У Лукашэнкі быў намер пакрыўдзіць і прынізіць.
Дракахруст: У крымінальнай культуры (і ў засвоенай ад яе культуры карпарацыі сілавікоў) - наколькі згвалтаваны мужчына ці гей лічыцца ізгоем, асобай, якая знаходзіцца ў самым нізе гіерархіі?
Алкаеў: У крымінальным сьвеце гэта абсалютна так. Калі чалавек быў пасіўным партнэрам у сэксуальным кантакце - па згодзе ці бяз згоды - ён безагаворачна апынаецца ў самым нізе, бяз права голасу і нават бяз права сядзець за адным сталом з «нармальнымі» людзьмі. Але гэта чыста крымінальная культура. Яна і ў ЗША такая, і ў Нямеччыне, і ў нашым знакамітым Гулагу.
Дракахруст: А наколькі гэтае разьмеркаваньне роляў, статусаў засвойваюць прадстаўнікі сілавых структур - МУС, КДБ, наколькі яны прасякаюцца культурай тых, каго яны ловяць і ахоўваюць?
Алкаеў: Гэта даволі моцна ўплывае. Мы камунікуем падчас службы з усёй катэгорыяй, нягледзячы на статусы. Напрыклад, не прынята вітацца за руку з асуджанымі. Не таму, што гэта забаронена. А таму, што ты ня ведаеш, хто перад табой, а раптам ты павітаўся за руку з "апушчаным". І тады няважна, хто ты - лейтэнант, палкоўнік ці генэрал - ты губляеш аўтарытэт у вачах іншых асуджаных. Таму лепш ні з кім не вітацца за руку і гэтае правіла захоўваецца.
Дракахруст: А як вы мяркуеце - адкуль гэта ў Лукашэнкі? Ён не сядзеў. Да таго ж, здаецца, гэтая тэрміналёгія - наконт "нахіляць", "нагнуць" - узьнікла ў яго прамовах некалькі гадоў таму, раней ён так не гаварыў. Можа, нейкія новыя людзі ўзьніклі побач зь ім?
Можа да псыхіятраў трэба зьвярнуцца, каб яны высновы зрабілі.
Алкаеў: Я таксама зьвярнуў увагу на тое, што ў яго ўзьнікла такая лексыка. Ня ведаю чаму – можа да псыхіятраў трэба зьвярнуцца, каб яны высновы зрабілі. Я сам валодаю гэтай тэрміналёгіяй, але ніколі яе не выкарыстоўваю – "нахіляць" і іншае. На мяне паглядзелі б, як на вар'ята, маўляў, чаго ты такія параўнаньні прыводзіш? Яны для мяне асабіста абразьлівыя.
Дракахруст: А наколькі такая лексыка прынятая ў размовах паміж сабой афіцэраў праваахоўных органаў?
Алкаеў: Не, не прынятая. Жартам так могуць казаць, за келіхам, такая ж балбатня, як у сьлесараў ці шахтораў. Але публічна - я ўпэўнены, што ад афіцэра МУС вы такое ніколі не пачуеце. Гэта непрымальна. Можа, нешта памянялася за 10 гадоў, але калі я служыў, такая лексыка ў публічным абароце не віталася.
Там да гэтага сур'ёзна ставяцца. І ня трэба прымяраць на сябе тэму, хваравітую для многіх людзей, якія сталі ахвярамі гвалту. Я наагул не разумею, навошта прэзыдэнту гэта на сябе прымяраць - мяне хочуць, мяне хочуць. Хіба прыгажун такі ці што?