Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірыне Міхайлаўне Быкавай – 85


Ірына Міхайлаўна Быкава ўскладае кветкі да мэмарыяльнай дошкі Васіля Быкава ў Віцебску
Ірына Міхайлаўна Быкава ўскладае кветкі да мэмарыяльнай дошкі Васіля Быкава ў Віцебску

13 студзеня спаўняецца 85 гадоў Ірыне Міхайлаўне Быкавай – жонцы народнага пісьменьніка, публікатару яго літаратурнай спадчыны.


Тое яе жыцьцё, якое было ў Ірыны Міхайлаўны да 22 чэрвеня 2003 году, ужо зрабілася часткай біяграфіі Быкава. Некалькі дзесяцігодзьдзяў побач з Васілём Уладзімеравічам – і ня проста жонка, любімая жанчына, але і дарадца, і першы чытач ягоных твораў (Ірына Міхайлаўна валодае выключным густам, і хачу яшчэ раз прыгадаць ягоныя словы, якія аднойчы ўжо цытаваў: “Ірына Міхайлаўна... стала першым і дужа прыдзірлівым крытыкам усяго мной напісанага. Цяпер я ёй за тое вельмі ўдзячны, хаця тады часам і крыўдзіўся”.) Між іншым, рукапісы для часопісаў і выдавецтваў звычайна друкавала на машынцы менаіта яна.

А потым, калі Васіль Уладзімеравіч адышоў у Вечнасьць -- пачалося жыцьцё у імя Быкава, і тое, што зрабіла Ірына Міхайлаўна дзеля ягонай памяці – не зрабіў ніхто. Найперш маю на ўвазе творчую спадчыну пісьменьніка.

Падрыхтоўка неапублікаваных тэкстаў да друку, упарадкаваньне архіву, зьбіраньне эпісталярнай спадчыны – гэта было б вялікай і пачэснай працай нават пры ўмове, калі б ёй дапамагалі дзяржаўныя інстытуцыі і акадэмічныя інстытуты. Так бы яно і было ў дэмакратычнай дзяржаве, якая шануе сваіх геніяў. Але дзяржава “умыла рукі” (а можна сказаць іначай – дзякаваць Богу, не чапае сваімі лапамі спадчыну Быкава). У кожным разе, тое, што зрабіла Ірына Міхайлаўна за гэтыя амаль дзевяць гадоў бяз Быкава і дзеля Быкава – літаратурны подзьвіг.

Безь яе не было б ні публікацыяў “Дзеяслове”, ні Поўнага збору твораў, тамы якога яшчэ працягваюць выходзіць, ні шмат якіх перадачаў на хвалях Радыё Свабода – менавіта Ірына Міхайлаўна запісала, захавала для нас аўтарскае чытаньне некаторых быкаўскіх твораў.

Жадаем Вам, Ірына Міхайлаўна, здароў’я і доўгіх гадоў, і спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва.


Ірына Быкава, Івонка Сурвіла, Васіль Быкаў і Сяргей Навумчык, 23 сакавіка 2003 г., Прага
Ірына Быкава, Івонка Сурвіла, Васіль Быкаў і Сяргей Навумчык, 23 сакавіка 2003 г., Прага
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG