серада, 23 траўня 2012, Менск 02:56

Грамадзтва

У Літве беларуская суполка судзіцца зь Мін'юстам за Бяляцкага

Адна з Віленскіх беларускіх грамадзкіх арганізацыяў судзіцца зь Міністэрствам юстыцыі Літвы наконт перадачы дадзеных аб рахунках беларускіх праваабаронцаў рэпрэсіўным органам Беларусі.

Кіраўнік Згуртаваньня беларускай моладзі Віленшчыны Валеры Савянкоў і прадстаўнік мінюсту Літвы Аляксандрас Івановас. Фота «Дому аб’яднанай Беларусі ў Літве».
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Тацяна Поклад
Сёньня адбыўся разгляд справы ў Віленскім акруговым адміністрацыйным судзе. Скарга была пададзеная летась, пасьля затрыманьня беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Згуртаваньне беларускай моладзі Віленшчыны зьвярнулася ў Міністэрства юстыцыі Літвы з просьбай адклікаць інфармацыю пра банкаўскія рахункі беларускіх праваабаронцаў і грамадзкіх дзеячаў, якую Літва перадала ў Беларусь.

Ліст літоўскага міністэрства юстыцыі, накіраваны ў Беларусь 24 жніўня 2011 г., з просьбай «лічыць перададзеныя зьвесткі аб рахунках А.Бяляцкага і В.Стэфановіча ў банках Літвы несапраўднымі», арганізацыя называе недастатковым крокам, бо гэта не перашкодзіла беларускім уладам асудзіць А.Бяляцкага на падставе зьвестак, атрыманых з Літвы.

Аляксандрас Івановас
x
Аляксандрас Івановас
​​На пытаньне пазоўніка ў часе судовага разбору аб тым, ці была афіцыйная пячатка на арыгінале гэтага ліста і на якой мове быў арыгінал, прадстаўнік Мін'юсту Літвы Аляксандрас Івановас адказваў аднолькава: «Не магу сказаць».

Гэткім жа быў адказ на пытаньне пазоўніка аб тым, што было зроблена пасьля публічнага абяцаньня міністра юстыцыі Літвы «зрабіць усё магчымае, каб вызваліць Алеся Бяляцкага». Без адказу засталося і пытаньне пазоўніќа адносна таго, хто мог перадаваць інфармацыю аб апазыцыянэрах і праваабаронцах беларускім рэпрэсіўным органам, бо стала вядома, што першасная інфармацыя аб рахунках беларускіх дзеячаў у Літве паступала зь Мін'юсту ад асобы з ініцыяламі «А.Б» яшчэ год таму.

«Гэта тычыцца ня проста нашай арганізацыі, гэта пытаньне маральнай адказнасьці Літоўскай дзяржавы, якая не зрабіла таго, што магла б зрабіць для вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Замест паперы, аб якой было загадзя вядома, што яна ня мае юрыдычнай моцы, павінен быў быць дасланы афіцыйны зварот, які б меў афіцыйную моц, у Вярхоўны суд Беларусі альбо Мін'юст РБ, і які б зрабіў па-сапраўднаму немагчымым скарыстаць у судзе нават фармальна тыя зьвесткі аб рахунках, з-за якіх Аляся Бяляцкага асудзілі. Мін'юст Літвы мусіць адказаць за тую маральную і матэрыяльную шкоду, якая гэтым была ўчыненая супраць беларускіх дзеячаў, а суд хай ацэніць гэтую шкоду і вызначыць адказнасьць чыноўнікаў Мін'юсту», — заявіў кіраўнік Згуртаваньня беларускай моладзі Віленшчыны Валеры Савянкоў пасьля судовага разгляду.

Судзьдзя Галіна Зайкаўскайце паведаміла, што рашэньне суду будзе абвешчанае 5 сакавіка.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Raman Jnkovic Горад:: Vilnja
23.02.2012 01:02
Dzjakui za cikavi repartaz, budzem hakac pracjag spravi.
Адказаць

Імя:: Т.Поклад
23.02.2012 12:44
Дзякуй, сп. Раман. Калі вы зь Вільні, можа вам будзе цікава: пры абвешчаньні рашэньня суду могуць прысутнічаць усе ахвотныя. У 13.00, 5 сакавіка, Віленскі акруговы адміністрацыйны суд, што на вул. Зыгмунтоўскай,2 (Жыгіманту,2), справа "Згуртаваньне беларускай моладзі Віленшчыны супраць Міністэрства юстыцыі Літвы".

Імя:: Буркун Горад:: Кунбур
23.02.2012 13:01
Дык а што кажуць прадстаўнікі улады літоускай на гэта?
Адказаць

Імя:: Т.Поклад Горад:: Вільня
23.02.2012 20:20
Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Літвы А. Івановас пасьля судовага разбіральніцтва сказаў мне, што пакуль няма рашэньня суду, камэнтаваць ці адказваць на пытаньні па гэтай справе не можа.