Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабізм любіць цішыню


Вэрсія пра «змову» экспэртаў палітолягаў з мэтай зьняць «візабэн» з аднаго з найбольш багатых бізнэсоўцаў Беларусі, выкладзеная ў блогу кіраўніка «Свабоднага тэатру» Мікалая Халезіна, дзіўная адразу зь дзьвюх прычын. Па-першае, гэтыя складаныя збудаваньні з удзелам выбітных прадстаўнікоў незалежнай думкі, якія нібыта прасоўваюць інтарэсы ўлады, проста не ўласьцівыя для Беларусі, у палітыцы якой усё звычайна да прымітыўнасьці проста. Па-другое, гэтая схема супярэчыць самой сутнасьці лабізму – у тым выглядзе, у якім я аб ім ведаю і яго разумею. Хацеў бы агаварыцца, што ўсё ніжэй сказанае зусім не выключае, што меў месца менавіта лабізм: магчыма, проста такія ў нас лабісты.

1. Хто зьяўляецца аб'ектам лабісцкіх інтарэсаў у пададзенай схеме? Беларуская незалежнае грамадзтва? Ці нейкія ўплывовыя асобы ў Радзе Эўразьвязу, якія могуць адным росчыркам прыбраць прозьвішча Пефціева з «візабэн сьпісу»? Здаецца, другое, так? Калі другое, адкажыце на пытаньне – навошта спатрэбілася ўздымаць тую «пургу», якая вось ужо тыдзень віруе ў мэдыях? У чым сэнс? Грамадзтва наэлектрызавалася, прозьвішча «заказчыка» гучыць усюды, наконт гэтага прозьвішча будуюцца самыя неверагодныя вэрсіі. Можна ўзгадаць, наступную цытатку: «Пефтиев или кто-то другой выразили намерение оказать спонсорскую помощь белорусской оппозиции в нелегкий для нее сезон мировых финансовых кризисов» (перадрук «Хартыі» з «АФН»). Можна толькі здагадвацца, якія рэпутацыйныя страты прынесла «заказчыку» адна гэтая фразачка. І як яму пасьля гэтага весьці бізнэс у Беларусі. Дык ці патрэбны такі лабізм? Калі дапусьціць, што схема, намаляваная Халезіным, працуе, Пефціеву трэба тэрмінова адмовіцца ад паслуг такіх «лабістаў», якія ня могуць спрагназаваць эфэкты ўласнага лабізму ды ня ведаюць, паводле якіх законаў працуюць беларускія мэдыі.

2. Гэта ўсё яшчэ магло быць падобным на лабізм да сярэдзіны мінулага тыдня, калі размовы аб выключэньні рэктараў ды бізнэсоўцаў са сьпісу вяліся выключна ў эўрапейскім ды экспэртным асяродку ды выключна з тымі, хто мог з гэтым нешта зрабіць. Сытуацыя тэрмінова зьмянілася пасьля онлайну Рымашэўскага ды першых камэнтароў Вольгі Стужынскай. Вось тут адбылася клясычная effort failure. Калі сапраўды была нейкая замова, заключаная па выніках перамоваў зь любымі зацікаўленымі асобамі з боку ўлады, калі быў стратэгічны плян кампаніі, павінныя былі быць і прагнозы мэдыйнай агалоскі. Ды нейкая моцная вэрсія на гэты выпадак. Аднак тое, што Стужынская пачала казаць у разгубленых інтэрвію, выглядала ну чым заўгодна, толькі не падрыхтаванай «хатняй нарыхтоўкай». Лабіст – чалавек, які дакладна ведае, што казаць ды якой інтанацыяй казаць, каб усе былі задаволеныя ды маўклівыя. Кожнае слова, якое выходзіла з вуснаў Вольгі, спараджала гістэрычную ды нэрвовую рэакцыю апанэнтаў рэжыму. І чым больш казала Вольга, тым больш маланак ляцела ў яе бок ды ў бок рэктараў, бізнэсоўцаў і тых, каго яна спрабавала абараняць. Падключыліся ўсе, уключна з Вольгай Карач, якая ўзгадала паводзіны аднаго з «герояў» Плошчы 2006, каго прапанавана зрабіць «уязным». Няўжо складана было спрагназаваць, што тэза аб бясьпецы палітычных зьняволеных у кантэксьце зьняцьця «візабэну» не спрацуе? Няўжо беларускія «лабісты» настолькі дурныя, што не разумелі, што праз тыдзень пасьля зьяўленьня інфармацыі аб выціснутых з Саньнікава да Бандарэнкі прашэньняў аб памілаваньні трэба паводзіць сябе па-іншаму, казаць нешта іншае? Ці можа ўсё ж не было ніякага лабізму? Можа было выключна выказваньне экспэртамі слушных меркаваньняў, ніяк не зьвязаных зь Пефціевым – аб тым, што санкцыі не працуюць і патрэбныя новыя падыходы?

3. Асноўнае пытаньне – ці спрацавала гэтая схема (калі яна была)? Ці ўзмацніліся шанцы на выключэньне са сьпісу ўсіх узгаданых у інтэрвію Стужынскай асобаў пасьля агалоскі ды пачатку «файтынгу» ў медыях? Бо так бывае, што пасьля пачатку гучнай публічнай дыскусіі зьяўляецца процьма тых, хто супраць, аднак ім адказваюць сотні тых, хто «за» – таму, што выказаная пазыцыя ды выказаныя аргумэнты сугучныя іх сьветаадчуваньню. Дык вось, у вялікім маштабе, у маштабе грамадзтва, я ня бачу, што артыкулы Чаўсава, Мельянцова ды Пікуліка, узгаданыя Халезіным, прывялі да нейкага зруху: асобаў, якія трапілі ў сьпісы, большасьць камэнтатараў, як і раней, лічаць нягоднікамі. Нават адносна «мірныя людзі» – рэктары, павінныя падштурхоўваць Беларусь да ўдзелу ў Балонскім працэсе (пазытыў!), – і тыя рэгулярна атрымліваюць на арэхі за палітычна матываваныя выключэньні ды датэрміновае галасаваньне студэнтаў, на якое грамадзтва не забылася. Экспэрты ня здолелі прапанаваць тлумачэньне неабходнасьці скасаваньня санкцыяў. Масавы (палітызаваны) чытач іх аргумэнтаў не прымае. Аднак меркаваньне масавага (палітызаванага) чытача нікога, акрамя гэтага самага чытача, не турбавала б, калі не адна акалічнасьць. Справа ў тым, што цяпер пакрыўджаныя зь Беларусі пачнуць штурхаць амбасадараў, выходзіць на чыноўнікаў, адказных за сьпіс ды рабіць усё, каб ануляваць высілкі Стужынскай. Лабізм менавіта таму любіць цішыню, што ніхто не павінны станавіцца паміж лабістам ды адказнай асобай. Зараз такіх дабрачынных дарадцаў стане вельмі шмат. І яны прасочаць за тым, каб кампанія «скараці сьпіс «візабэну» ня мела сэнсу. Частка з тых, хто зараз вінаваціць Вольгу Стужынскую, ня мае сымбалічнага капіталу ды сувязяў у амбасадах. Аднак ёсьць і тыя, хто мае і імя ў пратэстным руху і выхады на адказных асобаў. Таму, на мой погляд, ініцыятыва хутка будзе заблякаваная ці замарожаная.

4. Хацеў бы асабліва адзначыць, што ня веру ў conspiracy theories: я шмат разоў асабіста выказваўся супраць візавых санкцыяў, хаця грошаў ад Пефціева не атрымліваў. Аляксея Пікуліка некалькі тыдняў таму даглядалі на мяжы – ці падобны чалавек, якога даглядаюць на мяжы, на галоўнага абаронцу афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне? Неяк дзіўна, вы не пагодзіцеся?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG