Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Немагчыма апускаць курс і кідаць столькі трыльёнаў у эканоміку"


Кіраўнікі ўраду Беларусі сёньня заявілі, што гатовы прыслухацца да дзелавой супольнасьці, каб разам шукаць выйсьце з фінансава-эканамічнага крызісу. Між тым, прадстаўнікі прадпрымальніцкіх структураў ня вельмі вераць у шчырасьць такіх абяцаньняў, паколькі досьвед папярэдніх паўтара дзясятка гадоў сьведчыць зусім пра іншае стаўленьне ўлады да бізнэс-клясу.

У Менску адбылося пашыранае паседжаньне прэзыдыюму Савету міністраў з удзелам прадстаўнікоў дзелавых колаў. Падчас абмеркаваньня Нацыянальнай плятформы бізнэсу прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч прызнаў, што ў сувязі з карэкцыяй абменнага курсу спынілі працу многія фірмы-пасярэднікі, чыстыя імпартэры. Але назваў гэта аб'ектыўным працэсам, падкрэсьліўшы, што ўрад вызначыў прыярытэтам стымуляваньне вытворчага і інавацыйнага бізнэсу, перапрацоўчых прадпрыемстваў, сфэру паслугаў. Гэтым кірункам абяцанае першачарговае спрыяньне ў дзейнасьці. Прэм'ер-міністр таксама заявіў, што ўлада гатова ўлічыць прапановы бізнэс-супольнасьці.

Удзельнік нарады, старшыня Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў Уладзімер Карагін да чарговых абяцаньняў паляпшэньня бізнэс-клімату ставіцца з пэўнай доляй скептыцызму. Цягам папярэдніх паўгода ўлады ўжо прадэманстравалі неразваротлівасьць у справе вырашэньня валютнай праблемы, пры гэтым усе прапановы прадстаўнікоў бізнэсу былі праігнараваныя. А ва ўмовах непрадказальнасьці бізнэс працаваць ня можа:

Уладзімер Карагін

"Ёсьць няўпэўненасьць з-за незразумеласьці пасьлядоўнасьці захадаў ураду, калі бізнэс ня можа нешта спрагназаваць ня толькі на год-два наперад, але нават на тыдзень! Натуральна, што ў такіх умовах можна гаварыць пра падвышаную рызыку дзейнасьці. Вось зараз, прыкладам, заключаюцца кантракты на пастаўку сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых на 2012 год. І што закласьці прадпрымальнікам сёньня ў разьлікі – вялікае пытаньне. Да каго зьвяртацца – да гадалак? Бо ўрад на гэтую тэму проста маўчыць. Канечне, у Беларусі адміністрацыйны рэсурс мае значны патэнцыял. Гэта зьвязана са спэцыфічнай структурай выканаўчай улады, непасрэдным уплывам на шэраг жыцьцёва важных працэсаў у нашай краіне – куды ў большай ступені, чым у іншых дзяржавах. Але ж ня толькі гэтым рэсурсам усё павінна абмяжоўвацца".

Эканаміст Віктар Цярэшчанка не выключае, што з дапамогай бізнэсу ўрад разьлічвае вырашыць мэркантыльныя задачы – залатаць бюджэтныя дзіркі, зь якімі немагчыма прэтэндаваць на зьнешнія пазыкі. Аднак ён ня верыць, што ўлады, якія больш за паўтара дзясятка гадоў ігнаравалі прадпрымальнікаў, раптам пачнуць ім дапамагаць:

Віктар Цярэшчанка

"Я проста зьдзіўлены паводзінамі, а дакладней – бязьдзеяньнем нашых ўладаў, прыняцьцем абсалютна неадэкватных, згубных, няправільных рашэньняў, якія ўшчамляюць прадпрымальнікаў і ўвогуле вытворцаў. І гэта на тле немагчымасьці нават мінімальнага кантролю за дзейнасьцю ўладаў з боку грамадзкасьці. Што ж гэта насамрэч робіцца? Ну, чаму імпартэры ня могуць нармальна завезьці тавар, мусяць закладаць у канчатковы кошт непрагназаваныя рызыкі? Сёньня гаворка пра сур'ёзныя рэчы, гэта ж ня жартачкі. Я ўжо не кажу пра камплектуючыя па крытычным імпарце: машыны і мэханізмы, лякафарба ці проста вырабы пад камплектуючыя для прамысловасьці – усё гэта ўжо адбілася на кошце і якасьці прадукцыі, якая сёньня яшчэ прадаецца за мяжой, бо ўжываецца штучны дэмпінг. Але ж зразумейце: бясконца так працягвацца ня можа!".

Адной з галоўных умоваў эфэктыўнай працы самі прадпрымальнікі называюць стабільнасьць на фінансавым рынку. Аднак друкаваньне пустых грошай пад перадвыбарныя "500 даляраў сярэдняга заробку" прывяло да таго, што Беларусь калі і займае першыя радкі ў нейкіх рэйтынгах, то выключна зь негатыўным падтэкстам. Усясьветны лідэр у памерах дэвальвацыі рубля, рэгіянальны "пераможца" у тэмпах інфляцыі, чэмпіён у абяцаньнях чыноўнікаў выйсьці на раўнаважны курс цягам "месяца-двух".

Дарэчы, сёньня ўпершыню за тры тыдні прыпыніўся рост рубля на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы. Амэрыканская валюта падрасла на 20 рублёў, зафіксаваўшыся на адзнацы 7650 рублёў. Як лічаць экспэрты, дасягнуўшы дна, цяпер рубель, хутчэй за ўсё, будзе абясцэньвацца, а памеры падзеньня залежаць ад таго, колькі валюты гатовае адшкадаваць кіраўніцтва краіны на інтэрвэнцыі. Гаворыць старшыня клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін:

Андрэй Карпунін

"Усё будзе залежаць ад таго, колькі ў іх ёсьць грошай для інтэрвэнцый, як хутка яны прададуць "Белтрансгаз", МТС; куды яны хочуць патраціць мільярд ад "Сбербанка" – проста ў чыстым выглядзе пакладуць у ЗВР ці ўсё ж пачнуць задзейнічаць яго ў эканоміцы? Тут увогуле шмат такіх нюансаў".

Карэспандэнт: "Пры іхным патэнцыяле да якой рысы можна курс апускаць?".

"Тут невялікая закавыка. Яны заўсёды робяць тое, што ім хочацца. І я б сказаў, што ў іх гэта амаль заўсёды атрымліваецца. Зараз яны могуць абвясьціць, што хочуць курс у 4000 і рэальна апусьціцца да яго. Але эканоміка можа гэтага не дараваць і ўсе бякі вылезуць дзе-небудзь за вуглом. Бо немагчыма апускаць курс і пры гэтым кідаць столькі трыльёнаў у эканоміку: 2 трыльёны так званых "гароднінных", яшчэ некалькі трыльёнаў – гэта ў нас фінансаваньне дзяржаўных праграмаў і сельская гаспадарка. І гэта толькі ў кастрычніку. Асабліва што тычыцца згаданых "гароднінных".

На першае пасьля 14 верасьня ўмацаваньне даляра на дадатковай сэсіі адрэагавалі камэрцыйныя банкі. Пасьля адкату на пазыцыі меней чым 7500 рублёў за даляр сёньня банкаўскія ўстановы адкарэктавалі курс да 7700. Экспэрты лічаць, што банкі хочуць скупіць максымальную колькасьць валюты, каб мець падушку бясьпекі ў выпадку істотнага абясцэньваньня рубля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG