Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Граніт»: ціск працягваецца


Павал Якубаў і Леанід Дубаносаў працуюць у пары экскаватаршчыкамі на прадпрыемстве па здабычы каменю «Граніт» у Мікашэвічах.

Спадары Якубаў і Дубаносаў кажуць, што за адмову працаваць у небясьпечных умовах начальства стала часьцей іх правяраць. Павал Якубаў распавёў, што яны адмовіліся працаваць з пашкоджаным тросам.

«Трос, зь якім нам трэба было працаваць, меў дэфэкты, якія б маглі прывесьці да разрыву. Парваўшыся, ён мог бы нанесьці шкоду нашаму здароўю. Таму мы прасілі, каб нам далі іншы трос, які б не ўяўляў небясьпекі. За адмову працаваць з тым тросам прымусілі напісаць тлумачальную запіску. Але, гледзячы на тую тлумачальную, яны зразумелі, што я дзейнічаў паводле інструкцыі. Потым яшчэ спрабавалі ўшчуваць мяне на савеце брыгады, але і там я адстаяў сваю пазыцыю», — кажа Павал Якубаў.

Пасьля гэтага здарэньня спадар Якубаў адзначыў, што начальства пачало ўдзяляць ім асаблівую ўвагу:

«Раптам прылятае начальнік кар’ера і пачынае глядзець, як мы тут працуем. Літаральна праз сорак хвілінаў прыяжджае ўжо энэргетык. Ён запрашае мяне ў кабіну экскаватара і пачынае чапляцца, што ня так. Чапляўся да рознай драбязы, каб хоць нешта знайсьці і прад’явіць прэтэнзіі».

Спадар Якубаў тлумачыць, што, на яго думку, ціск і ўзмацненьне кантролю датычыць толькі тых працоўных, якія павыходзілі з афіцыйнага прафсаюзу і ўтварылі незалежны.

«Гэта яны так хочуць мяне змусіць выйсьці зь незалежнага прафсаюзу. Але яны забываюць, што народ — гэта ня быдла. Людзі толькі пачынаюць галовы падымаць, дык яны гэтых людзей ціснуць. Хоць жывем мы, афіцыйна, у дэмакратычнай краіне...», — кажа спадар Якубаў.

«Начальства палохае праз бацькоў, сваякоў. Да майго бацькі на кірмашы падышоў адзін начальнік і гаворыць: кажуць, твой сын у незалежным прафсаюзе? А ты ўжо на пэнсіі... А што, табе яшчэ два месяцы не хацелася б папрацаваць? То мой бацька сказаў, што ў сына свая галава на плячах і не яму вырашаць, што мне рабіць. А іншыя ж бацькі палохаюцца і пачынаюць сварыцца зь дзецьмі, каб павыходзілі зь незалежнага прафсаюзу», — распавёў экскаватаршчык.

Пры канцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Такім чынам працаўнікі выказалі пратэст супраць нізкіх, на іх думку, заробкаў, пагардлівага стаўленьня з боку адміністрацыі і бязьдзеяньня афіцыйнага прафсаюзу. Адразу пасьля гэтага на працоўных пачала ціснуць адміністрацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG