Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цьвікі ў адно месца


Група менскіх анархістаў правяла акцыю супраць высечкі дрэў у парку 40-годзьдзя Кастрычніка, дзе гарадзкія ўлады дазволілі будаўніцтва гатэлю «Пэкін».

Анархісты ўбілі ў 10 дрэваў пад рознымі вугламі доўгія цьвікі, аб чым папярэдзілі цыдулкамі, навешанымі на гэтыя дрэвы. Так званае «шыпаваньне» — адзін з радыкальных спосабаў процідзеяньня высечцы дрэваў. Дарагія аўтаматычныя пілы або бэнзапілы, а ў некаторых выпадках нават лесапільні, пры сутыкненьні зь цьвікамі ламаюцца, з-за чаго высячэньне такіх дрэваў перастае быць эканамічна апраўданым.

«Гэтай акцыяй мы хацелі паказаць, што ёсьць больш эфэктыўныя і дзейсныя спосабы абароны нашых паркаў і сквэраў, чым пісаньне лістоў у розныя інстанцыі,» — гаворыцца ў паведамленьні на сайце анархістаў.

Участак пад будаўніцтва новага гатэлю «Пэкін» выдзелены ўнутры парку імя 40-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, што не дазваляе захаваць яго нават часткова. Праект будаўніцтва гатэльнага комплексу прадугледжвае зьнішчэньне больш як 300 дрэў і забудову каля 70% тэрыторыі парку. Каля двух дзясяткаў дрэваў ужо зьнішчаныя.

Супраць зьнішчэньня парку выступілі мясцовыя жыхары і эколягі. Яны прапаноўваюць уладам і інвэстарам перанесьці «Пэкін» на тэрыторыю разьмешчанага побач недабудаванага заводу імя Кірава, а парк — захаваць. Абаронцы парку ўжо зьвярталіся ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, да старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, у Камітэт дзяржкантролю, адміністрацыю Ленінскага раёну Менску, Дзяржаўную інспэкцыю аховы прыроды, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, у Палату прадстаўнікоў. Больш як 400 чалавек падпісаліся пад зваротам на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Міністэрства прыродных рэсурсаў таксама накіравала на імя Мікалая Ладуцькі ліст, дзе выказвае меркаваньне, што неабходна максымальна захаваць тэрыторыю менскага парку імя 40-годзьдзя Кастрычніка пры будаўніцтве гатэлю «Пэкін».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG