Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект Вялікай Літвы


Літоўскія інтэлектуалы Альгіс Міцкунас (Агаё, ЗША) і Віргініюс Савукінас (Вільня) выступілі з ідэяй стварэньня «Вялікай Літвы» ў разьдзеле «Рынг меркаваньняў» на інфармацыйным партале delfi.lt. Знаёмім вас з тэкстам гэтай публікацыі.

Літва як праект


Што ж такое Літва? Малы лапік зямлі на беразе Балтыкі? Некалькі мільёнаў літоўцаў? Эканоміка, спустошаная крызісам? Фігурка ў гульні вялікіх і магутных дзяржаваў? Магчымыя і такія адказы. Але ў такім выпадку гэта дарога ў нікуды, у дэпрэсію і ў зьнікненьне. Настрой у бальшыні жыхароў Літвы пэсымістычны, прасякнуты пачуцьцём безнадзейнасьці. Няма бачаньня будучыні Літвы, усё больш людзей ня верыць у саму Літву. Публічнае жыцьцё стала арэнай ваенных дзеяньняў, месцам зьвядзеньня асабістых рахункаў. Ініцыятыўныя і поўныя ідэяў людзі не падтрымліваюцца, іх ініцыятывы раздушваюцца, таму ўсё больш людзей выяжджае зь Літвы.

А што калі паглядзець інакш? Ці Літва – гэта толькі сёньняшнія праблемы і хібы? А можа Літва – гэта яшчэ і вобраз будучыні, г. зн. тое, якой мы хочам яе бачыць. У канцы ХІХ – на пачатку ХХ стагодзьдзя Вінцас Кудзірка, Ёнас Басанавічус, іншыя асьветнікі бачылі Літву моцна адукаванай краінай, якая змагаецца за сваю будучыню. У тыя часы яна такой не была, але стала, бо былі людзі, якія бачылі такую яе будучыню. Яны Літву разумелі як праект, які трэба ажыцьцявіць. Гэтую навуку гісторыі мы яшчэ не засвоілі.

Літва – гэта ня толькі лапік зямлі, ня толькі некалькі мільёнаў літоўцаў. Гэта праект, які ствараецца штодня, да якога далучаюцца ўсе: ад прэзыдэнткі да прыбіральшчыцы, ад сантэхніка да прэм'ера. Літва жывая не таму, што мы маем тэрыторыю, але таму, што яе ствараюць людзі. Для такой Літвы ніякая эміграцыя ня страшная, бо Літву можна ствараць ва ўсім сьвеце. Таму цудоўна, што існуе праект “Глябальнай Літвы”, што робяцца спробы аб'яднаць літоўцаў у сьвеце. Аднак хіба мы ня маем значна больш магчымасьцяў?

Трошкі гісторыі


Востраў Крыт з-за прыродных умоваў падзелены на дзьве часткі: у адной прыродныя ўмовы суравейшыя, сонца, неўрадлівая глеба, аднак больш магчымасьцяў для мараплаваньня. А ў другой частцы пышныя ўрадлівыя даліны, поўна дароў прыроды. Зручней жыць менавіта ў гэтай частцы, аднак цывілізацыя нарадзілася (палац Мінаса ў Кносе) менавіта там, дзе ўмовы для сельскай гаспадаркі былі самыя неспрыяльныя. Чаму? А таму, што мараплаваньне адкрыла шляхі і кантакты зь іншымі культурамі. Кантактуючы зь іншымі, жыхары Крыту чэрпалі новыя ідэі, досьвед, новыя навыкі і стварылі цывілізацыю, якая дагэтуль не раскрыла яшчэ ўсіх сваіх таямніцаў (некаторыя думаюць, што Крыт і быў таямнічай Атлянтыдай). Пра што сьведчыць гэты прыклад? А пра тое, што камунікацыя зь іншымі культурамі стымулюе значна больш, чым сытае і задаволенае жыцьцё.

Так і цяперашняя Літва ня можа зачыніцца ў сабе, калі хоча тварыць сваю будучыню. Ясна, можна абмежавацца дэкляратыўным лёзунгам: давайце вучыць больш моваў і кантактаваць зь іншымі народамі, давайце вучыцца ў іх. Трэба ня толькі размаўляць, але і дамаўляцца. І тут Літва мае яшчэ адзін шанец і велізарную магчымасьць.

Вялікая Літва


Ужо ад XIV стагодзьдзя існавалі дзьве Літвы: Lithuania і Lithuania propria. Апошняя азначае этнічныя літоўскія землі, а першая прызначаная для азначэньня ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. «Lithuania» не была толькі геаграфічнай прасторай – гэта ідэнтычнасьць. Бо ж русіны лічылі сябе «літвінамі», хоць і не гаварылі па-літоўску, яны выразна аддзялялі сябе ад «масквіцянаў». А гэтыя апошнія таксама праводзілі ясную розьніцу – нават праваслаўных, якія з-за тых або іншых прычынаў траплялі пад іх апеку, яны яшчэ раз перахрышчвалі ў праваслаўе, бо ж у ВКЛ жывуць «несапраўдныя праваслаўныя». Менавіта з думкай пра Літуанію – назавем яе «Вялікай Літвой» – Адам Міцкевіч напісаў несьмяротныя словы: “Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie”.

Вялікая Літва бясконца важная для палякаў. Выдатны гісторык Кшыштаф Бухоўскі ясна паказаў, што ўяўленьне пра Літву як пра мітычную прастору фармуецца ў польскай сьвядомасьці яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Літва, якая засталася хай і менш цывілізаванай, аднак захавала адвечную чысьціню, таямніцы прыроды – сьветлая, прыгожая краіна. Бо ж польская эліта, шляхта ганарылася паходжаньнем зь Літвы. Гэта быў як бы знак найвышэйшай пробы. Прыгадайма якога-небудзь славутага польскага дзеяча, і выявіцца, што яго карані зь Літвы. Пілсудзкі быў жмудзін, Жалігоўскі таксама лічыў сябе літвінам. А першым прэзыдэнтам Польшчы быў Габрыэль Нарутовіч – брат Станіславаса Нарутавічуса, падпісанта акту незалежнасьці Літвы. Бабуля папы Вайтылы таксама зь Віленшчыны, былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі таксама ўпіраецца каранямі ў Вільню, а продкі цяперашняга прэзыдэнта Камароўскага нават мелі ў Літве маёнтак.

Вялікая Літва важная і для ўкраінцаў. Бо ж яны й дагэтуль узьнімаюць тосты за «наймякчэйшых акупантаў», г. зн. літоўцаў. Прыгадваючы сваю гісторыю, яны непазьбежна павінны прыгадаць і Літву. І гэта можа служыць магчымасьцю для таго, каб дамовіцца. Дарэчы, падчас «аранжавай рэвалюцыі» нават пісаліся стратэгічныя пляны, дзе згадвалася ВКЛ, а ўкраінская дэмакратызацыя мэтафарычна падавалася як працяг той эпохі.

Вялікая Літва важная і для габрэяў. Ужо ад пачатку ХІХ стагодзьдзя замацоўваецца тэрмін «літвак» – так называлі сябе габрэі, што жылі на тэрыторыі ВКЛ. Ці можна спадзявацца, што такі тэрмін прыжыўся б, калі б Літва – «Літа» – нічога для габрэяў ня значыла? Бо ж хоць царская адміністрацыя нашу краіну больш чым сто гадоў называла «Паўночна-заходнім краем», ніхто ні тады, ні сёньня сябе не называе «паўночназаходнекраёўцам». Вось і творчасьць Арбіта Блата вярнулася не куды-небудзь, а ў Вільню.

Вялікая Літва важная і для беларусаў – у гэтым ніхто не сумняваецца. Бо ж літоўцы нават злуюцца, калі яны Вітаўта Вялікага называюць геніяльным беларускім уладаром і наагул лічаць, што ВКЛ было беларускай, а не літоўскай дзяржавай. Апрача таго, прыгадаем, што гербам Беларусі было ня што іншае, як Пагоня. Гэты герб зьнішчыў Аляксандар Лукашэнка, вырашыўшы, што лепш сваю краіну арыентаваць не на глыбокую мінуўшчыну, а на недалёкую савецкую рэальнасьць. Праўда, сёньня геапалітычныя пазыцыі мяняюцца, і Беларусь паварочваецца да сваёй гісторыі, гісторыі ВКЛ. Дарэчы, на сёлетнім зьезьдзе арганізацыі “Santara-Šviesa” [сусьветны рух літоўскіх лібэральных інтэлектуалаў, да 90-х гадоў дзейнічаў на эміграцыі. – РС] прадстаўнік Беларусі нагадаў, што некалі ў Амэрыцы “Santara” мела лёзунг «тварам да Літвы», дык цяпер “Santara” ў Літве мусіць выступіць зь лёзунгам «тварам да Беларусі».

Вось жа, Вялікая Літва важная і актуальная для бальшыні суседніх з намі народаў. І гэта можа стаць камунікацыйнай прасторай, у якой мы ўсе добра пачуваемся і можам вучыцца адны ад адных і ствараць прыгажэйшую будучыню.

Стварэньне Вялікай Літвы


Мы ня кажам, што трэба аднавіць былое Вялікае Княства Літоўскае, гэта ўтапічная думка. Аднак Вялікая Літва як праект можа існаваць. Яна злучала б ня толькі суседнія народы, але і ўсіх выхадцаў зь Вялікай Літвы: літоўцаў, габрэяў, беларусаў, украінцаў. Трэба зазначыць, што нягледзячы на ўсе галашэньні пра эміграцыю, старыя і новыя хвалі належаць «Вялікай Літве». Літоўскі і эміграцыйны друк заўсёды ганарацца любой літоўскай падзеяй, зборам у любой краіне сьвету. Яны пішуць пра выхадцаў зь Літвы, хай гэта будзе Моцкус з Калюмбіі або Іванаўскас з Уругваю, у якога “заўсёды ў сэрцы Літва”, або нават выдаваны ў ЗША англамоўны часопіс “Lithuanian Heritage”. Іх уклад у Літву і ёсьць тое міжкультурнае двухбаковае пашырэньне сьвядомасьці і тварэньне “Вялікай Літвы”. Ня трэба спрабаваць сьпісваць усіх тых, хто выехаў, нават іх нашчадкаў у трэцім і чацьвёртым калене: яны таксама цікавяцца і нават ганарацца сваімі каранямі. Для параўнаньня: ці Ізраіль адчуваў бы сябе бясьпечным і нават моцным бяз дзейнасьці і дапамогі дыяспары?

Гэта падмурак, на якім можна тварыць нашу Літву. Гэта прастора па-за тэрыторыяй, яна злучае людзей, якія імкнуцца зрабіць больш, чым звычайна. На гэтай падставе можа ўзьнікнуць узаемаразуменьне ня толькі паміж гуманітарыямі, але і прадстаўнікамі сацыяльных навук, бізнэсоўцамі (чаму б не рабіць экскурсіі «Па сьлядах зьніклай імпэрыі» – зь Вільні празь Менск да Кіева?). Урэшце, можа ў гэтым выпадку лепш дамовіліся б і нашы палітыкі? Бо ж сама Вільня была і зноў узьнімаецца як шматкультурны цэнтар.

Магчыма, гэтая ідэя можа больш натхніць наш народ на веру ў будучыню і ў свае сілы, чым цэлая сотня нудных стратэгіяў. Трэба толькі трошкі веры і даверу да сваіх і да суседзяў, а таксама гатовасьці да працы і супрацоўніцтва.

Альгіс Міцкунас – прафэсар унівэрсытэту ў Агаё, найбуйнейшы літоўскі філёзаф у эміграцыі.

Віргініюс Савукінас – спэцыяліст у культурнай антрапалёгіі, працуе ў Літоўскім інстытуце дасьледаваньняў культуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG