Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Kurier»: Аўстрыйскі лабіст Лукашэнкі мае дыпляматычны пашпарт


Аўстрыйскае выданьне «Kurier» абрынулася з крытыкай на МЗС сваёй краіны за тое, што некаторыя былыя фэдэральныя чыноўнікі ды палітыкі, якія скампрамэтавалі сябе, дагэтуль карыстаюцца дыпляматычнымі пашпартамі.

Адзін зь іх — Губэрт Горбах, у мінулым міністар транспарту і віцэ-канцлер Аўстрыі, а цяпер кіраўнік фірмы «Gorbach Consulting» і кансультант «Wintertechnik Engeneering». Абедзьве кампаніі вядуць у Расеі і Беларусі шэраг праектаў, у тым ліку зьвязаных са сьнежнымі тэхналёгіямі і стварэньнем інфраструктураў на зімовых курортах.

У інтэрвію для «Kurier» Горбах пацьвердзіў, што мае дыпляматычны пашпарт, і выказаў меркаваньне, што гэта звычайная ўсясьветная практыка — выдаваць падобныя дакумэнты ў якасьці бонусу былым высокім чыноўнікам ды палітыкам.

Тым часам імя аўстрыйскага экс-віцэ-канцлера і экс-міністра транспарту ўсё часьцей трапляе ў СМІ ў сувязі з самымі рознымі скандаламі — ад кіраваньня транспартам у нецьвярозым стане да падазрэньня ў карупцыі і абвінавачаньня ў сяброўстве з аўтарытарнымі рэжымамі. У тым ліку і з рэжымам Лукашэнкі.

У сьнежні 2010 году Горбах быў запрошаны ў якасьці назіральніка і «ганаровай пэрсоны міжнароднай палітыкі» (паводле азначэньня кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава) на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Даючы ім ацэнку, Горбах у інтэрвію беларускім ды аўстрыйскім СМІ неўзабаве адзначыў, што на тых участках, дзе ён быў, «Лукашэнка атрымаў каля 70% галасоў, што прыкладна адпавядае агульнаму выніку».

Што да падзеяў, які адбыліся пасьля выбараў, то пра іх «ганаровая пэрсона міжнароднай палітыкі» распавяла гэтак:

«Дэманстранты паспрабавалі штурмам узяць штаб выбараў, былі разьбітыя вокны. Упэўнены, ва ўсіх ёсьць права на самаабарону. Акрамя таго, асноўны прынцып дэмакратыі — згода з большасьцю. Я чуў, што дэманстрацыі плянаваліся загадзя, незалежна ад вынікаў галасаваньня».

Празь некалькі месяцаў, увесну 2011 году, загнаны ў кут заходнімі журналістамі ў сувязі зь ягонай супрацай зь беларускім рэжымам, Губэрт Горбах заявіў агенцтву Associated Press, што асуджае «гвалт ва ўсіх яго формах». Ён запэўніў, што пасьля сьнежаньскіх выбараў у Менску быў у сваім нумары ў гатэлі, нічога ня бачыў і ня чуў пра жорсткі разгон паліцыяй акцыі пратэсту апазыцыі».

Як піша «Kurier», прэсавы сакратар аўстрыйскага МЗС Петэр Лаўнскі-Тыфэнталь прызнае скандальны характар падобных выпадкаў, аднак пры гэтым адзначае:

«Па лініі МЗС мы ня можам сябе ў чымсьці папракаць. Заканадаўства дазваляе нам рэгулярна працягваць тэрмін дзеяньня дыппашпарту. Гэта праблема, у выніку вырашэньня якой мы маглі б фундамэнтальна перагледзець свае погляды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG