Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пошуках большасьці


Артыкул Юрыя Дракахруста аб маўклівай большасьці ў Расеі ды Беларусі выклікаў эмацыйнае бурленьне форумаў менавіта з-за таго, што, здаецца, трапіў у болевую кропку, у адзін з нэрваў сучаснай грамадзкай дыскусіі. З кім зараз большасьць? З рэжымам ці супраць? І калі яна з рэжымам, дык чаму так? Няўжо яна нічога ня бачыць і не адчувае? Мы б хацелі прапанаваць уласныя адказы на пытаньні, якія паўсталі па выніках абмеркаваньня тэксту Юрыя.

Не ў парадку спрэчкі, аднак хутчэй для дапаўненьня ўжо сказанага спадаром Дракахрустам. Бо рэальнасьць заўсёды багацейшая за тэзы, выкладзеныя ў адным тэксьце. Тым больш – рэальнасьць сацыяльная. Тым больш – у Беларусі.

Адразу зазначу: я ня веру ў тое, што беларуская маўклівая большасьць падобная да расейскай. Што яна, як і ў Расеі, зараз цалкам «за Пуціна». Мне падаецца, нават дзеяньні ўлады ў Беларусі – апошнім часам нэрвовыя, няўпэўненыя, выяўляюць сумненьне ў тым, што большасьць маўчыць «за», а ня «супраць». А калі ўлады сумняваюцца ў тым, што большасьць – зь імі, чаму ў тым ня сумнявацца нам?

1. Тэза аб тым, што пакуль мы, экспэрты, спрачаемся тут аб інтэграцыі, правах чалавека ды легітымнасьці рэжыму, большасьць грамадзян моўчкі гэты рэжым прымае – прывабная. Аднак, на маё асабістае адчуваньне (іншых ня можа быць, глядзі апошні пункт тэксту), гэтая тэза састарэла на два гады. Два гады таму я быў у ліку тых, хто сыходзіў з устаноўкі аб большасьці, якая ў крытычнай сытуацыі заўсёды падтрымае дзеяньні ўраду, бо бягучы «сацыяльны кантракт» выконваўся дзяржавай бездакорна. Аднак, шаноўныя калегі! За апошнія 24 месяцы ў краіне шмат што (ці ня ўсё?) зьмянілася! Па-першае, з гэтай большасьцю дзіўна паводзіліся падчас выбараў, калі спачатку зарэгістравалі ўсіх кандыдатаў, пасьля частку з іх зьмясьцілі ў турмы. Па-другое, з большасьцю яшчэ больш сумнеўна паводзіліся адразу пасьля выбараў – калі заробкі ляснулі ў тры разы, калі банкаўскія ўклады абясцэніліся. Тое, што большасьць маўчала, не азначае, што яна нічога не зразумела. Наогул, аб пратэстным вымярэньні беларускага паняцьця «большасьць» прапаную прачытаць наступны тэкст.
Асноўнае адрозьненьне цяперашняй сытуацыі – у адсутнасьці глебы для аптымізму.

Цяпер аб параўнаньні з Пуціным. Ведаеце, Пуцін-2012 гэта не Лукашэнка-2010, гэта Лукашэнка-2006. Узгадваеце, якія настроі панавалі ў грамадзтве пасьля разгрому намётавага мястэчка ў сакавіку 2006? Тады сапраўды, як слушна напісана спадаром Дракахрустам, большасьць была зь дзяржавай, апазыцыя выклікала пагарду, а на праблемы з дэмакратыяй наракалі выключна незалежныя палітолягі (чытай – маргіналы). Бо грамадзтва было сытым, працаўладкаваным. Грамадзтва стаяла ў чарзе на ільготны крэдыт на жыльлё ды глядзела ў будучыню з аптымізмам. Асноўнае адрозьненьне цяперашняй сытуацыі – у адсутнасьці глебы для аптымізму. Паглядзіце, колькі людзей было вымушана паехаць на заробкі ў Расею, каб выплачваць працэнты па тых самых набраных жыльлёвых крэдытах.

2. Напярэдадні выбараў Пуцін істотна адпрацаваў сацыяльна-эканамічную тэму. Заробкі вайскоўцаў павялічыліся да касьмічных па беларускіх мерках памераў. Каб ня быць шматслоўным, нагадаю пра гэтую інфаграфіку «Комсомольской правды». Паводле афіцыйных зьвестак нацыянальнай статыстычнай службы, беларусы атрымалі за сьнежань 257 эўра зарплаты, расейцы – 721 эўра. Беларусы самыя бедныя ў рэгіёне. Гэта пры тых коштах на прадукты харчаваньня, якія мы маем цяпер у крамах. Дык што павінна думаць цяпер большасьць? Чаму яна павінна быць «за»?
Сёньня працэдуры ўтрыманьня кантролю над грамадзтвам перасталі быць палітычнымі, яны зрабіліся квазі-палітычнымі, з дамінаваньнем прымусу, а не заахвочваньня.

3. Асноўнае адрозьненьне беларускай «маўклівай большасьці» ад расейскай: я зь цяжкасьцю ўяўляю сёньня 100 тысяч на праўладным «антыаксамітавым» мітынгу ў Менску. Я не магу дапусьціць, што 100 тысяч зьбярэцца ў Беларусі на мерапрыемства кшталту таго, што адбылося на Паклоннай гары ў Маскве. Там, у Расеі, так ці інакш, з аўтобусамі з прадпрыемстваў, з разьмеркаваньнем, з гарачымі абедамі ды нанятымі ў тэатральных студыях «трудзяшчыміся» альтэрнатыву Балотнай сабралі. У нас масавых праўладных мерапрыемстваў не было вось ужо колькі гадоў! Больш за тое, у мяне ёсьць адчуваньне, што калі б 100 тысяч сагналі на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, пад чырвона-зялёныя сьцягі, натоўп павёў бы сябе непрадказальна. Таму што людзей дастала – дастала атрымліваць па два з паловай мільёны і чуць па ТБ, што гэта па-багатаму. Дастала скаланацца ад экзатычных ініцыятыў кшталту «а ці ня ўвесьці нам плату за наведваньне дактароў у паліклініках»? «А ці не падвысіць нам плату за навучаньне ў два разы»? Карацей, сёньня ўлада паводзіць сябе не як улада большасьці. Сёньня працэдуры ўтрыманьня кантролю над грамадзтвам перасталі быць палітычнымі, яны зрабіліся квазі-палітычнымі, з дамінаваньнем прымусу, а не заахвочваньня. Уласна кажучы, улада зьяўляецца сёньня ўладай не таму, што большасьць яе абрала і нават не таму, што большасьць ня супраць таго, што ўлада сама назвала сябе ўладай. Улада захоўвае кантроль над грамадзтвам выключна з-за таго, што грамадзтва баіцца выказацца супраць, бо тое, што робяць на «Граніце» ды зь іншымі, хто спрабуе пратэставаць, паказальна. Згодны з тым, што ў паліталёгіі гэта таксама ўспрымаецца як легітымнасьць (глядзі кніжку «Power and Powerlessness» («Улада і бясьсільле») Джона Гавенты). Аднак навошта казаць аб маўклівай большасьці? Ці вы наогул ведаеце, што скажа гэтая большасьць, калі ў яе зараз раптам атрымаецца нешта сказаць?
Уласна кажучы, як у японскіх рыбацкіх вёсках, у беларускага грамадзтва няма сацыяльнай прасторы для зьяўленьня «большасьці».

4. Яшчэ адзін сумнеўны матыў – гэта існаваньне ў Беларусі большасьці як такой. Я б нагадаў пра файную тэзу культуроляга Юліі Чарняўскай аб тым, што нашае грамадзтва – гэта грамадзтва «малых груп». Тэза была абгрунтаваная ў тым ліку ў кнізе Чарняўскай «Беларус. Штрыхі да аўтапартрэту». Уласна кажучы, як у японскіх рыбацкіх вёсках, у беларускага грамадзтва няма сацыяльнай прасторы для зьяўленьня «большасьці». Ёсьць меркаваньне малых групаў, якім бракуе камунікатыўных каналаў для зьліцьця ў вялікую грамаду. Нам цікава, што думае пра рэжым сусед, чальцы сям'і, родныя, супрацоўнікі ці вяскоўцы. Раней «меркаваньне малых груп» зьлівалася ў станоўчую для ўраду карціну. Цяпер малыя групы – супраць падвышэньня коштаў, супраць зносу вёсачкі, зямлю пад якой набылі кітайцы, супраць падаражаньня праезду ў тралейбусе ды гэтак далей. Як не было праўладнай большасьці, так цяпер няма антыўладнай. Аднак калі вынайсьці сацыялягічны інструмэнтар, які дазволіць карэктна папрацаваць з малымі групамі, выявіцца (зноўку – маё асабістае дапушчэньне), што яны – па-рознаму «супраць». Ды ня супраць улады як такой, аднак – той палітыкі, што цяпер праводзіцца. Аднак: дзе вы бачылі тую праўладную маўклівую большасьць?

5. І апошняе: чаму ў маім камэнтары ні разу не прыгаданыя сацыялягічныя апытаньні, хоць паводле характару тэкст хутчэй якраз «сацыялягічны» (чым які іншы). Хацеў бы нагадаць пра публікацыю майго любімага францускага сацыёляга Жана Бадрыяра «A l’ombre des majorités silencieuses, ou la fin du social» («У ценю маўклівай большасьці, ці канец сацыяльнага») (рас. пераклад). Паводле Бадрыяра маса не валодае ні атрыбутам, ні прэдыкатам, ні якасьцю, ні рэфэрэнцыяй. Адсюль – яе нявызначанасьць, адсутнасьць «сацыялягічнай рэальнасьці». «Маўклівая большасьць, – пісаў Бадрыяр – рэфэрэнт уяўны. Гэта не азначае, што яго няма. Гэта азначае, што маса ня можа мець ніякай рэпрэзэнтацыі». Таму нашы словы пра тое, што масы – з уладай (ці масы – супраць улады) нішто іншае, як палітычны маніфэст, які ніяк не карэспандуецца з тым рэфэрэнтам, на які ідзе спасылка ў такім маніфэсьце.

І, калі масы ня маюць інструмэнтаў рэпрэзэнтацыі, я не разумею, навошта незалежнаму экспэртнаму асяродку канструяваць «меркаваньне масы» як меркаваньне «маўклівай большасьці», якая лагодна ставіцца да ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG