Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без Чыжа. Эўразьвяз пашырыў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

абноўлена

Рашэньне пашырыць санкцыі прынятае 27 лютага на паседжаньні Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Бруселі.

21:43 Чаму Славенія пашкадавала Чыжа?

Міністар замежных справаў Славеніі Карл Эр’явец патлумачыў карэспандэнту Радыё Свабода, чаму Славенія была супраць уключэньня бізнэсоўца Юрыя Чыжа ў пашыраны сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.

«Славенія не магла пагадзіцца з фактам, што ў гэты сьпіс быў уключаны толькі адзін бізнэсовец, то бок, спадар Юры Чыж. Ёсьць болей беларускіх бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць беларускі рэжым, якія маюць блізкія адносіны з гэтым рэжымам.»

21:29 Д. Мельянцоў: «Паказьнікам быў прысуд Каваленку»

«Вельмі важным паказьнікам, наколькі афіцыйны Менск быў гатовы рухацца ў бок ЭЗ, быў, на маю думку, суд над Сяргеем Каваленкам. Па яго выніках эўрапейскія палітыкі вырашалі ступень добрай волі, якая ёсьць у Менску. Калі б прысуд быў мягчэйшы, то я думаю, што пытаньне санкцый менавіта на гэтым пасяджэньні Рады ЭЗ не разглядалася б.»

21:00 Славенская кампанія RIKO патлумачыла, чаму яна супраць санкцыяў

Кампанія выступае супраць эканамічных санкцыяў, таму што яны ўзмацняць залежнасьць беларускіх кампаніяў ад Расеі і Кітаю.

20:45 «Эўразьвяз пацьвердзіў, што мараль і годнасьць для яго нечага вартыя»

Ці прыносіць плён палітыка візавых санкцыяў? Ці спадзяюцца ў Брусэлі такім чынам зьмяніць сытуацыю ў Беларусі? Ці можна лічыць новыя санкцыі адказам Эўразьвязу на апошнія пагрозьлівыя выказваньні Лукашэнкі? Наколькі радуюцца ў Маскве таму факту, што афіцыйны Менск зноў сварыцца з Брусэлем? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць: зь Менску — палітоляг Алесь Лагвінец, з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:29 0:00
Наўпроставы лінк


19:47 Сікорскі пра Чыжа і славенцаў: Гэта сумны дзень для Эўразьвязу

«Гэта сумны дзень для Эўразьвязу, бо эканамічныя інтарэсы адной з краінаў-сябраў Эўразьвязу аказаліся важнейшымі, чым патрэба паўплываць на прэзыдэнта Лукашэнку дзеля вызваленьня палітвязьняў».

19:40 Санкцыі супраць Чыжа толькі адкладзеныя

Як паведамляе агенцтва AFP, міністры замежных спраў краін Эўразьвязу сёньня дамовіліся яшчэ раз разгледзець у будучыні прапанову аб санкцыях супраць беларускага алігарха Юрыя Чыжа.

Апрача таго, агенцтва са спасылкай на кіраўніцу зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан паведамляе, што перамовы ў Зьвязе наконт санкцый супраць шэрагу беларускіх кампаній адбудуцца ўжо ў сакавіку.

Гарадзенцы пра санкцыі:



19:21 Віціс Юрконіс: У Эўразьвязе вэртыкалі няма

«Гэтае рашэньне сьведчыць, што кірунак на пашырэньне санкцыяў захоўваецца, што Эўразьвяз ня мірыцца з сытуацыяй з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі. Гэта паказчык таго, што гэтае пытаньне не забытае, чаго апасалася беларуская апазыцыя».

19:16 Фёдараў: Лукашэнка баяўся большага

«У Эўразьвязе рашэньні прымаюцца кансэнсусам, таму маленькая Славенія, і маленькі Люксэмбург, і вялікая Нямеччына маюць роўныя правы і могуць заблякаваць любое рашэньне. Іншая справа, што астатнія нейкім чынам спрабуюць узьдзейнічаць на таго, хто супраціўляецца, і большай часткай гэта ім удаецца. У дадзеным выпадку, відаць, не было такога моцнага ціску, і Славеніі ўдалося зрабіць тое, што яна хацела».

19:13 Чорны сьпіс будзе пашырацца

Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу Кэтрын Эштан заявіла, што ў сакавіку Рада міністраў замежных спраў ЭЗ разгледзіць пашырэньне «чорнага сьпісу». Сюды, разам з прадстаўнікамі судоў ці міліцыі могуць патрапіць і бізнэсоўцы, прадстаўнікі прадпрыемстваў.

19:06 Эркі Туоміоя: Чыжа яшчэ зробяць неўязным

«Так, мы расчараваныя [пазыцыяй Славеніі], і я думаю, што амаль усе ў Радзе былі расчараваныя. Але заўтра мы абвесьцім санкцыі супраць судзьдзяў, і мы вернемся да гэтага пытаньня празь некалькі тыдняў. Насамрэч усе пагаджаюцца, што трэба скласьці больш аб’ёмны сьпіс неўязных, і Чыж, безумоўна, будзе ўключаны ў яго ў будучыні».

18:48 Уільям Гэйг: Санкцыі павялічаць ціск на Менск

«Вельмі важна, што мы павялічылі ціск, што мы зацьвердзілі санкцыі, якія неўзабаве афіцыйна абвесьціць Кэтрын Эштан. Гэтыя санкцыі вельмі адчувальна павялічаць наш ціск на беларускі рэжым».

18:24 Рар: «Эўразьвяз будзе закручваць гайкі са свайго боку»

«Зараз Эўразьвяз будзе закручваць гайкі за свайго боку, каб прымусіць Беларусь ісьці на саступкі. Я мяркую, што ЭЗ добра разумее, што свой уплыў на Беларусь ён усё больш губляе, Менск усё больш сыходзіць у Эўразійскі саюз, у бок Расеі. Калі гэты працэс будзе паглыбляцца, Брусэль і іншыя эўрапейскія сталіцы страцяць магчымасьць хоць неяк уплываць на палітыку Менску. Таму зараз такая рэакцыя — прымусіць Менск задумацца і пайсьці на перамовы».

18:00 Сваякі палітвязьняў — за пашырэньне сьпісу неўязных

Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча: «Мяркую, Эўропа мусіць, сказаўшы „а“, настойваць на сваёй пазыцыі... Гэтыя меры, канешне, мінімальныя з таго, што можа зрабіць Эўропа. Але і гэта ўсё ж дэманструе нязгоду зь дзеяньнямі, якія парушаюць нормы маралі і закону».

Пашырэньне санкцыяў Эўразьвязу камэнтуюць Марына Адамовіч, Алена Каваленка і палітвязень Павал Севярынец.

17:50 Эўразьвяз пашырыў сьпіс неўязных

Як паведамляе брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода, Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу пашырыла візавую забарону яшчэ на 21 чалавека зь Беларусі: 19 чыноўнікаў з судовай сыстэмы Беларусі і 2 міліцэйскіх чыноўнікаў. Сярод іх няма бізнэсоўца Юрыя Чыжа.

Прозьвішчы пакуль не агучваюцца. Іх абяцаюць апублікаваць заўтра. Раней у беларускі чорны сьпіс Эўразьвязу былі ўнесеныя 210 чалавек.
"Чорны сьпіс" Эўразьвязу

15:42 Карл Більт: Бяз вострых санкцый мы будзем выглядаць слабымі

Карл Більт
Карл Більт
«У Беларусі ўзмацняюцца рэпрэсіі, і мы хочам завастрыць нашыя сродкі, бяз гэтага мы будзем выглядаць слабымі. Мы хочам вострых санкцый. Бяз вострых санкцый нашыя словы будуць выглядаць слабымі. Вострыя санкцыі проста неабходныя. Калі мы ня ўхвалім іх зараз, то мы можам прыняць рашэньне і ў наступным месяцы».

13.58 Эштан: Мы па-ранейшаму лічым сытуацыю ў Беларусі непрымальнай

«Ацэньваючы сытуацыю ў Беларусі, мы зноў кажам пра вялікую занепакоенасьць, калі думаем, што там адбываецца з асобамі, якія знаходзяцца ў турме. І мне сапраўды вельмі сумна бачыць, што Беларусь не змагла адказаць на прапанову сапраўды моцнага і важнага супрацоўніцтва з Эўразьвязам, як эканамічнага, так і палітычнага.»

Эштан: Па-ранейшаму лічым сытуацыю ў Беларусі непрымальнай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:37 0:00
Наўпроставы лінк


13.53 У новым сьпісе неўязных няма Чыжа
У сьпісе з 21 асобы, што мае дадацца да неўязных у Эўразьвяз беларускіх чыноўнікаў, няма бізнэсоўца Юрыя Чыжа. Гэтым не задаволеныя прадстаўнікі Польшчы, якія лічаць, што такое пашырэньне губляе сэнс, паведамляе наш карэспандэнт у Брусэлі.

12.15 Кіраўнікі краінаў Эўразьвязу ўзгаднілі сьпіс з 21 асобы, супраць якіх будуць уведзеныя санкцыі, паведамляе AFP са спасылкай на дыпляматычную крыніцу. Гаворка ідзе пра кіраўніка міліцыі, а таксама высокапастаўленых чыноўнікаў, якія курыруюць судовыя пытаньні. У ЭЗ прыйшлі да высновы, што гэтыя людзі нясуць адказнасьць за цкаваньне апанэнтаў улады ў Беларусі.

12.06 Сікорскі твіціць пра пытаньне аб санкцыях на парадку дня

У апублікаваным парадку дня паседжаньня гэтае пытаньне ня значыцца. Разам з тым, як паведаміла БелаПАН Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка вярхоўнай прадстаўніцы ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, міністры ЭЗ «могуць закрануць гэтае пытаньне».

Кацыянчыч нагадала, што ў студзені Рада міністраў ЭЗ вырашыла пашырыць крытэры вызначэньня асобаў, якія парушаюць правы чалавека і дзеюць у падтрымку беларускага рэжыму. «Аднак сьпіс асобаў і далейшыя меры ціску на беларускія ўлады ўсё яшчэ абмяркоўваюцца», — адзначыла Кацыянчыч.

Пра тое, што на найбліжэйшым паседжаньні Рады міністраў ЭЗ можа быць прынятае рашэньне пашырыць санкцыі, паведаміў сваякам палітвязьняў падчас свайго візыту ў Менск 8-9 лютага кіраўнік Дэпартамэнту па пытаньнях Расеі, "Усходняга партнэрства", Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы замежнага дзеяньня ЭС Гунар Віганд.

Тое, што беларускае пытаньне будзе абмяркоўвацца, пацьвердзіў і супрацоўнік амбасады Польшчы ў Беларусі Вітальд Юраш.

Палітычнае рашэньне пра візавыя і эканамічныя санкцыях у дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі было прынятае Радай ЭЗ 31 студзеня 2011 г.

Першапачаткова ў сьпіс чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі, было ўключана 158 імёнаў. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЭЗ, а іх рахункі і маёмасьць у краінах ЭЗ павінны быць замарожаныя.

Пасьля пералік неаднаразова пашыраўся, і цяпер у ім налічваецца больш за 200 прозьвішчаў.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, разглядаецца магчымасьць уключэньня ў сьпіс яшчэ 135 беларускіх чыноўнікаў.

Мядзьведзеў стаў на абарону афіцыйнага Менску

24 лютага Аляксандр Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў выступілі з сумеснай заявай: «Дзеючы ў духу агульнага падыходу, узгодненага паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй, а таксама з улікам неаднаразовых заяваў ЗША і Эўрапейскага Зьвязу пра магчымасьць ужыцьця эканамічных абмежаваньняў у адносінах да Рэспублікі Беларусь, прэзыдэнты Беларусі і Расеі пацьвярджаюць недапушчальнасьць выкарыстаньня захадаў эканамічнага ціску або прымусу ў міждзяржаўных адносінах».

Такія захады, гаворыцца ў сумеснай заяве Лукашэнкі і Мядзьведзева, «ствараюць штучныя бар’еры ў гандлі, неабгрунтаваныя перашкоды эканамічнаму ўзаемадзеяньню суб’ектаў гаспадараньня, ушчамляюць законныя інтарэсы эканамічнай бясьпекі дзяржаў, што пагражае нанясеньнем шкоды прадуктыўнаму ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву, разьвіцьцю інтэграцыйных працэсаў на эўразійскім кантынэнце».

Лукашэнка: «Калі толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка»

Яшчэ раней Лукашэнка папярэдзіў, што Менск можа жорстка адрэагаваць на санкцыі: «Гэтыя санкцыі, якімі вы, эўрапейцы, размахваеце перад нашым носам, вы зразумейце — мы пакуль трываем. Але калі толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка».

«Сёньня спрабаваць нас дзесьці прыструніць, пакрыўдзіць, пакараць — беспэрспэктыўна. Для нашай краіны, калі шчыра казаць, супрацоўніцтва з Расеяй, Кітаем, Індыяй, Цэнтральнай Азіяй — больш чым дастаткова. Мы забясьпечым нармальнае жыцьцё нашых людзей. Але мы ня хочам быць стрэмкай у эўрапейцаў, таму што тут цэнтар Эўропы», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG