Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія арганізацыі Польшчы не задаволіліся выбачэньнямі


Прадстаўнікі беларускіх арганізацый у Польшчы будуць патрабаваць ад генэральнага пракурора пакараць вінаватых у выдачы дакумэнтаў беларускаму боку, а таксама спыненьня дзеяньня дамовы аб прававой дапамозе паміж Польшчай і Беларусьсю.

Афіцыйны Мінск выкарыстоўвае гэтую дамову для перасьледу беларускай апазыцыі – сказаў у інтэрвію Радыё Рацыя актывіст беларускага руху ў Варшаве, старшыня Беларускай Нацыянальнай Памяці Анатоль Міхнавец:

- Па выніках таго, што адбываецца, справа Алеся Бяляцкага, справа Андрэя Жукаўца і справы іншых беларусаў ­ палітычных уцекачоў, якія на працягу доўгіх гадоў ня могуць атрымаць прытулак, а атрымоўваюць толькі праблемы, узьнікае ўражаньне, што тут ёсьць карупцыянэры, ці тыя, хто працуюць на замову беларускіх спэцслужб. Мы хочам, каб улады Польшчы з гэтым разабраліся, тыя людзі павінны панесьці адказнасьць. Будзем рабіць звароты, ужо падрыхтавалі зварот, у прыватнасьці да генэральнага пракурора. У ім мы просім тлумачэньняў, пішам наконт гэтай дамовы. Таксама будзем зьвяртацца да дэпутатаў Сэйму, да дэпутатаў Эўрапарлямэнту, каб нешта было зроблена. Акрамя слоў, акрамя прабачэньняў – гэтага мала і гэта проста словы.

Як паведаміў Анатоль Міхнавец, актывісты зь Беларусі разам з польскімі арганізацыямі, якія працуюць на карысьць дэмакратыі, накіруюць таксама заявы палітыкам. Мэта зваротаў - «каб Варшава выпрацавала прававыя мэханізмы з афіцыйным Мінскам і пасьлядоўна іх прытрымлівалася, каб такія памылкі, як зь Бяляцкім, болей не маглі паўтарыцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG