыма, быў нейкі дарадца. Але ён яго не назваў, хаця гэта ягоную віну і не зьмяншае.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG