Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карл Гершман: "Беларусь стане свабоднай”


Карл Гершман
Карл Гершман

Інтэрвію з Карлам Гершманам, прэзыдэнтам амэрыканскага Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі (National Endowment for Democracy).

Лукашук: Мы размаўляем дакладна 20 гадоў пасьля таго, як быў падпісаны дакумэнт, які афіцыйна паклаў канец Савецкаму Саюзу. Як бы вы апісалі цяперашнюю ангажаванасьць Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі на постсавецкай прасторы?

Гершман: Мы супрацоўнічаем з дэмакратычнымі краінамі Сярэдняй Эўропы, як нашымі партнэрамі, у прасоўваньні дэмакратыі на ўсход, ня толькі па-суседзтву, але і далей – у Бірму, Ірак, Аўганістан, ці нават Кубу. Мы застаемся вельмі моцна ангажаванымі на Балканах, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі ды, зразумела, у Беларусі, Украіне і Расеі. Мы падтрымліваем некаторыя вялікія праграмы, паколькі дэмакратыя ў гэтых краінах усё яшчэ знаходзіцца пад пытаньнем.

Лукашук: Кажуць, што адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы нібыта менш займаецца прасоўваньне дэмакратыі і свабоды, чым папярэднія адміністрацыі, асабліва на Балканах ці на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Ці вашаму фонду цяжэй выконваць сваю місію пры адміністрацыі Абамы?

Мы маем такую самую падтрымку ў Вашынгтоне ад адміністрацыі Абамы, якую мы мелі ад адміністрацыі Буша ...

Гершман: Я думаю, што адміністрацыя Абамы зьмяніла падыход да гэтых пытаньняў за апошнія два гады. Яны зараз ставяцца да іх значна больш уважліва, чым на пачатку. На пачатку, адразу пасьля адміністрацыі Буша, якая моцна асацыявалася з прасоўваньнем дэмакратыі ў сьвеце, адміністрацыя Абамы аддала перавагу палітыцы ўзаемадзеяньня. Але цяпер і сам прэзыдэнт, і дзяржсакратар у сваіх выступах і прамовах – напрыклад, у нядаўнім выступе спадарыні Клінтан у Нацыянальным дэмакратычным інстытуце на тэму “арабскай вясны” або ў прамове ў Кракаве на сустрэчы супольнасьці дэмакратычных краінаў – пытаньні пашырэньня дэмакратыі загучалі вельмі моцна ды знайшліся на высокім месцы на парадку дня палітыкі ЗША. Для Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі насамрэч нічога не зьмянілася, мы маем такую самую падтрымку ў Вашынгтоне ад адміністрацыі Абамы, якую мы мелі ад адміністрацыі Буша.

Лукашук: Гарачай тэмай у Вашынгтоне на працягу апошніх некалькіх месяцаў застаецца бюджэтны крызыс. Ці праблемы з фэдэральным бюджэтам могуць паўплываць на дзейнасьць вашага фонду?

Гершман: Яны ўжо ўплываюць. Перад гэтым крызысам у нас была магчымасьць зрабіць вялікі крок уперад зь бюджэтам нашага фонду. Цяпер, у гэтым крызысе, будзе добра, калі нам удасца атрымаць такі самы бюджэт, як раней. Мы маем моцную падтрымку ў Кангрэсе, і я вельмі ганаруся тым, што гэтая падтрымка ідзе як ад дэмакратаў, так і рэспубліканцаў. Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі – сапраўды надпартыйная арганізацыя. Я думаю, Кангрэсу падабаецца тое, што мы робім. Мы – вельмі адказная і празрыстая арганізацыя, што тычыцца выдаткаваньня сродкаў амэрыканскіх падаткаплатнікаў.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук
Лукашук: Гэтак пра ваш фонд думаюць і недзяржаўныя арганізацыі ў такіх краінах, як, прыкладам, Расея або Беларусь. Але кіраўнікі гэтых краінах маюць іншы погляд. Уладзімір Пуцін лічыць, што замежная дапамога мае падрыўныя мэты, што яна была ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы краіны падчас выбараў у Дзяржаўную думу. У Беларусі замежная дапамога зараз разглядаецца як варожы акт супраць дзяржавы, за яе атрыманьне людзі могуць патрапіць у турму. Які можа быць адказ на такія заявы і пагрозы?

Існуюць міжнародныя нормы, якія кожны павінен шанаваць...

Гершман: Варта тут прыгадаць, што сказаў Аляксандар Салжаніцын 30 гадоў таму, у сувязі з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі. Ён сказаў, што ў гэтым сьвеце ўжо не засталося нечага, што можна назваць унутранымі справамі. Мы ўсе жывем разам. Існуюць міжнародныя нормы, якія кожны павінен шанаваць. Калі ў нейкіх краінах не шануюць гэтых нормаў, калі парушаюць асноўныя правы чалавека, дык людзі ў іх маюць права на атрыманьне міжнароднай дапамогі, калі толькі яна накіраваная на падтрымку дэмакратычнай, мірнай, празрыстай дзейнасьці, якая вядзецца ў спосаб, які не пярэчыць міжнародным законам. Гэта абсалютна прымальная сытуацыя. Ведаеце, асобы, якіх вы назвалі, могуць крытыкаваць нас, колькі хочуць. Мы ўспрымаем гэты крытыцызм як пахвалу нашай працы.

Лукашук: Вы чулі пра справу Алеся Бяляцкага, якога зьняволілі за ўхіленьне ад выплаты падаткаў ад замежнай дапамогі на яго праваабарончую дзейнасьць. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую справу?

Гершман: Я не настолькі блізка знаёмы з гэтай справай, каб даць аўтарытэтны камэнтар. Я магу толькі сказаць, што калі яго насамрэч абвінавацілі за атрыманьне замежнай фінансавай падтрымкі, дык гэта яшчэ раз пацьвярджае, што беларускі ўрад дзейнічае супраць міжнароднай практыкі. Аказаньне міжнароднай арганізацыяй дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі зьяўляецца абсалютна сумяшчальным зь міжнароднай практыкай ва ўсім сьвеце. Гэта датычыць ня толькі Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі, гэта датычыць і нямецкіх фондаў, эўрапейскіх і азіяцкіх фондаў. Цяпер дэмакратычныя фонды існуюць у Карэі і Інданэзіі, і ў Аўстраліі. ААН таксама мае свой фонд у падтрымку дэмакратыі.

Лукашук: Ужо некалькі гадоў вы выступаеце як прыхільнік стварэньня рэплікі вашага фонду ў Эўропе, стварэньня Эўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі. На якім этапе гэтая ідэя знаходзіцца цяпер?

Гершман: Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі якраз запрапанаваў стварыць Эўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі (European Endowment for Democracy). Прапанова была падтрыманая Кэтрын Эштан. Выглядае, што такі фонд узьнікне. Я спадзяюся, што калі ён узьнікне, дык будзе сапраўды незалежным фондам, як наш фонд, які зьяўляецца свайго роду процівагай дзяржаўнаму фонду US Aid, якім распараджаецца Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

Лукашук: Шмат людзей ведае пра дзейнасьць вашага фонду, шмат хто чуў пра вашае імя. Я думаю, няшмат людзей чулі ваш голас. Паколькі набліжаецца Новы год, што вы хацелі б сказаць слухачам Радыё Свабода ў Беларусі?

Я перакананы на ўсе 100 працэнтаў, што Беларусь аднойчы стане свабоднай краінай ...

Гершман: Я перакананы на ўсе 100 працэнтаў, што Беларусь аднойчы стане свабоднай краінай. Ніхто не чакаў “арабскай вясны” – ніхто не чакаў “язьмінавай рэвалюцыі ў Тунісе” і ніхто не чакаў рэвалюцыі ў Эгіпце. І праўду кажучы, ніхто не чакаў тых рэвалюцый, якія здарыліся ў Эўропе напрыканцы 1980-х. Гэта кірунак, у якім рухаецца ўвесь сьвет. Людзі атрымліваюць інфармацыю, дзякуючы якой расьце іх сьвядомасьць і іх асьпірацыі, яны пачынаюць дамагацца ўдзелу, правоў, годнасьці і пашаны для сваёй годнасьці. Дыктатарская сыстэма проста несумяшчальная зь ідэяй, што ўсе людзі маюць годнасьць. А паколькі ўсё людзі маюць годнасьць і хочуць сьцьвярджэньня сваёй годнасьці, я абсалютна не сумняваюся, што празь нейкі час беларусы стануць свабоднымі. Я не магу сказаць дакладна, калі гэта здарыцца, бо гэтага нельга прадбачыць, так як я ня мог прадбачыць “аксамітнай рэвалюцыі” ў Празе, шпацыруючы па гэтым горадзе тры тыдні перад той рэвалюцыяй. Але гэтак здарыцца непазьбежна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG