Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі чэмпіёнаў




Вестка пра сьмерць Джо Фрэйзіера, шматразовага чэмпіёна сьвету па боксе ў цяжкай вагавой катэгорыі, абляцела на гэтым тыдні ўсе мэдыі сьвету. У 1971 яго легендарны бой з Мухамэдам Алі ў Мэдысан Сквэр Гардэне ў Нью Ёрку па тэлебачананьні глядзела 300 мільёнаў чалавек.

Учора я зрабіў тое, што ня мог зрабіць 40 год таму – паглядзеў усе 15 раўндаў бою на You Tube.

Фрэйзіер, ніжэйшы і лягчэйшы за Алі, зь першай хвіліны атакуе бесьперастанна, бязьлітасна, неадступна, вымотвае праціўніка, скоўвае яго рухі, наносіць бясконцыя ўдары па тулаве, па нырках, па плячах, па галаве, і Алі, які зьдзівіўся таму, што адбылося ў першым раўндзе – ён, якога параўноўвалі са ртуцьцю, танцорам на рынгу, увогуле ня мог баксіраваць – так і застаўся бездапаможна зьдзіўленым да канца, да накдаўну ў апошнім раўндзе і чыстага пройгрышу.


У тыя гады ў мяне і маіх сяброў па сэкцыі боксу кумірам быў Касіюс Клей, ён жа Алі. І ён прайграў – гэта было ня толькі неверагодна, але і загадкава, і трывожна-хвалююча – значыць, можна выйграць і ў такога чэмпіёна?..

Цяпер я магу сказаць – гэта быў ня самы прыгожы бой. Але Фрэйзіера цікавіла не прыгажосьць. Было шмат больш таленавітых баксёраў, чым Фрэйзіер, але, на думку сучасьнікаў, не было больш аддадзенага і моцнага.

– На рынгу я ня б'ю праціўніка – я прымушаю яго караць самога сябе. Бо я ўвесь час блізка. Ён ня можа нікуды падзецца. І раптам – раз – ён ужо стомлены. І ня можа аддыхацца, бо я зноў тут.

Праз чатыры гады сэкунданты Фрэйзіера не дазволілі яму выйсьці на апошні, 15-ты раўнд у новым матчы з Алі – ён фактычна асьлеп і правёў папярэднія два раўнды нічога ня бачучы.

– Гэта было як сьмерць. Самае блізкае набліжэньне да сьмерці, якое я перажыў – сказаў тады Алі, які перамог, але пераможанага ў тым паядынку, які шмат хто лічыць самым вялікім боем у гісторыі боксу, не было.

Мянушка Фрэйзіера – дымны, не з-за колеру скуры, а ад словаў яго першага трэнэра, які перад боем заўсёды казаў:

– Ідзі і, халера, каб ад пальчатак аж дым пайшоў.

Параўнаньні спорту з палітыкай (асабліва ў Беларусі, дзе ўсё – палітыка, нават спорт) – ненавуковы занятак.

Але чалавечы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG