Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэхнік "МІ-24": Наша армія можа змагацца з уяўным ворагам, але не з туманам


29 лістапада пад Пружанамі на Берасьцейшчыне пацярпеў крушэньне вайсковы верталёт "Мі-24". Экіпаж з трох чалавек загінуў. Паводле факту авіякатастрофы распачатая крымінальная справа. За два апошнія гады беларуская ваенная авіяцыя страціла ў катастрофах сем лётчыкаў і чатыры баявыя машыны. Апроч таго, у кастрычніку блізу беларуска-літоўскай мяжы разьбіўся верталёт Дзяржаўнага памежнага камітэту, сярод пяці загінулых – экіпаж і журналісты тэлекампаніі "Саюз", якія рыхтавалі рэпартаж. Чаму ў Беларусі развальваецца ваенная тэхніка.

Міністэрства абароны Беларусі пацьвердзіла інфармацыю пра катастрофу ваеннага верталёта "Мі-24". Сярод магчымых прычынаў называюць тэхнічную няспраўнасьць ці памылку пілятаваньня ва ўмовах моцнага туману. Памочнік міністра абароны Аляксандар Гура ўдакладніў, што загінулі вопытныя лётчыкі: 38-гадовы камандзір экіпажу, лётчык 2 клясу маёр Алег Кахно, 32-гадовы лётчык-штурман, лётчык 2 клясу капітан Дзяніс Глушчанка, 43-гадовы бартавы тэхнік капітан Валеры Бабко:

"Падчас выкананьня плянавых вучэбна-трэніровачных палётаў пры заходзе на пасадку ва ўмовах, якія рэзка ўскладніліся, у раёне аэрадрому "Пружаны" адбылося крушэньне верталёту "Мі-24" ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі. Экіпаж у колькасьці трох чалавек загінуў. Па факце здарэньня праводзіцца расьсьледаваньне камісіяй Міністэрства абароны".

Справа заведзеная на падставе артыкула "Парушэньне правілаў палётаў ці падрыхтоўкі да іх, якое пацягнула за сабой гібель дзьвюх ці больш асобаў". Тэрмін сьледзтва – да двух месяцаў. Да высьвятленьня абставінаў надзвычайнага здарэньня палёты "Мі-24" прыпыненыя. На ўзбраеньні ў беларускім войску знаходзіцца 70 адзінак такой тэхнікі. У найноўшай гісторыі арміі Беларус гэта першая аварыя "Мі-24" з чалавечымі ахвярамі.

Капітан ваенна-паветраных сілаў у адстаўцы Аляксандар Пашчанка на пасадзе бартавога тэхніка верталёта "Мі-24" служыў у вайсковай частцы 02181, раскватараванай блізу вёскі Засімавічы пад Пружанамі. Дарэчы, у 1995 годзе менавіта адтуль з загадам зьнішчыць паветраны шар з амэрыканскімі паветраплавальнікамі былі ўзьнятыя баявыя верталёты – усё тыя ж "Мі-24". Чым, з гледзішча капітана Пашчанкі, выкліканая катастрофа баявой машыны, якая прайшла багата "гарачых кропак" у розных частках сьвету?

"Найперш, вельмі шкада, спачуваю. Добрыя хлопцы былі, усе беларусы. Двух я ведаў асабіста, клясныя прафэсіяналы... Маглі памыліцца як яны самі, так і кіраўнікі наземных службаў. Пакуль цяжка сказаць штосьці пэўнае. На апошні момант інфармацыя такая, што прычынай аварыі стала дрэннае надвор'е. Гэта кажуць і мае былыя калегі. Што да тэхнікі, то яна, вядома, старая, але ж нібыта прыстасаваная да розных умоваў. Прынамсі, на момант аварыі "Мі-24" працаваў добра. Іншая справа, што надта ўжо хочацца прадэманстраваць беларускую ваенную магутнасьць, таму і палёты вельмі часта праводзяцца – з патрэбай і без патрэбы. Каб Польшча і ўсё НАТО пабачыла, што ў Беларусі ёсьць чым іх папужаць".

Карэспандэнт: "То бок і праз 40 гадоў пасьля пачатку выпуску "Мі-24" нічога новага, каб супрацьстаяць надвор'ю, ня вынайдзена? Можна змагацца з ворагам, але не з туманам?"

"Пакуль, на жаль, так. Але яшчэ раз кажу: цалкам магчыма, што ўва ўмовах
У нас жа дагэтуль эксплюатуюцца савецкія ўзоры, якім па 20–30, а то і 40 гадоў...

адсутнасьці бачнасьці разгубіўся лётчык, але ня выключана, што ёсьць віна кіраўніка палётаў ці кіраўніка зоны пасадкі. Гэта павінна выявіць сьледзтва. Не магу сказаць, ці нашмат лепшыя ў гэтым сэнсе заходнія аналягі, але, мабыць, так, бо там на ўзбраеньні тэхніка нашмат навейшая. У нас жа дагэтуль эксплюатуюцца савецкія ўзоры, якім па 20–30, а то і 40 гадоў. Няма ў дзяржавы грошай, каб абнавіць парк, застаецца толькі палохаць тым, што ёсьць у наяўнасьці".

Ад лета 2009 году Ўзброеныя сілы Беларусі страцілі сем лётчыкаў і чатыры баявыя самалёты і верталёты. 30 жніўня 2009-га падчас авіяшоў у польскім Радаме разьбіўся ваенны "Су-27" базы зьнішчальнікаў у Баранавічах, лётчыкі-снайпэры Аляксандар Марфіцкі і Аляксандар Жураўлевіч загінулі.

21 красавіка 2010-га над Ружанамі на Берасьцейшчыне сутыкнуліся два ваенныя самалёты "МіГ-29", пілёт аднаго са зьнішчальнікаў пасьпеў катапультавацца, але самалёт рухнуў на зямлю і ўзарваўся. Другі самалёт удалося пасадзіць на лётнішча.

23 верасьня таго ж году пад Ганцавічамі Берасьцейскай вобласьці пацярпеў катастрофу "МіГ-29", загінулі лётчык 1 клясу Сяргей Каваленка і лётчык 2 клясу Аляксандар Жыгайла.

Страты нясе ня толькі Міністэрства абароны. 20 кастрычніка 2011-га ў Пастаўскім раёне на мяжы зь Літвой разьбіўся верталёт Дзяржаўнага памежнага камітэту "Эўракоптэр". Два чальцы экіпажу і тры тэлежурналісты, якія рыхтавалі рэпартаж зь мяжы, загінулі.

За час існаваньня Чырванасьцяжнай Беларускай ваеннай акругі на яе тэрыторыі здарылася блізу сотні інцыдэнтаў з ваеннымі самалётамі і верталётамі, загінулі больш за шэсьць дзясяткаў лётчыкаў. Сярод іх – і першы Герой Беларусі Ўладзімер Карват, які 23 траўня 1996 году пацярпеў катастрофу на самалёце "Су-27". Маючы магчымасьць катапультавацца, Карват да апошняга адводзіў няспраўны самалёт ад населеных пунктаў у ваколіцах Баранавічаў.

"Мі-24" – савецкі транспартна-баявы верталёт распрацоўкі канструктарскага бюро Міля. Сэрыйны выраб пачаўся ў 1971 годзе. Першы ў СССР і другі ў сьвеце пасьля амэрыканскай "Кобры" адмысловы баявы верталёт. Шырока выкарыстоўваўся ва ўсім сьвеце, у тым ліку падчас канфліктаў у "гарачых кропках". Неафіцыйная назва – "кракадзіл". Паводле натаўскай клясыфікацыі – Hind.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG