Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова слабасьці


Дырэктар дэпартамэнту Эўрапейскай службы замежных дзеяньняў Гунар Віганд пасьля сустрэч з уладамі ўрачыста паведаміў пра дасягнуты «прагрэс». «Магчыма, цягам бліжэйшых тыдняў выйдзе на волю нехта з ключавых палітвязьняў», — заявіў Віганд. Гэтая фраза паэтычная. Фраза-эпоха. Фраза-маналіт. Фраза-прысуд. Вы ўчытайцеся ў яе: «Магчыма» — абазначае, што нічога дакладнага Віганду не абяцалі. «Цягам бліжэйшых тыдняў» — што не паведамілі тэрмін таго, чаго не абяцалі. «Нехта з ключавых» — намякае, што прозьвішча на кулюарных перамовах не было названа ці (што яшчэ больш цынічна) — прозьвішча забаранілі рэтрансьляваць самому Віганду. Мы вам скажам, вы — нікому. А то дамо бізуна. Фраза «магчыма, цягам бліжэйшых тыдняў выйдзе на волю нехта з ключавых палітвязьняў» — гэта новы партрэт Эўразьвязу, ягоных магчымасьцяў і ягонай моцы ў дачыненьні да Беларусі. Калі ў мэдыях і вялося некалі нейкае маўклівае спаборніцтва за сьвядомасьць беларусаў, спаборніцтва гэтае Эўропа прайграла.

1. Любая ўлада ў першую чаргу — тая мова, на якой улада гаворыць. Мы ня так часта сустракаемся з рэпрэсіўнымі праявамі ўлады — з паліцыяй, з турмой, з іншымі абмежавальнымі атрыбутамі. Улада існуе для нас як нейкі мэсыдж, скіраваны ў нашу сьвядомасьць. Нас можа ніколі не затрымлівалі, аднак мы дакладна ведаем, што з намі будзе, калі мы выйдзем да прахадной заводу ды пачнём прапагандаваць перамены. З гэтай нагоды цікава, дарэчы, чытаць крытыку, якую чытач Корзун даслаў калюмністу «Нашай Нівы» Сяргею Ваганаву. Аднак вернемся да тэмы. Мяне ніколі не арыштоўвалі і не затрымлівалі ў краінах Эўразьвязу. Памяркоўныя віленскія паліцыянты ды ветлівыя польскія мытнікі — адзіныя пасланцы эўрапейскай «улады», якіх я бачыў у жыцьці. І вось, калі я чытаю гэтую няўпэўненую фразу пра «некага», які «можа» «цягам тыдняў» выйдзе зь беларускіх турмаў, я не бачу тут мэсыджу ўлады. Мэсыджу моцы. Мэсыджу падпарадкаваньня. Я бачу разгубленасьць і слабасьць. Я ня ведаю, каго ўвасабляюць віленскія паліцыянты ды польскія мытнікі.

2. Зь іншага боку, мэсыджы беларускага боку, скіраваныя на Захад, прынцыпова іншыя. Гэта яшчэ не Ван Дэйкаўская «мова нянавісьці», аднак ад гэтай «фені» адразу робіцца зразумела, што зыходзіць яна ад сур’ёзных людзей і гуляцца з гэтымі людзьмі небясьпечна.
Эўропа пакідае вобраз нямоцнай, слабой, дурной.

Калі беларускія афіцыйныя асобы раскрываюць рот, каб выказацца аб Брусэлю, з гэтага рота вылятае такое, што братва-бюракратыя Пялевінскай «Уркаіны» з раману Snuff пазайздросьціла б. Сказы простыя, кароткія і эмацыйна насычаныя. Казлы і бараны. Брыдоцьце і фашысты. Фундатары «пятай калёны». Ворагі і «шалапаі». Мы, інтэлектуалы, наракаем на гэтую «феню». Нам непрыемна, што нашае кіраўніцтва можа так выказвацца аб эўрапейскім істэблішмэнце. Аднак у звычайнага гледача БТ гэта пакідае адчуваньне зіхаценьня ўсёмагутнасьці, якое сыходзіць ад афіцыйнага Менску, ды слабасьці, якую выпраменьвае Брусэль.

3. Што самае цікавае, нават у нас, добра выхаваных ды начытаных «інтэрнаўтаў», at the end of the day Эўропа пакідае вобраз нямоцнай, слабой, дурной. Адной з ускосных праяваў гэтай слабасьці зьяўляецца тое, што беларускія інтэлектуалы любяць ганьбіць Эўропу (ці ня тым займаюся я цяпер?),інстынктыўна адчуваючы слабасьць, нерашучасьць, няздольнасьць ударыць, адказаць на абразу, апазыцыйныя палітыкі, палітолягі, экспэрты, адзін за адным кажуць, што менавіта ў Эўропе — корань усіх беларускіх праблем. І што праблема — не ў рэжыме ды рэпрэсіях. Праблема — у тым, што Эўропа нерашуча рэагуе на рэжым ды рэпрэсіі. І што вось каб яна ўвяла эканамічныя санкцыі, вось тады б!.. Крытыкаваць Эўропу бясьпечна, за практыкаваньні ў выкрываньні яе зладзейскіх роляў, не пазбавяць шэнгенскай візы, бо Эўропа ж за плюралізм ды свабоду думкі. Яна добранькая. Так праяўляецца адна з рабскіх акалічнасьцяў лібэральнай супольнасьці ўсёй постсавецкай прасторы, пра якую аднойчы трапна напісаў лібэрал Леанід Радзіхоўскі. У адным кароткім артыкуле «Мыслящий тростник» ён сфармуляваў, чаму інтэлігент падсьвядома прагне моцнай улады, якую сам будзе баяцца. І чаму дэмакрат, рэфарматар, лібэрал — ніколі ня будзе для нас з вамі «добрым царом» (бо яго ж можна крыць, г. з., ён ня моцны і ня ўлада).

4. Эўропа паводзіць сябе з афіцыйным Менскам так, як быццам бы афіцыйны Менск — гэта выхаваная ды інтэлігентная Эўропа. Афіцыйны Менск паводзіць сябе з Эўропай так, як быццам гэта купка казлоў, бараноў ды ворагаў. І тут узьнікае вечная дылема: ці можна
Будзь крутой, Эўропа! Паглядзі Таранціна. Павучыся ў Расеі.

дабру перамагчы зло мэтадамі сьвятла і дабрыні? Эўропа спрабуе. Выконвае абяцаньні, праяўляе прынцыповасьць. Зь яе рагочуць. Урэшце, зьяўляецца фраза «магчыма, цягам бліжэйшых тыдняў выйдзе на волю нехта з ключавых палітвязьняў», пасьля якой камічнасьць таго, што адбываецца па лініі Брусэль-Менск павінна стаць відавочнай нават Брусэлю. Мы ня можам патрабаваць нейкай іншай стратэгіі ў дзеяньнях. Бо лёгіка дзеяньняў зразумелая і ўкладаецца ў вялікія геапалітычныя інтарэсы, суб’ектам якіх у першую чаргу зьяўляецца Расея.

Аднак Эўропа, даражэнькая! Робячы тое, што робіш, ты хаця б не кажы такіх сьмешных фраз! Не гучы, як падлетак, якому бацькі паабяцалі падарыць праз паўгода ровар. Будзь крутой, Эўропа! Паглядзі Таранціна. Павучыся ў Расеі, пачытай, як размаўляе Пуцін ці Сечын. Можа тады цябе тут пачнуць паважаць. А дагэтуль зь цябе тут будуць кпіць. І нічога ты з гэтым ня зробіш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG