Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Кавалёў: Хто я такі, каб судзіць?


Сяргей Кавалёў
Сяргей Кавалёў
Вызваленьне дзевяці беларускіх палітвязьняў мы папрасілі пракамэнтаваць Сяргея Кавалёва, вядомага дысыдэнта савецкіх часоў, які правёў у зьняволеньні і ссылцы 10 гадоў. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Дракахруст: У Беларусі вызваленыя дзевяць чалавек, асуджаных па справе 19 сьнежня. Паведамляецца, што ўсе яны напісалі прашэньні аб памілаваньні. Як вы ставіцеся да гэтага, як ставіліся да гэтага ў дысыдэнцкія часы?

Кавалёў: Я ня ведаю як. У дысыдэнцкія часы, якія вы прыгадалі, ніякіх памілаваньняў не было. Памілаваньнем часам афармлялася спыненьне крымінальнага перасьледу, нават да суду, калі падсьледны ішоў насустрач уладам, выяўляў слабасьць і гатовы быў у чымсьці раскаяцца, нешта абяцаць. Ні ў якіх іншых выпадках памілаваньня ў тыя часы не было. Я далёкі ад думкі казаць, што дзевяць вашых палітвязьняў праявілі такую слабасьць. Хто я такі, каб судзіць аб гэтым? Ёсьць старая зэкаўская прымаўка – за базар адкажаш. Дык я не хачу базарыць. Ніякіх гіпотэз на гэты конт я рабіць не зьбіраюся.

Верагодна, што нічога такога не было, а 9 з прыкладна 40 выбралі па нейкіх меркаваньнях, скажам, зусім ужо пустыя былі справы. Тады гэта сьведчаньне слабасьці, няўпэўненасьці, ваганьняў, страху.

І ў Лукашэнкі ёсьць падставы для гэтага страху. Бо ж ён ведае пра сябе больш, чым многія зь яго абвінаваўцаў.

Можа быць гэтыя памілаваньні - гэта манэўр, супакоіць зьнешнюю крытыку, маўляў, бачыце, мы ж ня зьверы.

Дракахруст: Я прыгадваю, што ў першыя гады кіраваньня Гарбачова, на пачатку перабудовы многім прапаноўвалі пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Кавалёў: Не прапаноўвалі, а вымагалі. Вымагалі, каб людзі напісалі хаця б што-небудзь. На шчасьце і да гонару тых людзей, якія вызваляліся тады, амаль ніхто не пагадзіўся пісаць што б то ні было. Вы мяне пасадзілі, хочаце выпусьціць - выпускайце. Я злачынстваў не рабіў, так што размова не да мяне, што я больш ня буду - я ніколі гэтага не рабіў. Такая была пазыцыя многіх.

Я памятаю, як выпіхвалі Тацяну Веліканаву са ссылкі. А яна казала - калі вы мяняеце санкцыю, мяняйце, а так я не паеду. Ды ня трэба нічога пісаць, вы проста ад'яжджайце. Як ад'яжджайце - у мяне тэрмін ня скончыўся. Нарэшце нам удалося яе ўламаць, калі яна прыехала ў Маскву на пахаваньне сястры.

Людзі тады калі і падпісвалі нешта, то такога кшталту: я як не прызнаваў сябе вінаватым, так і не прызнаю, як раней не рабіў злачынстваў, так і ў будучыні ня буду. І гэта цалкам падыходзіла. Пакаяньняў, здаецца, ні ад кога не дамагліся.

Хаця раней былі такія выпадкі... Але што судзіць слабасьць чалавечую? Такіх выпадкаў было шмат. Ня большасьць, але былі.

Сяргей Адамовіч Кавалёў (нар. 2 сакавіка 1930 Сярэдзіна-Буда, Сумская вобласьць) - савецкі дысыдэнт, удзельнік праваабарончага руху ў СССР і постсавецкай Расеі, расейскі палітычны і грамадзкі дзеяч.

Упаўнаважаны па правах чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі ў гадах 1994-1995. Вядомы сваімі перамовамі з чачэнскімі баевікамі і тэрарыстамі падчас першай чачэнскай вайны.

28 сьнежня 1974 году Кавалёў быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў «антысавецкай агітацыі і прапагандзе». У сьнежні 1975 году суд асудзіў яго на 7 гадоў лягераў строгага рэжыму і 3 гады ссылкі. Тэрмін адбываў у Скальнінскіх (Пермскіх) лягерах і ў Чыстапальскай турме; у ссылку быў адпраўлены на Калыму. Па адбыцьці тэрміну ссылкі пасяліўся ў горадзе Калініне (Цьвер). У Маскву вярнуўся ў 1987 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG