Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебскай абласной бібліятэцы скасавалі аддзел беларускай літаратуры


Шыльда яшчэ засталася, а аддзелу ўжо няма.
Шыльда яшчэ засталася, а аддзелу ўжо няма.

З 1 лютага на яго месцы будзе працаваць аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.

Кнігі на беларускай мове чытачам давядзецца шукаць па розных аддзелах, але шмат якіх выданьняў яны больш ня знойдуць увогуле — ідзе масавае сьпісаньне беларускіх кніг, іх проста адпраўляюць у макулятуру.

Супрацоўніцы Віцебскай абласной бібліятэкі, якім даводзіцца штодня паўтараць ахвотным трапіць у аддзел беларускай літаратуры фразу "прабачце, мы не працуем, з жахам апавядаюць пра пераўтварэньні:

«Нас паставілі перад фактам, што аддзел беларускай літаратуры рэфармуецца ў краязнаўчы. Мы меркавалі, што краязнаўчы аддзел далучыцца да беларускага, і будзе адзін агульны, поўны фонд. Але яны, ня ведаючы і не разумеючы спэцыфікі працы, пачалі сьпісваць літаратуру, якая падаецца ім непатрэбнай. Спісалі кнігі па гісторыі партыі, па сельскай гаспадарцы, выданьне Падокшына «Філасофская думка эпохі Адраджэньня», да прыкладу.



У 1967-м годзе, калі бібліятэка толькі адчынялася, аддзел беларускай літаратуры і краязнаўства быў адзіным бібліятэчным аддзелам. Але ў 1990-я гады, калі Рэспубліка Беларусь набыла самастойнасьць, яго вырашылі падзяліць на два. Бо бібліятэкары не паспявалі апрацоўваць крыніцы інфармацыі, якіх большала з кожным днём.

Бібліятэкаркі меркавалі, што цяпер усё вернецца да былых традыцый, але памыліліся. У новаўтвораным аддзеле краязнаўства і бібліяграфіі застануцца толькі выданьні па гісторыі Віцебшчыны, літаратуразнаўстве ды частка мастацкай літаратуры. Прычым толькі тыя кнігі, якія новае кіраўніцтва аддзелу не палічыць састарэлымі і не адправіць у макулятуру. Штат былога беларускага аддзелу таксама расфармавалі, як і ўвесь фонд, які дзесяцігодзьдзямі адбіраўся тымі, хто хварэў душой за беларушчыну:
Чаму, да прыкладу, Булгакава трэба 30 асобнікаў, а Барадуліна — толькі 5? Можа, трэба 40?

«Супрацоўнікі беларускага аддзелу цяпер па іншых аддзелах. Літаратура беларускага аддзелу цяпер што ў аддзеле мастацтва, што ў чытальнай залі, што на абанэмэнце, што ў тэхнічным аддзеле. Астатняе спісана».

Страта каштоўных выданьняў — не адзіная праблема, пра якую гавораць бібліятэкаркі. Ці не важнейшым падаецца тое, што пасьля рэформаў непазьбежна пацерпіць такі бок бібліятэчнае працы, як папулярызацыя беларускай літаратуры:

«Гэты фонд застаўся без гаспадара! Кіраўніцтва мусіла прадумаць гэтае пытаньне. А так перад аддзеламі ніякіх задачаў ня ставілі, хаця гэта ж ня проста кніжкі перадалі — гэта частку працы перадалі! З фондамі трэба працаваць, літаратуру трэба прапагандаваць! І ёсьць спэцыфіка працы зь беларускім фондам — перадусім гэта веданьне мовы. Пра расейскую літаратуру паклапоцяцца ў іншай краіне, у нас і так клопату пра расейскую літаратуру залішне: чаму, да прыкладу, Булгакава трэба 30 асобнікаў, а Барадуліна — толькі 5? Можа, трэба 40? Гэта ж Беларусь».

У чытачоў просяць прабачэньня. Ужо па-расейску.
У чытачоў просяць прабачэньня. Ужо па-расейску.


Рэфармаваньне аддзелу на агульным сходзе дырэктар бібліятэкі Аляксандар Сёмкін патлумачыў так: маўляў, гэта нонсэнс, калі ў Беларусі створаны аддзел беларускай літаратуры. Вось у Расеі няма аддзелу расейскай літаратуры, і гэта слушна.

Бібліятэкаркі ня згодныя. Яны гавораць, што трэба ўлічваць тое, што склалася гістарычна. Перадусім таму, што чытачам было зручна працаваць з багатым фондам, сабраным адмыслоўцамі:

«Пакуль мы да ўсяго гэтага звыкнем! Нешта знаходзіцца ў іншым аддзеле, нешта ўвогуле невядома дзе. А чытачы жывуць тут і цяпер! Тое, што мы скажам: „Прыходзьце праз два гады, усё нармалізуецца“, для іх непрымальна. Нехта ўжо і скончыць сваё дасьледаваньне, скончыць ВНУ».

Беларускага аддзелу ня будзе ў абласным цэнтры, дзе ёсьць пяць вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку ўнівэрсытэт, дзе рыхтуюць настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

Бібліятэкаркі адкрыта пратэставаць баяцца: невыпадкова і гавораць пра ўсё ананімна, бо кіраўніцтва ўвесь час нагадвае ім пра тэрміны працоўных кантрактаў. Не пратэстуюць і пісьменьніцкія грамадзкія арганізацыі. Сустрэўся з дырэктарам бібліятэкі хіба толькі старшыня абласной арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Ёсіф Навумчык:

«Пачалося з таго, што гады паўтара-два таму замянілі загадчыцу аддзелу беларускай літаратуры. Маўляў, яна зьвязана зь беларускімі коламі, запрашае пісьменьнікаў… А цяпер у бібліятэцы і няма сустрэч зь пісьменьнікамі, якіх можна назваць гонарам беларускай нацыі! А пасьля неаднаразовых выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, што зь беларускай мовай у нас усё вырашана, пачаўся наступ на ўсё беларускае. Ен не афіцыйны, нідзе не абвешчаны, ёле ён ёсьць і на Віцебшчыне, і па ўсёй Беларусі».

На афіцыйным узроўні 2012 год абвешчаны Годам кнігі. Але гэта не спыняе тых, хто сьпісвае беларускія выданьні, якія праз дзесяць-дваццаць год стануць рарытэтамі, і не бянтэжыць кіраўніцтва бібліятэкі, дзе чытачам штучна абмяжоўваюць доступ да беларускай літаратуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG