Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс беларускага рубля: і "вілы", і "граблі"...


Зрабіўшы ад сярэдзіны верасьня імклівы скачок у бок афіцыйнага курсу (як лічаць экспэрты, не без дапамогі адміністрацыйных рычагоў уплыву), рубель цяпер гэтак жа хутка страчвае пазыцыі. Па выніках сёньняшняй дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы нацыянальная валюта страціла ў вартасьці адразу 300 пунктаў, і цяпер даляр каштуе 8220 рублёў. Камэрцыйныя банкі таксама гуляюць на паніжэньне — абменныя пункты скупляюць даляры па 8200 рублёў і даражэй.

Амаль празь месяц пасьля пачатку таргоў на дадатковай сэсіі рубель паступова вяртаецца на першапачатковыя пазыцыі. 14 верасьня, з улікам попыту і прапановы на замежныя валюты, рынкавы курс зафіксаваўся на лічбе 8600 рублёў за даляр. Цягам наступных тыдняў, насуперак усясьветным тэндэнцыям, рубель толькі ўмацоўваўся, ушчыльную наблізіўшыся да сямітысячнай мяжы. Аднак, як кажа навуковец-эканаміст, акадэмік Генадзь Лыч, на гэтым рублёвая трываласьць лягічна скончылася:

"Ну, так, рубель абваліўся. А што, былі варыянты? Разумееце, эканоміку ніколі не вырашаюць па-ленінску. Гэта значыць — знайсьці адно зьвяно
Наш ланцуг такі іржавы, што калі за адно зьвяно возьмесься, дык ён увесь разваліцца...

ў ланцугу, за яго ўчапіцца і цягнуць. Наш ланцуг такі іржавы, што калі за адно зьвяно возьмесься, дык ён увесь разваліцца. Таму трэба адразу за ўсе зьвёны браць і акуратна, акуратна ўсё падымаць. Тое ж тычыцца і валютнага рынку. Калі б адначасова з гэтым нешта рабілася дзеля таго, каб у эканоміку, у грашовы абарот больш за ўсё траплялі рублі, то сытуацыя была б іншая. Ну, напрыклад, каб тавары насельніцтва магло купляць. Не палацы каб будавалі, а выраблялі такую прадукцыю, якую народ спажывае і за якую жывыя грошы плаціць. Не бяжыць па даляры, а рублём карыстаецца. А само па сабе гэта ня зробіцца, тым больш — ніхто ж не працуе над тым, каб эканоміку разьвіваць. На жаль, гэта так".

Адмыслоўцы перакананыя: стабільнасьці на фінансавым рынку можна дасягнуць толькі ўзгодненымі захадамі па ўсім эканамічным фронце. Перадусім праз спыненьне эмісіі — друкаваньне нічым не падмацаваных грошай. Але, рапартуючы пра кансэрвацыю плянаў выхаду на сярэдні заробак у 500 даляраў, улады трацяць мільярды рублёў на аднаразовыя выплаты рабочым, дзяржаўным службоўцам, кампэнсацыю пэнсіяў. Шмат хто з аналітыкаў перакананы: калі спадзяваньне на замежныя крэдыты застанецца марным, пустая рублёвая маса зноў заліе беларускую эканоміку.

На думку эканаміста Ўладзімера Карагіна, пры зладжанай працы ўлады і грамадзтва на ліквідацыю наступстваў валютнага крызісу можа пайсьці 2—3 гады. У іншым выпадку застой можа расьцягнуцца на неакрэсьлены тэрмін:


Уладзімер Карагін
Уладзімер Карагін
"Нарэшце перасталі выплачваць незаробленую заработную плату, што сыстэматычна адбывалася цягам апошніх двух гадоў. Гэта калі рост аплаты працы перавышаў прадукцыйнасьць самой працы на прадпрыемствах. Мы памятаем, як дырэктараў нават прыватных кампаній выклікалі "на дыван" у райвыканкам і казалі: чаму не выплачваеш сярэднія 500 даляраў? І не прымаліся ніякія аргумэнты, што людзі столькі папросту не зараблялі на прадпрыемствах, што няма такой даходнасьці. То бок больш дзейнічае рэалізм, але падкрэсьліваю: ня меней за два гады, а можа, і ўсе тры гады запатрабуюцца пасьлядоўнай працы, каб пераадолець тыя дысбалянсы, якія ўзьніклі на валютным, таварным рынках, на рынку працы і шмат якіх іншых. На жаль, пакуль адзінства ў дасягненьні гэтай мэты няма".

Зьбядненьне насельніцтва ўва ўмовах абясцэньваньня рубля спрычынілася да павелічэньня колькасьці праблемных плацяжоў. Перадусім гэта тычыцца своечасовага пагашэньня крэдытаў, якія людзі набралі цягам мінулых гадоў ува ўмовах "стабільнасьці". Каб не ствараць дадатковых складанасьцяў, банкі згортваюць крэдытныя праграмы альбо "зараджаюць" такія працэнты, што выплаціць пазыку амаль нерэальна. А напярэдадні найбуйнейшы дзяржаўны "Беларусбанк" спыніў выдачу ільготных крэдытаў на будоўлю жытла.

Усё складаней плаціць па рахунках ня толькі фізычным асобам, але і вытворцам. Кіраўнік клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін кажа, што палітыка рэфінансаваньня, якую праводзіць Нацыянальны банк, можа прывесьці да фактычнага "забойства" экспартэраў:


Андрэй Карпунін
Андрэй Карпунін
"Падвысіўшы стаўку рэфінансаваньня, мы робім для эканомікі крэдытныя рэсурсы проста недасяжнымі. Якое вытворчае прадпрыемства зможа вытрымаць пры стабільным курсе (а мы ж гаворым, што празь месяц выйдзем на стабільны курс) стаўку па крэдытах у 50%? Мы рэальна заб'ем нашу вытворчасьць. Нават калі прадпрыемства хоць неяк будзе цялёпкацца, яно гэтыя працэнты занясе ў сабекошт прадукцыі. І потым мы выскачым на тое, што ў нас экспарт упадзе, бо неканкурэнтаздольнай стане прадукцыя для экспарту. Карацей, тут такія вілы і такія граблі, што павінна быць ня толькі надзвычай складная праца паміж уладамі, але вельмі ювэлірная і тонкая. Ад гэтага залежыць, возьмем мы плянку ў 20 000 за даляр ці ўсё ж затрымаемся на нейкай лічбе ў 7500—8000 і пэўны пэрыяд будзем жыць у шчасьці?".

Пакуль рубель трасе на біржы, камэрцыйныя банкі намагаюцца скупіць замежную валюту, навыперадкі выстаўляючы выгаднейшыя курсы. Калі яшчэ раніцай мала дзе можна было здаць даляр нават па 8000 рублёў, то ў сярэдзіне дня "Франсабанк" ужо завабліваў лічбай у 8280.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG