Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні цьвік у стары Менск


Праект пабудовы на Нямізе.
Праект пабудовы на Нямізе.
На нядаўнім Нацыянальным фэстывалі архітэктуры «Менск-2011» былі выстаўленыя макеты забудовы цэнтральнай часткі беларускай сталіцы. На іх бачна, што ў цэнтры Менску зьбіраюцца ўзводзіць будынкі-вежы са шкла і бэтону. Адмыслоўцы пратэстуюць, бо навабуды разбураць рэшткі гістарычнага ляндшафту гораду.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, наведаўшы выставу, зрабіў выснову, што пэрспэктывы разьвіцьця Менску вартыя жалю. Па яго словах, значныя бюджэтныя сродкі патрачаныя на распрацоўку праектнай дакумэнтацыі, якая не адпавядае крытэрыям заканадаўства ў галіне аховы гістарычнай спадчыны. Але гарадзкія ўлады ня хочуць гэта прызнаваць, бо тады трэба будзе «прызначаць» адказных — тых, хто нямэтава растранжырыў выдзеленыя сродкі.

Ня маюць аптымізму і іншыя аналітыкі, якія лічаць, што спыніць «бульдозэрную рэстаўрацыю», махавік якой запушчаны на пачатку 2000-х і працуе дагэтуль, складана.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі прыводзіць прыклад сумнеўнага асваеньня тэрыторыі — намер узьвесьці на Нямізе высотную спаруду са шкла і бэтону. Прынамсі ў папяровым выглядзе яе можна было ўбачыць на згаданай архітэктурнай выставе:
Можна зносіць помнікі архітэктуры любой катэгорыі, і мы бачым, што за апошнія 10 гадоў у Беларусі папросту наступіў апакаліпсіс у гэтай сфэры

«Для практыкі, якая сёньня існуе ў Беларусі, законы не пісаныя ў прынцыпе ні для кога. Можна зносіць помнікі архітэктуры любой катэгорыі, і мы бачым, што за апошнія 10 гадоў у Беларусі папросту наступіў апакаліпсіс у гэтай сфэры. Гэта азначае адно: што б там ні было пабудавана, нават калі праект будзе скарэктаваны і будзе не 16 паверхаў, а 8–9, у любым разе гэты гмах дакладна стане ўжо апошнім цьвіком у стары Менск».

Паводле Харэўскага, навабуды ў цэнтры зьнішчаць археалягічныя пласты і сапсуюць тыя помнікі архітэктуры, якія яшчэ засталіся:

«Ужо сёньня трэба з пэўнасьцю сказаць, што на гістарычным абліччы Менску можна паставіць тлусты крыж. Бо, праўдападобна, гэта не апошні будзе хмарачос, не апошняя спаруда, абсалютна не адпаведная ні маштабу, ні фармату, якая перарве візуальныя сувязі паміж іншымі дамінантамі — напрыклад, вежамі Катэдральнага сабору і Чырвоным касьцёлам».

У экспэртаў узьнікаюць пытаньні: чаму ахоўныя зоны, новая забудова ў якіх катэгарычна забароненая, на стадыі ўзгадненьня паміж ведамствамі раптам становяцца будаўнічымі пляцоўкамі пад будучыя хмарачосы?

Дасьледчык гісторыі дойлідзтва Менску Вадзім Гліньнік: «Праблема палягае ў чым? Абсалютна натуральна, што якія б ні былі інвэстыцыі — прыватныя ці бюджэтныя — яны імкнуцца ў гістарычны цэнтар. Тут самая дарагая зямля, тут самыя вялікія патокі. Значыцца, закладзены, інвэставаны сюды рубель вернецца хутчэй і з большым прыбыткам. Гэта агульная ўсясьветная тэндэнцыя і, скажам так, лёгіка грошай. Для таго каб сучасныя інвэстыцыі не разбурылі гістарычны характар гораду — любога, ня толькі Менску — існуе дзяржаўная культурная палітыка. Прынамсі, яна мусіць існаваць як сыстэма стрымліваньня і інвэстыцыяў. У дадзеным выпадку культурная палітыка ў сфэры культурнай спадчыны».

У 1991 годзе Аляксандар Пятроў стаў галоўным ляндшафтным архітэктарам Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму, ад 1997 году — у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, ад 2003-га — галоўны дарадца ў пытаньнях архітэктуры і горадабудаўніцтва ў Савеце міністраў, апошнія чатыры гады — дырэктар «Менскграда».
17 лістапада Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага галоўнага архітэктара Менску. Ім стаў кіраўнік праектнай арганізацыі «Менскграда» Аляксандар Пятроў. Адмыслоўцы выказваюць спадзеў, што зьнішчэньне цэнтру Менску пры ім спыніцца.

Адзін з найбольш аўтарытэтных адмыслоўцаў у галіне горадабудаўніцтва акадэмік Вальмен Аладаў не хавае, што цэніць Пятрова вышэй, чым ягонага папярэдніка на пасадзе — Віктара Нікіціна:

«Спадзяюся, што зь ім можна будзе дамаўляцца. Хоць, канечне, гэта яшчэ не панацэя. Таму што ўся бяда нават ня ў тым, што Нікіцін быў чалавекам беспрынцыповым, а справа ў тым, што вельмі часта так званыя інвэстары, а ў сапраўднасьці — звычайныя бандыты, ідуць дзесьці па вярхах, абыходзяць, падманваюць кіраўніцтва і ўлазяць у такія рэчы, у якія ўлазіць нельга. Ва ўсялякім разе, Пятроў — чалавек нашмат больш прынцыповы, што толькі пойдзе на карысьць агульнай справе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG