Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт адклаў прыняцьце рэзалюцыі па Беларусі

абноўлена

На прапанову баўгарскага дэпутата Крысьціяна Вігеніна Эўрапарлямэнт адклаў галасаваньне па праекце рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі на наступнае пасяджэньне, якое пройдзе ў канцы месяца ў Брусэлі.

Такое рашэньне прынятае ў сувязі з адмовай Аляксандра Лукашэнкі памілаваць асуджаных да сьмяротнага пакараньня за тэракт у менскім мэтро Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

У размове з карэспандэнтам Радыё Свабода ў Брусэлі эўрадэпутат ад Баўгарыі Крысьціян Вігенін сказаў, што галоўнай прычынай пераносу галасаваньня па рэзалюцыі было тое, што ў Брусэлі атрымалі сыгналы зь Беларусі аб тым, што афіцыйны Менск гатовы на некаторыя пазытыўныя крокі. На думкі Вігеніна, гэта можа быць вызваленьне палітвязьняў і запрашэньне паслам Эўразьвязу вярнуцца ў Менск.

Крыстыян Вігенін (сацыяліст, Баўгарыя), старшыня дэлегацыі Эўрапарламэнту ў «Эўранэсце», патлумачыў карэспандэнту нашага радыё ў Брусэлі прычыны сёньняшняга адкладу прыняцьця рэзалюцыі па Беларусі:

«Учора мы правялі вельмі грунтоўныя дэбаты ў Эўрапарлямэнце зь вельмі ясным пасланьнем з нашага боку. Існуе супольны праект рэзалюцыі, які таксама зьяўляецца вельмі ясным. Эўрапарлямэнт адзінадушны што да пасланьня, якое мы хочам скіраваць да беларускіх уладаў, беларускага грамадзтва ды таксама грамадзянаў Эўропы. Аднак мы вырашылі адкласьці галасаваньне адносна гэтай рэзалюцыі да наступнага пленарнага пасяджэньня з дзьвюх асноўных прычынаў. Па-першае, каб даць час беларускім уладам задумацца і адрэагаваць на цяперашнюю сытуацыю, у якой яны знайшліся. Па-другое, каб мы маглі ўнесьці папраўкі ў сувязі з разьвіцьцём падзеяў, якога мы чакаем у бліжэйшыя дні» — сказаў Вігенін.

Перад гэтым у Эўрапарлямэнце была зробленая заява аб тым, што ў Казахстане ўлады вызвалілі з турмаў двух палітвязьняў, што было сустрэта воплескамі.

У праекце рэзалюцыі па Беларусі гаворыцца, што Эўрапарлямэнт:

1. Працягвае рашуча асуджаць пагаршэньне сытуацыі ў галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў, у спалучэньні з адсутнасьцю глыбокіх дэмакратычных і эканамічных рэформаў у Беларусі, і будзе далей выступаць супраць ціску на праціўнікаў рэжыму ў Менску;

2. Асуджае бесьперапынны перасьлед абаронцаў правоў чалавека і прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, а таксама актывістаў грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ ў Беларусі па палітычных матывах;

3. Патрабуе безумоўнага і неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, нагадвае, што ня можа быць ніякага прагрэсу ў дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю без прагрэсу ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі; і пакуль ня будуць безумоўна вызваленыя і цалкам рэабілітаваныя ўсе палітычныя вязьні, у тым ліку Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, два экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Мікола Статкевіч і Андрэй Саньнікаў, кіраўнікі прэзыдэнцкай кампаніі дэмакратычных кандыдатаў ад апазыцыі Павел Севярынец і Зьміцер Бандарэнка, а таксама Сяргей Каваленка, палітычны вязень, затрыманы па абвінавачваньні ў парушэньні хатняга арышту, які праводзіць доўгую галадоўку, якая прывяла да крытычнага пагаршэньня яго здароўя і непасрэдна пагражае яго жыцьцю.

4. Падкрэсьлівае, што рашэньне аб адкліканьні ўсіх паслоў краін-членаў ЭЗ зь Беларусі даказвае, што спробы беларускіх уладаў падзяліць Эўразьвяз на падставе прыняцьця рашэньня аб санкцыях не удалося;

5. Падкрэсьлівае, што цьвёрдая прыхільнасьць з боку ўсіх дзяржаў-членаў ЭЗ і іншых дэмакратычных краін дзейнічаць адзіным фронтам у момант неабходнасьці можа спрыяць агульначалавечым каштоўнасьцям у такіх краінах, як Беларусь, і наблізіць іх да шляху пераходу да дэмакратыі;

6. Асуджае агрэсіўную рыторыку, якую выкарыстоўвае Аляксандар Лукашэнка ў дачыненьні да міністра замежных спраў Нямеччыны;

7. Падкрэсьлівае, што замест паглыбленьня самаізаляцыі, Менск павінен зрабіць правільны выбар для свайго народу і адкрыць дзьверы да дэмакратыі;

8. Заклікае нацыянальныя фэдэрацыі хакею краін-членаў ЭЗ і ўсіх іншых дэмакратычных краінаў заклікаць Міжнародную хакейную фэдэрацыю (IHF) на сваім наступным кангрэсе ў траўні ў Хэльсынкі зноў абмеркаваць сваё раней прынятае рашэньне аб правядзеньні ў 2014 годзе чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі і абмеркаваць магчымасьць пераносу чэмпіянату ў іншую краіну да таго часу, пакуль ўсе палітычныя вязьні, прызнаныя міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі вязьнямі сумленьня, ня будуць вызваленыя і пакуль рэжым не праявіць відавочных прыкметаў сваёй прыхільнасьці і павагі да правоў чалавека і вяршэнства закона;

9. Вітае рашэньне Рады ад 28 лютага 2012 году аб умацаваньні абмежавальных захадаў і ўнясеньні 21 імёнаў людзей, адказных за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, у сьпіс асоб, якім забароны ўезд і актывы якіх замарожаныя;

10. Заклікае Раду падвесьці вынікі апошніх падзей у дыпляматычных дачыненьнях паміж ЭЗ і Беларусьсю і далейшага пагаршэньня сытуацыі ў галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў у краіне і, зыходзячы з гэтага, прыняць рашэньне аб далейшых абмежавальных мерах, у тым ліку мэтавых эканамічных санкцый;

11. Падкрэсьлівае, што Эўрапейскі Зьвяз і Беларусь павінны мець добрасуседзкія дачыненьні, і што ЭЗ мае рашуча падтрымліваць шчыльнае ўзаемадзеяньне з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі і дэмакратычныя спадзяваньні беларускага народу;

12. Зноў заклікае Камісію фінансавымі і палітычнымі сродкамі падтрымліваць намаганьні беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ (у тым ліку ТБ Белсат, Эўрапейскае радыё для Беларусі, радыё Racja і інш) і няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі з мэтай садзеяньня дэмакратыі;

13. Падкрэсьлівае неабходнасьць пашырэньня супрацоўніцтва паміж ЭЗ і яго ўсходнімі суседзямі ў рамках Усходняга партнэрства, уключаючы парлямэнцкае вымярэньне — Эўранэст — з агульнай мэтай ініцыяваньня сапраўднага працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі;

14. Даручае свайму Старшыні давесьці гэтую рэзалюцыю да ведама Рады, Камісіі, парлямэнтаў і ўрадаў дзяржаў-членаў, Генэральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы, Сакратарыяту Садружнасьці Незалежных Дзяржаў і Парлямэнту і Ўраду Рэспублікі Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG