чацьвер, 23 лютага 2012, Менск 03:23

Блогі / Віктар Марціновіч

Tвар за аватарам

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Здаецца, ёсьць адзін просты адказ на пытаньне пра тое, чаму сквалелі вулічныя маўклівыя пратэсты. Іх патэнцыйныя ўдзельнікі ўцямілі, — нават ня ўцямілі, а скурай адчулі, — адну вызначальную рысу байнэту. Так, так, байнэту, гаворка тут пойдзе менавіта пра байнэт, бо маўклівы пратэст ён на вуліцы толькі працягваецца, а пачынаецца ён не на вуліцы, а ў Сеціве, з аднаго кліку пад анансаваным мерапрыемствам на старонцы «ВКонтакте» ці Facebook. Дык вось, рызыкну заявіць, што асноўнай адметнай асаблівасьцю нашага Сеціва зьяўляецца адсутнасьць таго, што вызначае Сеціва ва ўсіх астатніх краінах (калі краіны ды межы наогул ёсьць у Сеціве). Я кажу пра віртуальнасьць.

Virtual means virtue


Высілкамі праваахоўных ворганаў байнэт перастаў быць віртуальнай рэальнасьцю. У ім не захавалася нічога віртуальнага. Разумееце, кожны раз, калі сядаеш пісаць нешта каляпалітычнае на Facebook ці ў Livejournal, адчуваеш на патыліцы позірк «саатвецтвуюшчых ворганаў». Усе нашыя стылістычная экспэрымэнты на тэму рэжыму праходзяць як быццам пад назіраньнем процьмы камэраў, праслуховак, кожны наш крок адсочваецца ды сэйвіцца — на ўсялякі выпадак, той, калі намі зацікавяцца ўжо яўна, з усчатай крымінальнай справай. Так, гэта нашае ўяўленьне, параноя, калі жадаеце. Аднак дзяржава робіць усё, каб паглыбіць яе.

Нагадаю, згодна з 60-м дэкрэтам, інтэрнэт-правайдэр абавязаны ідэнтыфікаваць нават мадэмы, з дапамогай якіх мы маем дотык да Сеціва, ён мусіць захоўваць гісторыю нашых актыўнасьцяў ды забясьпечваць яе па першым запыце з праваахоўных ворганаў, кола якіх вельмі шырокае.

Да вобшукаў у Ліпковіча, затрыманьня Паўлюкевіча, які мадэраваў старонку маўклівых пратэстаў «ВКонтакте», да выклікаў на размовы шматлікіх юзэраў, што крытыкавалі рэжым на ўласных старонках ды ў камэнтах да «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі», дык вось, да ўсяго гэтага — было адчуваньне, што можна схавацца за аватарам, за нікам зь некалькіх літараў ды лічбаў, і ніхто і ніколі да цябе ня прыйдзе.
Віртуальнасьць беларускага Сеціва працуе ў адзіны бок — у бок ананімнасьці тых дзяржаўных троляў, якія флудзяць пад рознымі мянушкамі адразу на тузіне каляпалітычных сайтаў.
Пасьля ж гэтых вобшукаў ды затрыманьняў, размоваў ды допытаў — адчуваньне, што віртуальнасьці больш няма. Віртуальнасьць беларускага Сеціва працуе ў адзіны бок — у бок ананімнасьці тых дзяржаўных троляў, якія флудзяць пад рознымі мянушкамі адразу на тузіне каляпалітычных сайтаў. Мы іх зафіксаваць ня можам, яны нас — фіксуюць і запрашаюць да сябе за першую нашую памылку.

Зроблена ўсё для таго, каб карыстальнік байнэту ў любы момант свайго гаротнага існаваньня адчуваў сябе не віртуальнай істотай — ананімнай, свабоднай, няўлоўнай, аднак — «фізічэскім», як тыя кажуць, «ліцом», з хатай, якую можна абшукаць, з працай, зь якой могуць пагнаць з-за скасаваньня кантракту, зь целам, якое можна пазбавіць волі, з ныркамі, якія можна адбіць. Гэтае адчуваньне карыстальнікаў — адно з унікальных беларускіх вынаходніцтваў, якім трэба ганарыцца больш, чым беларускім спадарожнікам ці будынінай Нацыянальнай бібліятэкі: такога сапраўды няма нідзе.

Вяртаньне да нефізЫчнага


Кажуць, Інтэрнэт не разумее межаў. Любы карыстальнік знаходзіцца ва ўніфікаванай лічбавай прасторы, якая падпарадкоўваецца адзіным законам. Гы-гы, сьмешна. Прастора, можа, і адзіная, аднак не для тых, чые пальцы ды целы фізычна знаходзяцца ў Беларусі. Можа, яна і лічбавая, аднак наступствы — вельмі ж фізычныя.

Нельга сказаць, што нашыя калегі з краінаў, якія знаходзяцца вышэй за Беларусь у сьпісах ворагаў Інтэрнэту, не прапанавалі шляхі выйсьця. Пра тое, як вярнуць сабе віртуальнасьць ва ўмовах, набліжаных да беларускіх, напісаныя манаграфіі ды практычныя дапаможнікі. Той, хто шукае (г.зн. — той, хто ўсьведамляе рэчы, выкладзеныя вышэй), сам усё знойдзе. Тут прывядзём некалькі парадаў з тлумачэньнямі.

1. Ананімайзэры ды проксі. Самы хуткі шлях да паглыблення ўласнай параноі — ды ня больш. Ва ўмовах, калі дзяржава імкнецца ідэнтыфікаваць «варожых» карыстальнікаў яшчэ на этапе ўваходу ў Сеціва — гэта сьмешна. Вось, напрыклад, я пішу гэтыя радкі, далучыўшыся да Інтэрнэту праз 3G-мадэм, які можа быць запісаны на пашпарт карыстальніка зь іншым прозвішчам, аднак любому спэцу з ААЦ, пры наяўнасьці жаданьня, будзе нескладана выявіць ID-нумар мадэма праз history маёй крэкнутай пошты ды аналіз IP, зь якіх я заходзіў на яе. Можна шыфравацца праз проксі, аднак факт у тым, што юнакоў, якія праз проксі ўдзельнічалі ў працы групы «ВКонтакте» знаходзілі вельмі хутка. І той факт, што яны працавалі пад іншымі прозвішчамі ды нікамі, ім ня вельмі дапамагаў. Карацей, самы эфэктыўны проксі для беларусаў — квіток да Вільні ды візыт у інтэрнэт-клюб.
Самы эфэктыўны проксі для беларусаў — квіток да Вільні.

Пажадана — у непрыкметнай вопратцы ды зь вялікімі чорнымі акулярамі на твары — хто ж ведае, можа, там таксама вядзецца відэазапіс. Карацей, кажу: усё гэта самы хуткі шлях да паглыблення ўласнай параноі.

2. Быць цацай і не гарэзьнічаць. Кніжкі кажуць: жадаеце нешта муціць у нэце ў краінах з абмежаванай свабодай? Дык не заклікайце да гвалтоўнага зьвяржэньня ўлады, не крытыкуйце аяталу, карацей, рабіце ўсё ў адпаведнасці з законам. Дарэчы, менавіта на гэтым пісаным правіле і была заснаваная магія першых маўклівых пратэстаў. У Сеціве зьявілася падзея, усе пачалі яе сабскрайбіць, бо яна не парушала грамадзкага парадку. Хлопцы прапаноўвалі выходзіць ды маўчаць. Гэта было законна і бясьпечна. Што адбылося далей, усе мы памятаем. Межы бясьпечнасьці і небясьпечнасьці былі пераблытаны хлопцамі з надпісам «милицыя» на сьпінах. Апынулася, што стаяць і маўчаць таксама злачынства. Дарэчы, Сеціва зараз ліхаманкава шукае новыя формы пратэстаў, якія злачынствам ня будуць. Ці нейкі час ня будуць. Гэта як з ШОСам. Першыя паўгоду за гэта не каралі, бо незразумела было, у чым тут злачынства, узгадваць тую Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва... Потым дапёрлі, і з афіцыйных форумаў ШОС пачалі падціраць. Аднак дагэтуль ягоны крымінальны статус дакладна ня вызначаны. Сеткавай рэвалюцыі патрэбна нешта кшталту гэтага: каб большасьці дасьведчаных было зразумела, пра што маўчым, аднак сам факт маўчаньня быў легальным. Калі такое знойдзецца-вынайдзецца, Сеціва зноўку ператворыцца ў крыніцу масавай мабілізацыі. Пакуль жа сабскрайбіцца на падзеі пад уласным ці фэйкавым акаўнтам неяк нэрвовенька. Лепей у старонцы паназіраць.

3. Разам нас багата? Здаецца, гэта самая пэрспэктыўная парада для вяртаньня віртуальнасьці ў Беларусі. Сэнс у тым, што калі сабскрайбэраў «Маршу мільёнаў» «ВКонтакте» было 40 тысяч, у дзяржавы ды дэбэ не было фізычнай магчымасьці прыцягнуць усіх да адказнасьці ці нават запрасіць на знаёмства. Як толькі старонка была выдалена і сабскрайб узнавілі ня так шмат удзельнікаў, кожны зь іх адчуў сябе як быццам аголеным. 40 тысяч — гэта гурба, туса, талака. Гэта больш, чым ёсьць патэнцыйных дапытвальнікаў. 20, 40, 100 тысяч чапаць ня будуць. Будуць шукаць галоўных ды ціснуць на іх. Аднак шараговым Васям, Пецям і Жорам удзельнічаць адносна бясьпечна: да іх справа дойдзе апошнімі. Гэта як з чарадой дробных рыбінак — пакуль шчупак вырашыць, якую зь іх зьесьці, тыя рыбінкі ўжо драпануць у розныя бакі. Іншая справа, як заахвоціць людзей у Сеціве далучацца, каб купка юзэраў у хуткім часе сталася менавіта вялікай тусай.

Аднак гэта ўжо асобная размова.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: petr petrovich Горад:: Pruzany
24.09.2011 22:14
No sait Prokopovi.ch dostatochno bystro sobral "moguchuyu kuchku" lyudey, kotorye smelo registrirovalis tam ne boyas goneniy za nezakonnye valyutnye operacii. Znachit poka ne budet vygodno "ne boyatsya" - budut boyatsya!
Адказаць

Імя:: Віктар Марціновіч Горад:: Менск
25.09.2011 17:42
Вы маеце на ўвазе асабістую фінансавую зацікаўленасць? Ну дык здаецца гэта толькі адзіны з тузіны шляхоў "уключэння" ды "заахвочвання" юзераў.

Імя:: Николай
25.09.2011 20:55
Основная беда - это малочисленность и разрозненность. Когда нету организации, когда не знаешь, кто стоит с тобой рядом - тогда появляется страх. Так рушаться 40-50 тысячные сообщества после одного ареста и пары десятков профилактических бесед и сотни мелких пакостей. Виртуальность сама по себе - это ничто, на то она и виртуальность. Она имеет смысл, если служит придатком, а не заменой, реальности. А вот с этим у всех этих революций через сети и т.д. большие проблемы. Липкович по-моему и ставил такую цель почти год назад, проверить насколько в белорусских условиях виртуальный авторитет трансформируется в нечто осязаемое в реальности. Выводы были неутешительными. Сейчас тем же занимаются всякие диановы, только из-за экспериментов Липковича никто не пострадал, а из-за деятельности всей этой шушары рушатся жизни реальных людей.
Адказаць

Імя:: Віктар Марціновіч Горад:: Менск
26.09.2011 12:57
У нашых умовах лепей адсочваць як віртуальны аўтарытэт трансфармуецца ў рэальныя траблы :) Дарэчы, уся гэтая тэма з адсутнасцю віртуальнасці актуальная толькі для наведвальнікаў каляпалітычных сайтаў. Удзельнікі форумаў на Мама.бай са мной жэстачайшэ не пагадзяцца - яны ніякага дэананімайзінга не заўважаюць...
Адказаць

Імя:: Корчагин
27.09.2011 08:29
Есть ещё одна беда. Появление в сети Николаев.
Появляются они во всех диктаторских странах.
В Сирии на сирийского Лукашенко работает целая армия Николаев.
Они называют себя "Интернет армия."
У нас Николаи бойцы армии Лукашенко.
Они вроде играют против Лысого, но осуждают всякое сопротивление Плешивому.
Мол, это бесполезно, это опасно, это глупо. Это приведёт к российской окупации и прочий идиотизм.
Этим в оппозиции занимались и занимаются Милинкевич и БНФ.
Влияние милиянусоппозиционеров минимальное, и тогда Плешивый решил запустили в сеть "борцов с Лукашенко" Николаев.
Появилось их очень много в последнее время.
Это связано с тем что аресты не помогают, приводят к конфликту с европейцами и Лука посылает Николаев, Антосей и прочих "борцов за незалежнасць" пропагандировать бессмысленность борьбы с ним.
Адказаць

Імя:: Віктар Марціновіч Горад:: Менск
27.09.2011 12:02
Я чувствую себя не в курсе: возможно это дискуссия началась раньше и в другой ветке. Но мне кажется Николай не сказал ничего из ряда вон выходящего. Мне кажется человек имеет право критиковать стратегии оппозиции - ровно также, как должен иметь и право высказывать критические мысли о власти...